Саюз беларускіх пісьменнікаў перадаў больш за 100 выданняў амбасадзе Славакіі

24 сакавіка больш за 100 выданняў на беларускай мове перадаў Саюз беларускіх пісьменнікаў славацкай амбасадзе ў Мінску для беларускага аддзела ў Нацыянальнай бібліятэцы Славакіі ў Браціславе, паведаміў БелаПАН старшыня СБП Алесь Пашкевіч.

Паводле яго слоў, у бібліятэчцы, сабранай на працягу тыдня актывістамі Саюза беларускіх пісьменнікаў у адказ на просьбу амбасады Славакіі, увайшлі кнігі класікаў беларускай літаратуры, у тым ліку Максіма Багдановіча, народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, слоўнікі, а таксама творы сучаснай беларускай паэзіі і прозы. Адначасова Славацкай амбасадзе бібліятэчку сваіх выдадзеных кніг перадало і ЗБС "Бацькаўшчына".

Разам з Алесем Пашкевічам ў перадачы кніг амбасадару Славакіі Мар'яну Серватку удзяў удзел паэт і грамадскі дзеяч Сяргей Законнікаў.

Як адзначыў А. Пашкевіч, беларускі аддзел у Нацыянальнай бібліятэцы Славакіі ствараецца па ініцыятыве Славацкага ПЭН-цэнтра. Раней Беларускі ПЭН-цэнтр таксама перадаў амбасадзе Славакіі ў Беларусі шэраг беларускамоўных выданняў.

naviny.by