Сардэчная мова нябёсаў — вершы Анатоля Сыса (з прадмовай Алеся Бяляцкага)

Прарок свабоды і незалежнасці. Прадмова Алеся Бяляцкага


Ёсць горкая іронія ў тым, што пісаць пра невядомыя вершы Анатоля Сыса – майго сябра і геніяльнага беларускага паэта канца ХХ-га стагоддзя, які ў сваім жыцці найбольш цаніў свабоду, прыходзіцца седзячы ў камеры. Жалезныя дзверы і ваконныя краты густа захіснутыя жалезнымі гарызантальнымі палосамі, якія тут ласкава называюць “раснічкамі”, за імі ў шчыліны праглядаецца распілаванае бяздоннае вераснёўскае неба і белыя ватныя аблокі. Колькі разоў ужо, стоячы ля вакна і ўглядаючыся ў заманлівую сінечу неба, я паўтараў сам сабе: “Вось воблака, сяду і ў свет палячу!” Калі не целам, дык думкамі і душою. І ёсць у гэтым маім пісанні вышэйшы сэнс, бо душа мая зараз дакладна наладжаная ва ўнісон Анатолевым вершам. І хто ж як не ён навучыў мяне некалі шанаваць свабоду і даражыць ёй. Гэтае ягонае ўнутранае і вонкавае разняволенне, незалежнасць, якія праяўляліся і ў штодзённых паводзінах, і ў стасунках з людзьмі, натуральна пераходзілі ў ягоныя вершы. За гэта мы шанавалі Анатоля, за гэта яго не любілі людзі абмежаваныя і залежныя.


Увосень мінулага году, падчас штогадовага паэтычнага свята ў гонар Анатоля Сыса на радзіме паэта ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна, я і зямляк Анатоля паэт і журналіст Сяржук Сыс, даведаліся ад роднай сястры Анатоля Тамары Ціханаўны пра існаванне неразабранага архіву Анатоля Сыса. Падчас прагляду яго я заўважыў невядомыя вершы паэта. Для нас гэта было моцнай неспадзяванкай, неверагодным сюрпрызам, у які з першага разу цяжка было паверыць, бо Анатоль, жывучы ў Менску, неаднойчы распавядаў пра тое, што спаліў свае юнацкія вершы. Хаця, ведаючы нястрымную ахвоту Анатоля да розных жартаў і розыгрышаў, я мяркую, што гэтая містыфікацыя якраз і была ў ягоным стылі.

Перадаваць знойдзеныя вершы для публікацыі без прысутнасці паэта і нашага сябра, заснавальніка і натхняльніка паэтычнага свята ў Гарошкаве Эдуарда Акуліна, Тамара Ціханаўна не адважвалася. Таму, пасля тэлефонных дамоўленасцяў, 9-га траўня 2011 году мы з Эдуардам выбраліся ў Гарошкаў, дзе сустрэліся з Тамарай Ціханаўнай. Перабіраючы друкапісы і рукапісы, мы канчаткова пераканаліся, што перад намі вершы, пародыі і пераклады, большасць з якіх мы некалі чулі з вуснаў Анатоля Сыса ў нашыя юнацкія студэнцкія гады.

Асобна ў невядомай спадчыне паэта можна вылучыць машынапіс зборніка вершаў пад назовам “Берагі майго юнацтва” (іншая верагодная назва – “Манускрыпт майго юнацтва”) з раздзеламі “Бераг правы” і “Бераг левы”. Нажаль, старонкі пераблытаныя і няма зместу зборніка, таму нельга вызначыць як дакладна былі размеркаваныя вершы па гэтых раздзелах. Зборнік складаюць творы, напісаныя Анатолем Сысом падчас вучобы ў Гомельскім універсітэце ў канцы 70-х, пачатку 80-х гадоў.

Анатоль Сыс адсылаў свой зборнік на рэцэнзію. Захавалася частка канверта з пячаткаю Саюза пісьменнікаў Беларусі, з чаго можна зрабіць выснову, што зборнік дасылаўся менавіта туды. Нажаль рэцэнзія, падрыхтаваная Фёдарам Яфімавым, якая таксама знайшлася ў архіве, была адмоўнаю. Гэта, мабыць, і паслужыла прычынаю, чаму гэтыя вершы патрапілі ў тумбачку бацькоўскай хаты паэта. Толькі два вершы адсюль пазней былі апублікаваныя ім.

