Сайт памяці Кастуся Тарасава

Сайт tarasau.com запрацаваў яшчэ ў жніўні. Пакуль ёсць толькі расійская версія. Да канца года, мяркуецца, з’явіцца і беларускамоўная. Інтэрнэт-старонку робіць дачка Кастуся Тарасава — Ганна.

На старонцы пісьменніка размешчаны ягоныя творы, фотаздымкі. Кастусь Тарасаў, які ў жыцці не любіў публічных выступленняў, быў такім самотнікам, на здымках паўстае іншым чалавекам. На адпачынку за мяжой, з сям’ёй, нават на мітынгах.

Архіў пісьменніка цяпер знаходзіцца ў Ганны. Яна яшчэ не скончыла яго разбіраць. Але ўжо сёння можа сказаць пра непублікаваныя творы.

«Думаю, там няма невядомых недрукаваных аповесцяў. Бацька неяк у лісце ўсе свае галоўныя творы пералічыў. Ёсць адзін неапублікаваны аповед (руская і беларуская версіі), артыкулы на разнастайныя тэмы, зборнік літаратурна-гістарычных нарысаў «Исторический пейзаж». Ёсць пераклады на беларускую мову некалькіх аповесцяў, якія пісаў па-руску. Таксама, дарэчы, і беларускую «Пагоню на Грунвальд» ён перапісаў».

Па новым варыянце рамана цяпер рыхтуецца аўдыёкніга.

***

Кастусь Тарасаў нарадзіўся ў Мінску 10 кастрычніка 1940 г. у сям’і служачых. Па сканчэнні сярэдняй школы працаваў слесарам- зборшчыкам на Мінскім механічным заводзе. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1965), працаваў у Паўночна-заходняй геалагічнай экспедыцыі. Потым у выдавецтве «Вышэйшая школа», на кінастудыі «Беларусьфільм», часопісе «Нёман», газеце «Літаратура і мастацтва», часопісе «Спадчына», газеце «Свабода».

Тарасаў друкаваўся з 1966 года. Аўтар гістарычных аповесцей пра мінулае Беларусі: «Дзень рассеяння» (пра Грунвальдскую бітву, 1980), «Пагоня на Грунвальд», рамана «Тры жыцці княгіні Рагнеды». Аўтар культавага ў 1980-я — першай палове 1990-х зборніка «Памяць пра легенды».

Памёр 20 сакавіка 2010.

Сяргей Макарэвіч, nn.by