Сацыяльная сетка для аматараў літаратуры адкрытая ў Беларусі

Аматары кніг, аўтары ды крытыкі атрымалі шанец сустрэцца на адной пляцоўцы. У Беларусі з'явіўся сайт для тых, хто чытае, піша і піша пра тое, што чытае. Bookster.By – гэта адначасова каталог выданняў, месца для чытання і вынясення вердыктаў.

“У байнэце не было асобнага кніжнага сайту, каб знайсці кніжку, абмеркаваць, параіцца, — кажа рэдактарка сайту Аляксандра Дорская. — Многія, каб сістэматызаваць чытанне, заводзяць акаўнты ў шматлікіх замежных сацыяльных сетках. Але цікавей назіраць за тым, што чытаюць твае сябры. Таму мы вырашылі стварыць такую сетку”.

Пасля нескладанага працэсу рэгістрацыі кожны наведнік зможа сам дадаваць кнігі, атрымліваць інфармацыю пра навінкі, ацэньваць прачытанае. Для апошняга рэсурс прапануе пяцібальную шкалу. Можна тут, напрыклад, пазначыць кнігу кнопкай “не чытаў, але асуджаю”, або “не здолеў дачытаць”. Акрамя таго, Bookster.By будзе анансаваць усе падзеі ў літаратурным жыцці.

Пакуль што на сайце змешчаныя толькі кнігі беларускіх выдавецтваў, аднак укладальнікі абяцаюць пашыраць каталог ды рабіць старонкі “буксцера” разнастайнымі.

“У нас будуць кніжныя агляды, інтэрв’ю з пісьменнікамі, рэцэнзіі на беларускія і замежныя навінкі, у чарзе ўжо стаіць некалькі літаратурных прэм'ераў, — кажа Дорская. — Літаральна на вачах чытача будзе перакладацца кніга Макс Фрай «Казкі старой Вільні». Мы плануем штотыдзень выкладаць па адной казцы ў перакладзе на беларускую мову і ілюстрацыі да яе, атрымаецца такі літаратурны серыял”.

 

Паводле заснавальнікаў сайта Bookster.By