Серж Мінскевіч: “Трэба як мага раней прывучваць да кнігі”

Прыём твораў працягваецца да 1 жніўня, з умовамі можна азнаёміцца тут. Пакуль пачаткоўцы рыхтуюцца да ўдзелу ў конкурсе, сябры журы, вядомыя беларускія аўтары, дзеляцца з намі сваім досведам напісання кніг для маленькіх чытачоў. Раней на нашым сайце была змешчаная гутарка Усевалада Сцебуракі з Аленай Масла. Сённяшні госць — паэт, перакладчык, пісьменнік-фантаст і аўтар твораў для дзяцей Серж Мінскевіч.  

 

-- Што такое беларуская дзіцячая літаратура для вас асабіста?

Серж Мінскевіч: Найперш адзначу, што я сам гадаваўся на якасных дзіцячых кніжках і менавіта літаратура на мове зрабіла мне першасную прышчэпку беларускасці. І, калі казаць пра дзіцячую літаратуру, якая гэтак паўплывала на мяне – то гэта ў першую чаргу кнігі нашага класіка Янкі Маўра. З яго творамі мяне пазнаёміла матуля, якая купляла ў кнігарні ці прыносіла з бібліятэкі мне добрыя дзіцячыя кнігі. Нягледзячы на тое, што сама яна нарадзілася ў Сібіры і роднай для яе была руская мова, яна свядома набывала і чытала мне малому кнігі па-беларуску – “Шлях з цемры”, “ТВТ”, “Палескія рабінзоны”, “У краіне райскай птушкі”. Мне гэтыя чытанкі дужа падабаліся, але ведаеце, як чытаюцца бацькамі кніжкі для дзяцей – увечары ўрыўкамі. Хутка мне жудасна надакучыў гэткі “серыял” – і я пачаў спрабаваць сам чытаць любімую кніжку. У выніку навучыўся чытаць досыць рана і ў першым класе ўжо чытаў самастойна.

Зразумела, мае любімыя дзіцячыя кніжкі не абмежаваліся “Палескімі рабінзонамі”, таксама чытаў з захапленнем і Майн Рыда, і Вальтэра Скота, і іншых цудоўных аўтараў, але творы Маўра абсалютна без аніякіх дапушчэнняў стаўлю ў адзін шэраг з агульнавядомымі прыкладамі сусветнай прыгодніцкай дзіцячай літаратуры. Кнігі Маўра — наша нацыянальнае дасягненне, якое ставіць беларускую дзіцячую літаратуру ў адзін шэраг з лепшымі сусветнымі ўзорамі.

 -- Як вы бачыце месца дзіцячай літаратуры ў сучасным свеце?

С. М.: Як і раней – яна займае найпаважнейшае месца. Наогул я лічу дзіцячую літаратуру вельмі важнай, бо яна не проста дае дзіцяці забаўку, але фарміруе яго як асобу. Таму нельга недаацэньваць уплыў такой літаратуры. Канечне, фарміраванне ды навучанне праз літаратуру не павінна быць наўпроставым – у лоб, але далікатным і разумным. Дзіцячая кніжка дае чытачу неабходныя пачатковыя веды ў галіне геаграфіі, гісторыі, астраноміі ды па шмат яшчэ якіх прадметах. Менавіта цікавасць да новага і прага да спазнання свету — гэта тое, што дае якасная дзіцячая літаратура, і гэты яе ўнёсак цяжка перабольшыць. Больш за тое – яго нельга замяніць кампутарнымі гульнямі ці мультфільмамі, хоць, зразумела, сучаснаму дзіцяці абмяжоўваць свет толькі кнігай немагчыма.

 

-- Які рэцэпт прыцягнення дзяцей да кнігі ў такіх варунках?

