Сергій Лашчэнка: «Украінцы ўсё менш купляюць, але ўсё больш яднаюцца»

Неаднаразова лавіў сябе на думцы: калі даводзіцца пісаць пра Форум выдаўцоў у Львове (нядаўна адбыўся ўжо 23-ці), то няпроста вызначыцца з напрамкам раскрыцця тэмы. Не хочацца ж паўтарацца з года ў год...

А пісаць можна доўга, паважліва і ў дэталях пра які-кольвек бок Форуму. Бо гэта, перш за ўсё, знаёмства з лепшымі творамі ўкраінскай і сусветнай літаратуры. Ёсць нямала важных культурных момантаў. І палітыка кожны раз прысутнічае -- як жа без яе? Усё самае актуальнае тут -- таму і едуць на Форум людзі адусюль. Ну, і львавяне абавязкова падцягваюцца ў Палац мастацтваў, хоць і не скажаш цяпер, што яны сталі больш чытаць. Асабліва гэта тычыцца моладзі. Усемагутны інтэрнэт зацягвае маладых ўкраінцаў у свае сеткі. Людзі прывыкаюць чытаць мала, толькі кароткія, актуальныя паведамленні. Куды дзеліся тыя часы, калі мы чыталі запоем «Вайну і мір» або фантастыку Алеся Бердніка? Але ў тым-та і справа, што Форум не дае запанаваць гэтым трывожным тэндэнцыям канчаткова. Добрых кніг так шмат, а набыць твор з дароўным подпісам з рук вядомага пісьменніка настолькі прэстыжна, што чытанне праз інтэрнэт на некаторы час адступае. А сустрэчы з цікавым людзьмі? Што іх заменіць? Глядзіце, якія магчымасці былі на гэты раз: "У пошуках сэнсаў і Радзімы: Данбас і Крым як памежныя ўкраінскія рэгіёны" (бібліятэка Львоўскага нацыянальнага універсітэта). Ідзем далей: «Дэкамунізацыі ва Украіне. Першыя вынікі. Украінскі інстытут нацыянальнай памяці". Прама вочы разбягаюцца... Вось яшчэ: «Данбас -- мяжа вайны і свету. Украінскі інстытут стратэгій глабальнага развіцця і адаптацыі». Або: «Нармальнасць у ненармальнасці. Данбас з Марэкам Агдоўскім (Польшча)».

Ёсць і больш глабальныя тэмы, скажам: «Мінус страх. Як гаварыць з ісламскім светам без прадузятасцяў». Адным словам, сустрэч шмат, тэматыка самая разнастайная, але ўсё гэта не заўсёды побач... Форум выкарыстоўвае самыя разнастайныя пляцоўкі ў цэнтры Львова. Так што даводзіцца ўлічваць і фактар адлегласці. Але і ўзнагарода (эмацыйная) заўсёды прысутнічае. Скажам, пайшоў на сустрэчу з былым паэтам-дысідэнтам Томасам Венцлавам (Літва). І ўжо там успомніў, як больш за трыццаць гадоў таму вучыў на памяць вершы яго бацькі -- вядомага літоўскага паэта Антанаса Венцлава. Вядома ж, вучыў па-літоўскіу. Томас і яго сябры былі прыемна здзіўлены, таму што не мелі надзеі сустрэць у Львове чалавека, які сёе-тое ведае з літоўскай паэзіі. Гэта толькі адзін прыклад, а колькі іх было! Доказаў вядомага тэзісу, што свет цесны...

* * *
А галоўнае тое, што з'яўляюцца выдатныя магчымасці пазнаёміцца з аўтарамі асабіста. У мінулым годзе сябры набылі для мяне кнігу Яўгена Паложыя «Іловайськ». Але з ім самім не паспеў пагутарыць, добра, што хлопцы хоць нумар тэлефона папрасілі ў пісьменніка. Я з аўтарам бэстсэлера «Іловайськ» на працягу года разоў дзесяць размаўляў. Мы дамаўляліся сустрэцца то ў Кіеве, то ў Львове, то на Усходзе ... І вось, нарэшце, сустрэліся -- у Львове за кавай. Цяпер у спадара Яўгена новы раман на тую ж ваенную тэматыку -- "Пяць секунд, пяць дзён». Задаю аўтару некалькі пытанняў. Першае: як уплывае АТА на ўкраінскую ідэнтычнасць?