Чытаючы знойдзеныя вершы з вышыні сённяшніх гадоў, а іх мінула ўжо трыццаць, я пераканаўся, што большасць з іх з’яўляюцца самадастатковымі, высокавартаснымі творамі. А яшчэ два гады таму, складаючы ў 2009-м годзе зборнік выбраных вершаў А. Сыса “Алаіза”, які рыхтаваўся да 50-х угодкаў паэта, я моцна шкадаваў, што так мала было вядома ранніх твораў Анатоля. Бо не зусім зразумелым быў для чытача шлях развіцця ягонага магутнага таленту. І мала для асэнсавання гэтага шляху ўспамінаў і нататкаў знаёмых і сяброў. Што можа сказаць пра паэта выразней, чым ягоныя вершы. “Берагі майго юнацтва” з’яўляюцца бліскучым адказам на маё рытарычнае маранне. Яны запаўняюць “белую пляму” на раннім этапе творчага шляху Анатоля Сыса.

Апроч гэтага машынапіснага зборніка, у паперах таксама была частка рукапісных вершаў Анатоля, у прыватнасці, вянок санетаў, напісаны ім ва ўніверсітэцкія гады. Увага да вершаванай формы санету ішла ў Анатоля Сыса ад захаплення творчасцю Максіма Багдановіча. Недарэмна ён пісаў курсавую працу, прысвечаную санету, як паэтычнай форме ў творчасці М.Багдановіча. Гэтая праца з вершам-прысвячэннем М.Багдановічу таксама захавалася ў архіве. Анатоль Сыс вучыўся ў свайго “старэйшага брата” – так ён называў пазней М.Багдановіча – працаваць са словам. 14 радкоў санета ўяўляліся яму ідэальнай формай для паэтычных практыкаванняў, для шліфоўкі слова і адточвання рыфмы і думкі. Я памятаю, як ён ганарыўся сваім вянком санетаў, гаворачы пра тое, што гэта вельмі складаная форма вершаскладання і што ў беларускай паэзіі на той час было толькі два вянкі санетаў, адзін з якіх напісала нашая зямлячка Соф’я Шах.

Некаторыя з іншых вершаў, якія знаходзяцца ў архіве, створаныя ў стылістыцы ранняга перыяду творчасці паэта. У іх пераважае рамантызм, этнаграфізм, апісальнае захапленне роднымі мясцінамі, юначая непасрэднасць, неспатоленасць праявамі жыцця. Да гэтых твораў адносіцца верш “Вясковы каваль”.

Спробы філасофскага асэнсавання свету, перапляценыя са старажытнай магіяй беларускіх замоваў, з іхнімі чароўнымі рытмікай і духам, якія бяруць выток з паганскай мінуўшчыны, былі характэрнымі для далейшай творчасці Анатоля Сыса. Верш “Вісакосны год” і “Балада-прысвячэнне маці” акурат з’яўляюцца прыкладам гэтага этапу творчасці паэта. Выглядае на тое, што яны былі напісаныя пасля вучобы Анатоля ва ўніверсітэце.

Вялікі ўплыў на станаўленне паэтычнага таленту Анатоля Сыса аказала насычаная філасофскай думкаю паэзія Алеся Разанава. Недарэмна бліскучая “Балада-прысвячэнне маці” пачынаецца з эпіграфа – радка з верша А.Разанава: “Да гарызонта даляцела птушка”. Гэты радок паслужыў штуршком і асноўнай супярэчлівай ідэяй балады. Зыходзячы з рацыянальнага асэнсавання свету, немагчыма дапяць да гарызонту. І калі гэта ўсё ж удаецца – тады адбываецца цуд. Менавіта там, за гарызонтам, па ўяўленні паэта, птушка пераўтвараецца ў чалавека. Птушка-чалавек – гэты паганскі, родавы, татэмны вобраз заўжды прыцягваў паэта. Вобраз птушкі ўяўляецца яму абсалютным вобразам свабоды. Там, у небе – “крылы” і “музыка нябеснага прастору”, а тут, на зямлі – “немач рук” і “прыцягненне вечнае зямлі”.

Вобраз маці з’яўляецца культавым вобразам, які праходзіць праз усю творчасць Анатоля Сыса. Вось і ў “Баладзе…” птушка пераўтвараецца ў маці. Такім чынам, паэт назваў сябе ў сынам жанчыны-птушкі, уяўныя будучыя дзеці якога таксама будуць дзецьмі-птушкамі.

