Сацыяльныя сеткі для захаваньня беларускай мовы

мова

З прыкладна 7000 моваў сьвету палова можа зьнікнуць да канца стагодзьдзя, лічаць лінгвісты. Беларуская паводле экспэртаў ЮНЭСКА таксама знаходзіцца ў небясьпецы. Аднак дасьледчыкі, што займаюцца мовамі, якім пагражае зьнікненьне, зрабілі выснову, што захаваньню моваў спрыяюць такія лічбавыя тэхналёгіі глябалізацыі як сацыяльныя сеткі і нават простыя эсэмэскі.

Атляс «Мовы сьвету ў небясьпецы», складзены ЮНЭСКА, аднёс беларускую да «слабых». Гэткі ж статус маюць такія мовы, як латгальская ў Латвіі, ніжнесаксонская ў Нямеччыне і башкірская ў Расеі.

Аднак лінгвісты нядаўна заўважылі пазытыўную тэндэнцыю: мовы пачалі выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі і sms, «каб пашырыць сваю ролю і прысутнасьць сярод іншых моваў сьвету». Аб гэтым гаворыць прафэсар лінгвістыкі і сябра Нацыянальнага геаграфічнага таварыства Вялікабрытаніі Дэвід Харысан, перадае BBC.

«Цяпер мы заўважаем пазытыўнае ўзьдзеяньне глябалізацыі. Мова, на якой размаўляе толькі 50 чалавек у аддаленай кропцы сьвету, атрымлівае шанец быць пачутай у сусьветным маштабе», — лічыць прафэсар.

Айфон для ратаваньня роднай мовы

Да прыкладу, індзейцы Паўночнай Амэрыкі карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі для адраджэньня цікавасьці сярод моладзі да роднай мовы. А ў Туве ў Расеі стварылі прыстасаваньне для айфону, з дапамогай якога можна праверыць вымаўленьне словаў на тувінскай мове. Тувінская мае гэткі ж самы статус «слабой», як і беларуская.


Беларускія юзэры Vkontakte таксама турбуюцца за стан роднай мовы

Адзін з носьбітаў такіх зьнікаючых гаворак Альфрэд Лэйн размаўляе на мове Сілэтс Ды-іні, якая была распаўсюджаная сярод індзейцаў у штаце Арэгон у ЗША.

«Да нас прыйшлі лінгвісты, якія вызначылі, што наша мова асуджаная на зьнікненьне. Але ўсё племя і наша рада вырашылі, што гэтага ня будзе. І мы распрацавалі плян па адраджэньню мовы ў даліне Сілэтс», — распавядае ён.

Індзейцы змагаюцца за захаваньне сваёй мовы праз стварэньне электронных аўдыёслоўнікаў, а таксама з дапамогай сацсетак.

Прафэсар Харысан разважае, што ня ўсе мовы здолеюць выжыць нават пры дапамозе  Facebook, многія зь іх зьнікнуць са сьмерцю апошніх носьбітаў. Адбудзецца гэта ўжо празь тры-чатыры пакаленьні.

Аднак, на яго думку, новыя лічбавыя тэхналёгіі дапамогуць захаваць многія рэдкія мовы, якія яшчэ некалькі гадоў таму, падавалася, ня мелі шанцаў на выжываньне.

 

Андрэй Сьмятаньнікаўgeneration.by