Шызафрэнізацыя культуры ў эпоху глабалізацыі

Гістарычнае развіццё як сусветнай, так і кожнай нацыянальнай культуры яскрава пацвярджае наяў­насць перыядаў культурнага росквіту і заняпаду, што неаднойчы прыходзілі на змену адно аднаму. Ніводная культура ў свеце не можа пастаянна развівацца дынамічна, паспяхова, не зведваючы пры гэтым момантаў запаволенага, замаруджанага развіцця і нават больш-менш працяглага рэгрэсу. Безумоўна, і айчынная беларуская культура не магла абыйсці гэтую ўсеагульную тэндэнцыю-заканамернасць.

І калі пачынаць гаворку пра сучасны стан культуры і грамадства, то адразу ўзнікае мноства пытанняў, якія аб’ектыўна патрабуюць знайсці на іх хоць якія-небудзь адказы. Прычым сярод найбольш істотных пытанняў можна назваць наступныя. Ці сапраўды сёння ў сферы культуры назіраецца відавочны, татальны крызіс? І, калі апошні мае месца, то, уласна кажучы, чым ён абу­моўлены? Чаму ў сённяшнім свеце застаецца мала запа­трабаванай высокая, элітарная культура? Колькі яшчэ будзе працягвацца культурны крызіс і ці існуюць рэальныя шляхі, метады і сродкі выйсця з яго? І ці меў, скажам, рацыю выдатны нямецкі філосаф і псіхолаг Карл Ясперс, калі ў сваёй кнізе “Духоўная сітуацыя часу” яшчэ восемдзясят гадоў таму з вялікай трывогай папярэджваў, што “духоўнасць гіне”, а “мастацтва становіцца гульнёй і задавальненнем (замест таго, каб быць шыфрам трансцэндэнцыі”? [1, с.359, 365]. А цяпер паспрабуем даць у нашым эсэ свае асабістыя, чыста суб’ектыўныя адказы на гэтыя і, мажліва, на некаторыя іншыя складаныя пытанні.

Узнікненне феноменаў глабальнай шызафрэнізацыі і шызафрэнічнай глабалізацыі

Як вядома, глабалізацыя аб’ектыўна накіравана на паступовую ўніфікацыю, нівеляванне эканомікі, палітыкі, культуры большасці краінаў на ўсіх кантынентах. Таму не выпадкова польска-брытанскі сацыёлаг Зігмунт Бауман адзначаў, што глабалізацыя для ўсіх людзей – гэта “непазбежная фатальнасць нашага свету, незваротны працэс; акрамя таго, працэс, які ў роўнай ступені і роўным чынам закранае кожнага чалавека” [2, с.9].

У той жа час уведзены мной тэрмін “шызафрэнізацыя культуры” таксама азначае ў пэўным сэнсе ўніфікацыю, паколькі тут маецца на ўвазе, што асобныя рысы характару і паводзінаў шызафрэнікаў (напрыклад, прымітыўнасць, цьмянасць і алагічнасць мыслення, абсурднасць і экстравагантнасць паводзінаў, эмацыянальнае збядненне і інш.) нібы пранізваюць усё вялікае “цела культуры”, пранікаюць углыб яго, насычаюць культурную прастору аднатыпнымі элементамі, хваравітымі з’явамі. Увогуле, псіхапаталагічным ядром шызафрэніі з’яўляецца т. зв. “дыскарданнасць” (расшчапленне) псіхічных функцый – г. зн. разузгодненасць мыслення, эмоцый і маторыкі чалавека. Акрамя таго, для хворых на шызафрэнію характэрныя відавочны “аўтызм” (г. зн. замкнёнасць у саміх сабе, у свеце сваіх фантазій і трызнення, адчужанасць ад іншых людзей), а таксама зніжэнне здольнасці перажывання станоўчых і, наадварот, абвостранае перажыванне негатыўных эмоцый і пачуццяў.

Дык ці ж мала мы бачым гэтых псіхапаталагічных праяваў у нашым сённяшнім такім мітуслівым і напаўвар’яцкім свеце? Мне здаецца, што падобных праяваў бадай што ва ўсіх сферах жыццядзейнасці індывіда і соцыума зараз стала не проста многа, а, можна сказаць, крытычна многа, паколькі за гэтай мяжой пачынаецца няўхільная дэградацыя многіх людзей – як саміх дзеячаў мастацтва, так і спажывальнікаў розных артэфактаў культуры, і, урэшце, зусім абыякавых да мастацтва людзей. У сваю чаргу, гэта негатыўна адбіваецца на агульным развіцці ўсёй сферы культуры, абумоўлівае яе відавочны крызісны стан у сучасным свеце.

У цэлым можна сказаць, што глабалізацыя і шызафрэнізацыя маюць пэўныя пункты падабенства, ці, іначай кажучы, своеасаблівыя пункты супадзення, перасячэння. І менавіта гэта спрычынілася да таго, што сёння ўзніклі раней нечуваныя феномены т. зв. “глабальнай шызафрэнізацыі” і адносна блізкай да яе па сваёй сутнасці “шызафрэнічнай глабалізацыі”. Дык якія ж найбольш адметныя, вызначальныя рысы маюць названыя феномены?