Гэтаксама ў архіве паэта захаваўся сцэнар радыёперадачы, прысвечанай ягонай творчасці, падрыхтаваны ўвесну 1984 года для Гомельскага радыё пасля ягонага вяртання з войска. У друкапісе з рукапіснымі праўкамі паэта, ёсць і невядомыя вершы. Можна меркаваць, што яны былі напісаныя ў 1983-84 гг. падчас службы. Да невядомых вершаў адносіцца “А мне не трэба шлях, дзе скрозь падковы” – аптымістычны твор, у першым радку якога выказваецца жыццёвае крэда паэта. Радкі: “Мяняў я коней, стомленых дарогай”, “Быў я ў сяброў, як брыганціна ў чайках” даюць уяўленне пра характар героя верша, якога можна атаясамліваць з асобай паэта.

Верш “Маці” існуе ў двух варыянтах – надрукаваны на асобным аркушы і ў тэксце радыёсцэнара. Мне ўяўляецца, што Анатоль вымушаны быў перарабіць першапачатковы варыянт верша для радыёэфіру з прычыны ягоных рэлігійных матываў. Паэт параўноўвае сваю маці з “жывой Божай маці”. У ягоных вачах такое падабенства з’яўляецца вышэйшай адзнакай. Рукою Анатоля Сыса ў сцэнары зробленыя праўкі, у якіх ён акцэнтуе ўвагу на тым, што вобразы Маці і Радзімы для яго з’яўляюцца непадзельнымі – такімі ж яны існуюць і ў ягонай паэзіі.

Анатоль ніяк не ўспрымаў “ідэалагічна правільную” паэзію. Ён грэбаваў і здзекваўся з рыфмаваных траскучых радкоў у гонар Леніна, партыі, рэвалюцыі ды розных іншых камуністычных святаў і падзеяў. Нават пішучы на “прахадныя” на той час тэмы, да прыкладу, пра вялікую айчынную вайну, ён асэнсоўваў яе праз канкрэтны цяжкі лёс свайго прыйшоўшага з той вайны бацькі. І ядзерную бамбардзіроўку Хірасімы, якую савецкія ідэолагі падавалі выключна ў антыамерыканскім ключы, ён успрымаў з агульначалавечых пацыфісцкіх пазіцыяў. У вершы “А мне білет да Хірасімы” ён абыгрывае факт, які найбольш уразіў яго: на самалёце, што скінуў атамную бомбу, лётчыкам было напісанае імя ягонай маці. І менавіта да яе звяртаецца паэт, спрабуючы асэнсаваць тую трагедыю.

У вершы “Верлібр першай сустрэчы з морам” можна адзначыць знаёмы нам па іншых вершах паэта вобраз “адзінокага пілігрыма”. Такім “адзінокім пілігрымам” і сам паэт пройдзе па гэтым зямным жыцці.

Ёсць у архіве некалькі вершаў, напісаных Анатолем Сысом у пазнейшыя часы – у 90-я гады, у пачатку 2000-х. Іх лёгка распазнаць па правапісе – “тарашкевіцы”, на якую паэт перайшоў у другой палове 80-х гадоў, пасля пераезду ў Менск і далучэння да моладзевага нацыянальнага руху. Тады пераход на “тарашкевіцу” азначаў выразную грамадзянскую пазіцыю, арыентаваную на пераемнасць нацыянальных каштоўнасцяў і ідэалаў, якія бязлітасна знішчалі камуністы і за якія і пераследавалі творцаў. Адзін з гэтых вершаў мае дачыненне і да часопіса “Дзеяслоў”. У лісце, напісаным у пачатку ліпеня 2002 года, Эдуард Акулін прасіў Анатоля Сыса даць у першы нумар “Дзеяслова”, які тады рыхтаваўся да друку, нізку вершаў. Да гэтага ў Анатоля рукі не дайшлі, але на канверце ягонай рукою быў запісаны сціслы верш: “Сапраўднаму паэту…”

Выдрукаваны таксама “тарашкевіцай” захаваўся ў архіве і пераклад твора расійскага паэта М. Гнедзіча “Маім вершам”. Як мне падаецца, думкі М. Гнедзіча, выказаныя ў гэтым вершы, былі блізкімі Анатолю Сысу, што і стала прычнай перакладу. Бескарыснасць у творчасці, любоў да музы, якая палала “з юных гадоў”, душэўны настрой, што выліваўся ў вершаваныя радкі... Анатоль Сыс пагаджаецца з Гнедзічам, які гаворыць пра тое, што ён не гандляваў душою дзеля ўцехаў, што “часта трымаў я іспыты на гонар і годнасць” і “з тых вопытаў выйшаў я чыстым”, што ён “ахвяр не паліў, патрапіць каб ідэалам свету”. М. Гнедзіч, а праз пераклад і Анатоль Сыс жадае, каб людзі адшукалі ў ягоных вершах “сардэчную мову нябёсаў”.