С. М.: Рэцэпт ёсць, і ён адначасова просты і складаны – бацькам трэба як мага раней прывучваць да кнігі і вучыць малога чытаць самастойна. Я не згодзен з тым, што нельга рана “тлуміць” главу навукай. Мой сын пачаў чытаць фактычна раней, чым размаўляць, і адпаведна кніга ўвайшла ў яго жыццё раней за іншыя прыцягальныя забаўкі сучаснага свету. Цяпер, калі ён самастойна выбірае, чым заняцца, чытанне займае натуральнае месца сярод іншых заняткаў, а не падаецца чымсьці незразумелым і нязвыклым. Таму вялікая адказнасць у гэтай справе ляжыць на бацьку і маці, калі яны не парупяцца своечасова – дзіцё само не стане чытаць вось так раптам. А пасля прывучыць, тым больш прывіць любоў да кнігі, будзе вельмі складана, калі наогул магчыма.

 

-- У вас ёсць кніжкі для самых маленькіх дзетак. Якія асаблівасці напісання такіх твораў?

С. М.: Творы для маленькіх, як, напрыклад, “Прыгоды Какоса Маракоса”, павінны быць найперш цікавымі і забаўляльнымі. У іх трэба ўлічваць, што маленькія дзеткі ўспрымаюць усё як гульню – ні больш ні менш. Яны займаюцца, як я называю, “малпаваннем” і “папугаваннем” дарослых – паўтарэннем, капіяваннем рухаў і гукаў. Адпаведна кнігі для іх павінны ўтрымліваць элементы забаўляльнасці, інтэрактыву, актыўнага ўдзелу. Калі бацькі чытаюць такія кнігі, дзеткі ўспрымаюць не сам тэкст, а гульню ў чытанне кніжкі, паўтараючы словы і радкі, разглядаючы малюнкі. Калі ў кнізе ўдала спалучаюцца веды і гульня, у такім выпадку кніга становіцца абсалютна натуральнай з’явай для дзіцяці і “запісваецца” на падсвядомасць ды застаецца з ім на ўсё жыццё ў выглядзе пазітыўнай і неабходнай справы.

Трэба дадаць, што ў нас у параўнанні з літаратурай для самых маленькіх у суседзяў яшчэ вельмі шмат працы – няма ці амаль няма відэакніг, жывых коміксаў, кніжак-квэстаў, то бок тых формаў кніг, якія даюць дзіцяці неабходны забаўляльна-гульнявы элемент.

 

-- Сярод розных жанраў асобна стаіць цікавы і новы для нашай літаратуры жанр фэнтэзі. Якія вы бачыце перспектывы развіцця гэтага кірунку?

С. М.: Найперш я не пагаджуся, што жанр цалкам новы для нашай літаратуры. Калі ў еўрапецаў ён базуецца на міфалогіі старажытных германцаў, кельтаў, скандынаваў, то ў нас ён мае свае балцкія і славянскія карані, якія, між іншым, даюць выдатны грунт для творчасці і ўжо былі скарыстаныя нашым фантастам, а, па сутнасці, і пачынальнікам фэнтэзі – Янам Баршчэўскім, у знакамітых навелах, змешчаных пад назваю “Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях”. У яго тэкстах ёсць усе прыкметы жанру. Сустракаюцца спробы пісаць фантастычна-фэнтэзійныя апавяданні ў класіка рамантызму Адама Міцкевіча. У пэўным сэнсе фэнтэзійнымі можна лічыць “Лабірынты” Вацлава Ластоўскага з элементамі нацыянальнай паралельнай гісторыі. Іншая справа, што ў беларускай літаратуры не атрымалася пераемнасці пакаленняў у сферы фэнтэзійнай літаратуры, і праца напрыканцы 20 ст. фактычна пачалася нанова.

 

-- Як развіваюцца жанры фэнтэзі і фантастыкі ў Еўропе цяпер?

С. М.: У красавіку 2013 года я быў запрошаны ў Кіеў на чарговы фестываль фантастычнай літаратуры “Еўракон”. Быў прыемна ўражаны атмасферай і той цікавасцю да сваёй асобы з боку калег па пяры і бібліяфілаў, якую сустрэў там. Жанр фантастыкі, безумоўна, па-ранейшаму вельмі папулярны і перспектыўны. Вялікая колькасць маладых і сталых аўтараў працуюць на гэтай ніве. У нас таксама працэс ідзе. У 90-ых гадах і пачатку 2000-ых у жанры фэнтэзі і сайнс-фікшн спрабавалі пісаць - Уладзімір Клімовіч, Андрэй Паўлухін, Алесь Бычкоўскі, Мікола Касцюкевіч. Іншая справа, што былі і застаюцца істотныя цяжкасці з выданнем кніг фантастычна-фэнтэзійнага жанру па-беларуску.

