Шатландскі пачастунак у Коласавым доме

26 студзеня, а 17-й у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі  Якуба Коласа (Акадэмічная, 5) пройдзе святкаванне дня нараджэння шатландскага паэта Роберта Бёрнса.

Дзень нараджэння Бёрнса, які адзначаецца 25 студзеня, з’яўляецца нацыянальным святам у Шатландыі, на Радзіме творцы. У гэты дзень прыхільнікі легендарнага паэта ва ўсім свеце ўздымаюць келіхі ў яго гонар.

У нашай краіне паэзія Бёрнса атрымала новае жыццё. Пераклады вершаў слыннага барда на беларускую мову ў выкананні Язэпа Семяжона, Юркі Гаўрука, Галіны Дубянецкай, Алены Таболіч далі магчымасць аматарам мастацкага слова бліжэй пазнаёміцца з багатай культурнай спадчынай Шатландыі.

Святочны вечар у гонар паэта мае назву «Вячэра Бёрнса» (Burns Supper) і традыцыйна праводзіцца згодна з пэўным сцэнаром. У музеі Якуба Коласа традыцыя пашыраная за кошт ганаравання гаспадара Дома — народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, 130-годдзе якога адзначаецца сёлета. Непасрэднымі арганізатарамі вечара выступаюць і спадкаемцы песняра — малодшы сын пісьменніка Міхаіл Міцкевіч і ўнучка паэта — Марыя Міцкевіч.

У праграме вечара — народныя шатландскія танцы ў выкананні Мінскай школы сярэднявечнага танца Bassadance, музыка і спевы Шатландыі, вершы Роберта Бёрнса і Якуба Коласа.

Кульмінацыяй вечара стане дэгустацыя хагіса — нацыянальнай шатландскай стравы, апетай Робертам Бёрнсам у яго вершы «Ода хагісу».

Даведкі па т.: (17) 284-05-55, 284-17-02.

 

* * *

Роберт Бёрнс. Фіндлей

— Хто гэта грукае ў акно?
— Хто ж, гэта я — Фіндлей!
— Ідзі дамоў. Тут спяць даўно!
— Не ўсе! — сказаў Фіндлей.

— Як ты асмеліўся будзіць?
— Ды так, — сказаў Фіндлей.
— Кату марцоваму карціць…
— Карціць, — сказаў Фіндлей.

— Не адчыню — і не прасі…
— Прашу! — сказаў Фіндлей.
— Ты ж спаць да пеўняў не дасі.
— Не дам! — сказаў Фіндлей.

— Пусціць, а што, калі радня?..
— Пусці! — прасіў Фіндлей.
— Дык ты ж завалішся да дня.
— Да дня! — сказаў Фіндлей.

— Такога толькі прыручы…
— Так-так! — сказаў Фіндлей.
— Дык ты ж тут будзеш штоначы.
— І ўдзень! — сказаў Фіндлей.

— Смала. Пралазь, дапамагу…
— Хутчэй! — сказаў Фіндлей.
— Глядзі ж, нікому ні гу-гу!
— Угу! — сказаў Фіндлей.

Пераклаў Язэп Семяжон.

nn.by