«Вядома, гэтая вайна паўплывала на людзей, -- адказвае Яўген Паложый. -- Але справа ў тым, што ўплывае яна на кожнага па-свойму. Ёсць пэўная дыферэнцыяцыя. Падзеі на Усходзе гуртуюць нейкую частку нацыі, а іншую... выштурхоўваюць з Украіны. А хтосьці ад вайны проста адсланяецца. Чалавек робіць выгляд, што нічога сур'ёзнага не адбываецца. Так што розныя ідуць працэсы, і цяжка падлічыць, каго і чаго больш...» Пытаюся ў сумчаніна, чаму ён зноў піша пра вайну. Няўжо мала такой выдатнай кнігі, як «Іловайськ»? Яўген адказаў так: «У мяне засталося шмат матэрыялу і быў маральны абавязак перад некаторымі людзьмі. Цяпер я скончыў тэму. Ці буду пісаць далей пра вайну -- пакуль не магу сказаць...»

Фота: Books From Belarus

* * *
Форум дае магчымасць глыбей пазнаваць свет. Раней мы ў школе нешта там вучылі пра ЗША, Нямеччыну, Францыю, Вялікабрытанію... Пра меншыя краіны ведалі няшмат. А цяпер вось, калі ласка: «Макс Безора. Каталонская паэзія ». Або «Вечар румынскай літаратуры. Ліліяна Коробка і Васіль Ерну». Можна пакантактаваць з македонскім аўтарам Кірам Доневым. Або з сербамі -- Марыяй Міджавіч і Срджанам Срдычем. Або са славенцам Міланам Деклевам. Павінен сказаць, што з жыхарамі былой Югаславіі мець зносіны няпроста -- яны дрэнна валодаюць расейскай, а іх мовы ўкраінцам не так проста зразумець, як скажам, беларускую, славацкую або польскую. А было б пра што пагаварыць! Бо тое, што ў нас адбываецца на Данбасе цяпер, югаславы перажылі амаль чвэрць стагоддзя таму. Якія ўрокі вынеслі?

А як цяпер адчуваюць сябе беларусы? Таксама чакаюць вайны з Расіяй? А што ў іх адбываецца з літаратурай? Цікава было пагаварыць з беларускімі літаратарамі Марыяй Роўда, Барысам Пятровічам, Алесем Пашкевічам, Валянцінай Аксак. Нягледзячы на нашае дзіўнае сваяцтва, адчуваецца, што праблемы ў нашых краін зусім розныя. Але нас аб'ядноўвае такая рэч, як салідарнасць. І не толькі славян. Была на Форуме і Ала Дудаева, якая прадстаўляла кнігу «Мільён першы. Джахар Дудаеў » -- пра свайго гераічнага мужа. Нароўні я ўбачыў журналістку Марыю Базелюк, якая неаднаразова была ў ваюючай Ічкерыі і сустракалася з праслаўленым генералам. Марыя даведалася аб тым, што Зелімхана Яндарбіева на ўкраінскую мову перакладае львавянін Уладзімір Цімчук -- праўнук аднаго з заснавальнікаў незалежнай Гуцульскай рэспублікі (1918-1919). Папрасіла перадаць яму першы том вершаў Яндарбіева. Не без хвалявання прачытаў у гэтай кнізе верш «Сябар», прысвечаны беларускаму паэту Рыгору Барадуліну. Ёсць там такія радкі:

Когда белорусский поэт седоглавый
Восславит чеченцев свободу и дух
В Черных горах туманы под солнцем тают
И песни Полесья ласкают мой слух…

Чамусьці падумаў: вось у гэтым непазбежным збегу абставін (свет жа цесны!) і ёсць галоўная каштоўнасць Форуму выдаўцоў. Усяго, што напісана, не прачытаеш, але абавязкова зробіш крок наперад у спазнанні свету. Адразу захацелася даведацца: а што ж пісаў чачэнскі паэт пра Украіну? Гэта ўжо, напэўна, даведаюся на наступным Форуме. А пакуль чытаю радкі нязломнага чачэнца пра нашую сястру Беларусь:

Когда белорусский поэт зачитает
На мове родной стихи о Чечне,
Орлы над горами парят величаво
И аисты в клювах несут по Весне…

Сергій Лашчэнка, пераклад з украінскай

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"