Спадзяюся, што неўзабаве невядомыя вершы Анатоля Сыса выйдуць асобным зборнікам, так як некалі і планаваў паэт. Несумненна, што гэтыя вершы сур’ёзна дапоўняць творчую спадчыну паэта, нашага прарока свабоды і незалежнасці.

 

Алесь Бяляцкі,

8 верасня 2011 г.

 

Вясковы каваль

А рэкі клопатаў вясковых

Ніколі ў берагі не ўходзяць:

Бо неба на дажджы не родзіць,

Бо коні звонкія падковы

На грэблях выбітых пагубяць.

 

Так і жыве каваль вясковы:

Ад пеўняў першых і да зор

Куе сталёвыя падковы,

Мяхі ўзахлёб бяруць мажор,

Мінор адзвоньвае молат.

 

Калі ж прыводзяць коней белых,

Гнядых і чорных, як вуголь –

Мяхі спускаюць дух нясмела,

І самы рэзвы конь-агонь

Ў падзяку майстру за падковы

Нясе яго ў луг барвовы,

Дзе сонца засынае ніц

Сярод абкошаных крыніц.

У гэтай скачцы ёсць уцеха,

Калі ж, як драч, прыдрэмле плёс –

З капыт каня злятае рэха:

За Днепр імчыць кляпанне кос.

 

 

Высакосны год

Высакосны год, як лес высокі,

пераспелы,

гнеўны да пары.

Ў высакосны год чыесьці крокі,

Да крыві ўзарваўшы моц кары

Узбудзілі свет шалёным рэхам,

Абвясціўшы ўсе мацерыкі

Астравамі незямной ракі

Богу высакоснаму на ўцеху.

 

Ды лясы не смелі пакарыцца

Незвычайным высакосным дням,

І ў сваю зялёную сталіцу

Не адкрылі ўваходных брам.

 

 

Балада-прысвячэнне маці.

Да гарызонта даляцела птушка

А.Разанаў.

Да гарызонта даляцела птушка:

Яшчэ адзін абвергнуты закон,

І хоць зліццё яе і гарызонта

Нямногім было суджана ўбачыць,

Ды ўсё ж яна пад вечар даляцела.

 

Як я тады хацеў быць гарызонтам,

Каб на сабе адчуць узмахі крыл

І ўздыхі прагныя ўпартай птушкі

Гавораць, яны дыхаюць як людзі

І паміраюць у безвадзь, як і мы.

 

Гавораць, птушкі – мы да нараджэння

І ў гарызонт ляцім заўжды таму,

Каб зноў вярнуцца…

Толькі ўжо не птушкай,

А чалавекам з памяццю ў снах:

аб гарызонтах,

крылах

і палётах.

 

А хто тады упаў да гарызонта,

Таму цяпер не сняцца мары-сны,

Таму цяпер не зразумець

Самотных птушак,

Што перад смерцю плачуць,

Як і мы.

Відаць, не хочуць намі быць,

Зямнымі,

І крылы памяняць на немач рук,

А музыку нябеснага прастору –

На безвыходнасць кожны дзень залежыць

Ад прыцягнення вечнага зямлі.

Восенню 1923 года нарадзілася

мая маці.

Да гарызонта даляцела птушка.

Быў 23 год.

Назад прыйшла

Падобная да птушкі той жанчына

І родная ёй памяццю у снах:

аб гарызонтах,

крылах

і палётах.

А восень неба мучыла дажджамі,

Зайздросна дрэвы паглядалі ўслед

Спазнёным птушкам

З мокрым апярэннем,

Што адляталі з ветрам,

Каб вярнуцца

Праз год,

Праз век

І не пазнаць зямлю

І тыя ж дрэвы,

Што як сёння помняць

Узмахі крыл адлётнай той пары.

 

З вяртаннем кожным

птушак з небасхілу,

Жанчына была першая за вёску

Да той дарогі,

па якой сама

Прыйшла калісь, няпомнячы тых крылаў.

