Саюз нямецкіх пісьменнікаў звярнуўся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі

Нямецкія
пісьменнікі і дзеячы культуры звярнуліся з адкрытым лістом да Аляксандра
Лукашэнкі, пратэстуючы супраць прыгнёту і цэнзуры ў Рэспубліцы Беларусь. Ліст
да прэзідэнта Беларусі падпісалі старшыня Саюза нямецкіх пісьменнікаў Імрэ
Торак ( Imre Török), старшыня Акадэміі мастацтваў Клаўс Штаек (Klaus Staeck),
старшыня нямецкага ПЭН-клуба Ёгана Штрасер (Johano Strasser), лаўрэаткі
Нобелеўскай прэміі па літаратуры Эльфрыда Елінэк (Elfriede Jelinek) і Герта
Мюлер (Herta Müller), а таксама іншыя пісьменнікі і дзеячы нямецкай культуры —
усяго больш за 40 выбітных прадстаўнікоў літаратурнага і мастацкага асяродку
Германіі. Спіс тых, хто падтрымаў ініцыятыву, працягвае папаўняцца.
“Мы, інтэлектуалы і дзеячы культуры, асабліва ў Германіі, востра адчуваем адказнасць за дэмакратычныя свабоды”, — лічыць Імрэ Торак. Паводле яго словаў, пераслед апазіцыянераў, забарона нелаяльных уладам СМІ, прыгнёт крытычна настроеных культурных дзеячаў недапушчальныя і вымагаюць асуджэння з боку ўсіх дэмакратычных сілаў.
Асабліва востра нямецкія пісьменнікі выступаюць супраць дзеяння так званых “чорных спісаў” пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва, чые творы неабгрунтавана прызналі “шкоднымі для моладзі”, а таксама выцеснілі з газет і часопісаў, з перадачаў на радыё і тэлебачанні, са сцэнаў канцэртных залаў і тэатраў. “Такая форма цэнзуры супярэчыць разуменню свабоды і разнастайнасці культуры і мастацтва”, — гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай Саюзам нямецкіх пісьменнікаў.
“Мы хочам асаблівым чынам выказаць сваю салідарнасць з нашымі прыгнечанымі беларускімі калегамі, — тлумачыць Імрэ Торак. — А таму вырашылі аддаць гэты адкрыты ліст амбасадару Рэспублікі Беларусь у Берліне”.
З тэкстам адкрытага ліста да Аляксандра Лукашэнкі, а таксама з заявай Саюза нямецкіх пісьменнікаў (па-нямецку) можна пазнаёміцца на сайце грамадскай арганізацыі: http://vs.verdi.de/aktuelles/pressemeldungen/weissrussland .
Прэсавая служба СБП