 

-- Хто вашыя ўлюбёныя аўтары і героі кніг для дзяцей?

С. М.: Найперш Марк Твен. З яго героямі Томам Соерам і Гекльберы Фінам я проста сябраваў, як з жывымі людзьмі. Малому мне дужа падабаўся Нязнайка з яго кампаніяй – асабліва прыгоды на Месяцы. Як я хацеў каб мяне з Пончыкам і Нязнайкам запіхнулі ў ракету і адправілі туды! Канечне, у падлеткавыя гады да дзюраў былі зачытаныя Жуль Верн і Фенімар Купер.

Вялікае ўражанне зрабілі на мяне кнігі братоў Стругацкіх, якія былі вялікім рарытэтам і перадаваліся напаўпадпольна з рук у рукі. У падлеткавым узросце таксама захапляўся выкшталцонай прозай О’Генры.

Сустрэча з фэнтэзі адбылася ў 90-ых дзякуючы кнігам Толкіена, “Уладар пярсцёнкаў” спадабаўся, але, напэўна, усё ж не так, як мог бы спадабацца, калі б я пачытаў кнігу ў дзяцінстве ці юнацтве.

 

-- Як вы ставіцеся да перакладной літаратуры?

С. М.: З аднаго боку, гэта натуральны і неабходны працэс абмену паміж літаратурамі і культурамі розных краін. З іншага боку, існуе непазбежная і непераадольная цяжкасць перакладу. Ёсць рэчы, паняткі, моўныя абароты, гульня словаў, у рэшце рэшт, якія проста немагчыма перадаць так на іншую мову, як яе задумаў першапачаткова сам аўтар. Менавіта праз гэта шмат што з перакладзенага мне не надта падабаецца. Такая гісторыя і з Гары Потэрам, і з Алісай у краіне цудаў і іншымі папулярнымі творамі. Перакладаць, безумоўна, трэба, але варта ствараць самім якасныя творы ў розных жанрах – ад казак і баек, да фэнтэзі і фантастыкі. Толькі так нашая літаратура зможа быць цікавай дзецям і моладзі ды зможа годна канкураваць на еўрапейскім і сусветным рынку як мастацкі і камерцыйны прадукт.

***

Серж Мінскевіч (нарадзіўся 12 лютага 1969) — беларускі паэт і перакладчык.

Нарадзіўся ў Мінску. Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ (1995). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ». Працуе ў Інстытуце літаратуры НАН Беларусі (Цяпер — Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры).

Аўтар кніг: «Праз галеРэю» (1995), (паэзія); «Менскія санэты / Мінскія санэты» (2002); «Прыгоды Какоса Маракоса» (2006), (вершаваная казка); «Я з БУМ-БАМ-ЛІТа» (2008), (вершы, проза, крытычныя артыкулы, успаміны пра літаратурныя і мастацкія рухі канца ХХ — пач. ХХІ стагоддзя); «Сад замкнёных гор» (2011), (фантастычны раман, фантастычная аповесць і апавяданні); «Чароўная крыніца, ці Як навучыць дракона чысціць зубы» (2012), (празаічная казка).

Займаўся бардаўскай песняй, выдаў альбом «Жах-хі-хі / Шля-хі-хі» (1997). Прыз «За развіццё беларускай аўтарскай песні» на фестывалі «Бардаўская восень» (Бельск-Падляшскі, 1996). Зрабіў поўны пераклад паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» (1999), пераклаў «Крымскія Санеты» (2004). Перакладаў з польскай Славацкага, Івашкевіча, Галчынскага, Маслоўскую, з англійскай Шэлі, Лангфэла.

 

Гутарыў Усевалад Сцебурака, для lit-bel.org

Фота з асабістага архіву Сержа Мінскевіча