Так чатырох дзяцей сваіх пазнала

І немаўлячых у хату прывяла,

Мяне апошнім вёска сустракала.

 

Ў сясцёр і брата я пытаўся потым

Пра той бальшак,

Вясною дзе жанчыны

З далонямі ля воч стаялі скрозь,

Чакаючы свой лёс, працяг і радасць.

Надзіва, яны помнілі таксама

Дарогу з небасхілу ў гэты свет.

 

Да гарызонта даляцела птушка,

Каб зноў вярнуцца,

Толькі ўжо не птушкай,

А чалавекам з памяццю ў снах.

Я выйду сам аднойчы на дарогу,

Далонь прыклаўшы смутна да вачэй

І у прышэльцы сына угадаю.

 

 

***

А мне не трэба шлях, дзе скрозь падковы,

І ў светлы дзень я словы прыгублю,

І ў злыбяду суцешуся высновай:

Жыццё – бівак, ды я яго люблю.

 

Мяняў я коней, стомленых дарогай,

Каханне, прыгажунь жыватварыў,

Я верыў ім,

я верыў ім як Богу,

І быццам чорту, я не верыў ім.

 

Быў я ў сябрах, як брыганціна ў чайках,

Калі ж у іх выходзілі хлеб-соль,

Сваю салдацкую дзяліў між імі пайку,

Закон такі – пароўну хлеб і боль.

 

І мне не трэба шлях, дзе скрозь падковы,

І ў светлы дзень я словы прыгублю,

І ў злыбяду суцешуся высновай:

Жыццё – бівак. Ды я яго люблю!

 

 

Маці

о

якія вочы

два блакітныя сэрцы

дзве блакітныя птушкі

 

калі ручнікі чырвоным

на покуце вышываеш --

жывая Божая Маці

 

калі і рукой і словам

сабою – жывой вадою

крывавыя раны гоіш --

жывая Божая Маці

 

ды ў час калі сум

хоць плач ты

праз дзесяць азёр і рэк

я проста паклічу:

Маці.

 

 

***

І ніколі не пытайся па кім звон звоніць,

Ён звоніць па табе”.

І

А мне білет да Хірасімы,

На той пракляты самалёт,

Дзе на крыле пад небам сінім,

Імя матулі -- рукою сына.

Энола Гэй… Ці помніш?

Ты яму спявала

Пра белых лебедзяў-гусей,

Энола Гэй, Энола Гэй?

Ці помніш? Ты яму казала,

Што іх Радзіма – Фудзіяма,

Што крылы белыя гусей

Падобныя на сад вішнёвы,

На сад вішнёвы ў Хірасіме,

Дзе маці гэтак жа спявала

Над лёгкаю калыскай сына

Пра белых лебедзяў-гусей,

Што адляцелі на расе

І не вярнуліся з чужыны.

А гнёзды берагуць цяпло:

Здаецца, быццам птушаняты

Прыкрыты матчыным крылом.

Ад паляўнічых стрэл напятых,

А сумным возерам туман,

Калі садзіцца над вадою,

Гусей здаецца чарадою…

 

ІІ

Хутчэй за хлеб расце падман,

Хутчэй за рыс расце падман.

Сягоння свята ў Фарысея:

Ён пяць гадкоў жыцця засеяў,

Пяць кволых свечак патушыў,

Пакуль яшчэ ён не грашыў.

Еў кашку манную – за маму,

Яшчэ паўлыжачкі – за тату,

Піў малачко – за прэзідэнта,

За слуг яго і абанентаў,

За долар – звонкую манету,

Сягоння свята ў Фарысея.

І падарыў яму прарок

Пейзаж з японскаю лілеяй,

З японскай вішняю пірог.

І можа ў небе Хірасімы

Ён прыгадае гэты дзень,

І можа гібель адвядзе

Ад спячых маці і дзяцей.

Энола Гэй, Энола Гэй!

Пакуль не позна, сэрца сына,

Ад зла ўратуй…

Энола Гэй – бяда, надзея Хірасімы.

 

 

***

Не разбяру,

дзе душ рыданне,

дзе губ шаленства,

страсці слоў,

Я спаць лажуся. Сон – чаканне

Кахання

Вечнага высноў.

 

Я спаць лажуся.

Адчуваю

Плячо чыёсьці ля свайго,

І засвяціўшы дом бягом,

Сябе за гэта дакараю.

