"Шчаслівай долю назаві..." Вечарына памяці Ніны Мацяш

Да імпрэзы аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі падрыхтавана міні-выстава “Агмень яе душы”.
Ніна Мацяш нарадзілася 20 верасня 1943 г. у вёсцы Нівы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. Лаўрэат фестывалю «Берасцейская зорка-98», Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, Заслужаная дзяячка мастацтваў Беларусі.
У літаратурнай скарбонцы пісьменніцы зборнікі паэзіі «Агонь» (1970), «Удзячнасць» (1973), «Ралля суровая» (1976), «Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Шчаслівай долю назаві» (1990), «Богава дрэва» (2004), пятнаццаць кніг перакладаў з французскай, нямецкай, польскай, украінскай. Дзякуючы Ніне Мацяш, беларускія чытачы пазнаёміліся з творчасцю Жана Аліўе, Жоржа Сімянона, Антуана дэ Сент-Экзюперы, Ліны Кастэнкі і Віславы Шымборскай і інш. Сем кніжак падрыхтавала пісьменніца дзеткам, напісала некалькі тэлесцэнарыяў і п`ес для тэатра. Паасобныя творы Ніны Мацяш выдаваліся за мяжой – на рускай, украінскай, англійскай, польскай, французскай, нямецкай, балгарскай і іншых мовах. Многія вершы паэткі пакладзены на музыку прафесійнымі і самадзейнымі кампазітарамі. Да некаторых сваіх вершаў яна напісала музыку сама.
Не стала Ніны Язэпаўны Мацяш 19 снежня 2008 г.
У вечарыне прымуць удзел сябры паэтэсы, вядомыя беларускія пісьменнікі, навукоўцы, журналісты, студэнты і школьнікі розных навучальных устаноў нашай сталіцы.
Уваход вольны
Месца правядзення: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, 1 паверх, п. 110).
Паводле прэс-рэліза
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"