 

А маладзік ужо за поўнач

Няўмольна сярод хмар брыдзе.

 

Я на яго ў акно глядзеў,

Глытаючы чакання горыч.

 

Зноў спаць лажуся.

Асцярожна,

Каб не крануць чыёсь плячо,

А дзверы хтось сваім ключом

Адкрыў,

спытаўшы: “Нанач можна?”

 

Жанчыны голас: “Нанач можна?”

І не ўключаючы святло,

Ён лёг са мной у цёплы ложак,

Паклаўшы плацце на акно.

 

 

***

Сапраўднаму паэту хопіць зорак,

каб шлях знайсьці па іх…

(напісаны на канверце, які пазначаны штэмпелем 02.07.2002)

 

 

Верлібр першай сустрэчы з морам

Мая памяць,

Жыве ў слядах маіх босых ног –

 

Ракавінкі паміж пальцаў –

Здзіўленне чужому пяску,

Як нашаму снегу па асуджанаму

лістападу

 

яшчэ ў палёце

Над рэшткамі бабінага лета.

 

Я ішоў вакол мора,

Як пастух вакол свайго статку.

Як алень вакол свайго лесу,

Я ішоў вакол мора.

 

Наўрад ці помніць яно адзінокага

пілігрыма.

 

Яго дзіўна цвёрдыя пяткі,

Як панцыры карлікавых чарапашак.

 

Я ішоў каля мора,

Бы якут па мяжы пшанічнай,

думаючы:

Няўжо – гэта хлеб

На які я пясцоў мяняю? –

 

Так і я ішоў каля мора.

 

Стаміўшыся, станавіўся берагам.

І сонца сушыла на мне

Соль

Яшчэ ранішняга мора.

 

Мора,

Якое наўрад ці помніць здзіўленага

пілігрыма,

Яго рукі на крыж – як вёслы,

І спіну – быццам днішча рыбацкай шхуны,

Якой ветрам сарвала ветразь.

 

 

Пераклад з Мікалая Гнедзіча (1784 – 1833)

Маім вершам

Пакуль яшчэ сэрца ўва мне ажыўляецца сонцам,

Пакуль яшчэ ў персях, ад летаў і зім не астылых,

Любоў не пагасла да вас, мае вершы, што дзеці

Душы маладой, у якіх я, бывае, знаходжу

Дары небагатыя строгай, скупой маёй музы,

Якія, быць можа, адвергла б дазваньня ад сэрца

Лядачая старасьць, і можа, яно па заслугах

(Ды хто на зямлі не прынёс самалюбству ахвяры,

Сьпяшаю, о, вершы, адвесьці прысуд ад вас грозны,

Сьпяшаю аддаць пад апеку лагоднай любові.

І нават калі вы яе не палоніце словам,

Якім нас палоняць абраньнікі муз і алімпаў,

Ані пачуцьцём, ані думай магутнай, якая

Вагнём нараджаецца ў вуснах і душы народаў хвалюе,

Дык можа, лагодная ў вершах мяне адшукае,

Душы маёй кволасьць, напэўна, – яе дабрадзейнасьць;

І скажуць яны, што ў грудзёх маіх б’ецца, быць можа,

Не грубае сэрца, што з юных гадоў трапятала

Ад цнотных пачуцьцяў, ад спраў і ўчынкаў адважных,

Ад слаўных імёнаў заступнікаў долі народнай;

Што зь юных гадоў любоў да музаў пылала

І ўсё ж захавала ва ўсіх калаўротнасьцях лёсу

Той жар, хоць ня полымны, але пастаянны і чысты;

Што ўцех не было, з-за якіх я нат голаў згубіўшы

Душой гандляваў бы; што часта трымаў я іспыты,

На гонар і гордасьць, з тых вопытаў выйшаў я чыстым;

Ахвяр не паліў, патрахвіць каб ідалам сьвету,

Нат словам адным бесьсмяротнай душы не прынізіў.

Няхай жа сябрына ў песьнях маіх адшукае

Хоць слова для сэрца хоць верш пачуцьцём адагрэты;

Але ж, калі ў гэтых звычайных, прыземленых гуках

Пачуе той голас сардэчную мову нябёсаў,

Якою гукае да нас бесьсмяротная маці-прырода,

Быць можа, о вершы, я вас захаваў для сусьвету.

1832 (?)

 

Дзеяслоў № 54