Коратка кажучы, “глабальная шызафрэнізацыя” азначае працэс няўхільнага, татальнага насычэння вышэйназванымі шызафрэнічнымі рысамі практычна ўсіх сфераў жыццядзейнасці людзей (палітычнай, эканамічнай і асабліва культурнай) на ўсіх кантынентах і практычна ва ўсіх цывілізаваных краінах свету. Падобнага кшталту шызафрэнізацыя набыла цяпер сапраўды глабальны, планетарны характар і па сутнасці “пранізвае” ўсе чалавечыя супольнасці – этнічныя, сацыяльныя, канфесійныя, прафесіянальныя і інш. З другога боку, паняцце “шызафрэнічная глабалізацыя” выяўляе менавіта нездаровы, хваравіты характар апошняй, а таксама сведчыць пра тое, што паступовае паскарэнне глабалізацыйных працэсаў аб’ектыўна спрыяе ўзнікненню і далейшаму ўзмацненню не столькі ўласна шызафрэніі ў медыцынскім сэнсе слова, колькі адмысловай “соцыякультурнай шызафрэніі”, якая і праяўляецца якраз у этнакультурнай сферы. У адрозненне ад біялагічна-медыцынскай шызафрэніі (на яе пакутуюць як мінімум 1-2 адсоткі ўсіх жыхароў практычна кожнай краіны свету), “соцыякультурная шызафрэнія” ахоплівае значна большую колькасць людзей і праяўляецца ў сферы іх паўсядзённага жыцця і працоўнай, творчай актыўнасці. Колькасць хворых на гэтую спецыфічную “хваробу”, мяркую, прыблізна на парадак вышэйшая за лік звычайных шызафрэнікаў. Гэта звязана з тым, што “соцыякультурная шызафрэнія” (у адрозненне ад біялагічнай) даволі лёгка і хутка перадаецца ад чалавека да чалавека, ад адной супольнасці людзей да другой, а праз другую – да трэцяй і г. д. Так атрымліваецца няўхільнае (ледзь не ў геаметрычнай прагрэсіі!) павелічэнне агульнай колькасці “сацыяльна-культурных шызафрэнікаў”.

І вось тут варта падкрэсліць, што чым болей праходзіць часу, тым больш інтэнсіўна гэтыя два спецыфічныя феномены – глабальнай шызафрэнізацыі і адпаведна шызафрэнічнай глабалізацыі – пачынаюць збліжацца, узаемапранікаць, непасрэдна ці апасродкавана ўплываць адзін на аднаго. Яны, вобразна кажучы, нібыта “спараджаюць” адзін аднаго, што праяўляецца, напрыклад, у тым, што глабалізацыя з-за сваёй “навязанасці” ўсім людзям і адсутнасці магчымасці ад яе пазбавіцца, дзе-небудзь “схавацца і адседзецца” звычайна прыводзіць да павелічэння ўнутранай напружанасці ў сферы духоўнай дзейнасці чалавека. А гэта ў сваю чаргу няўхільна вядзе да ўзмацнення некаторых распаўсюджаных псіхічных хваробаў – у тым ліку і шызафрэніі. Аднак у той жа час паглыбленне соцыякультурнай шызафрэніі пэўным чынам “падштурхоўвае” і саму культурную глабалізацыю, паколькі творцы з пэўнымі псіхічнымі адхіленнямі, зыходзячы са свайго надзвычайнага эгацэнтрызму і жадання любымі сродкамі і шляхамі пра­славіцца, больш-менш актыўна спрабуюць “прасоўваць” свае мастацкія творы за межы сваёй краіны – найперш на знешнія арт-рынкі.

Акрамя таго, неабходна падкрэсліць, што глабалізацыя гэтаксама як і шызафрэнізацыя, у сучасны перыяд маюць тэндэнцыю (па-сучаснаму кажучы – трэнд) да паступовага ўзмацнення, разгортвання. І яны ж непасрэдна або апасродкавана “спрычыняюцца” да пэўнага “расшчаплення” (падваення) свядомасці многіх людзей. Прычым пры звычайнай шызафрэніі падваенне асобы мае найчасцей прамы сэнс, калі чалавек пачынае сябе адносіць адначасова да некалькіх абсалютна непадобных людзей. У той жа час глабалізацыя вымушае цэлыя народы адначасова спраба­ваць займацца двума супрацьлеглымі праблемамі, што ўжо само па сабе надзвычай складана і даволі небяспечна – г. зн. з аднаго боку, адаптавацца да новых сацыякультурных абставінаў, звязаных з пашырэннем глабалізацыі, а з другога боку, прыкладаць немалыя намаганні па захаванні ўласных этнакуль­турных традыцый, феноменаў. Такая няпростая сітуацыя можа прыводзіць да нарастання ўнутранага інтэлектуальнага і духоўнага дыскамфорту, а праз гэта і да ўзмацнення агульнай хваравітасці ўсяго грамадства, да своеасаблівай “расшчэпленасці” грамадскай свядомасці, нацыянальнай самаідэнтыфікацыі (напрыклад, калі чалавек адначасова называе сябе беларусам і еўрапейцам, рускім і касмапалітам і г. д.).

У цэлым шызафрэнізацыя, як правіла, у сучасны перыяд не ўзвышае, а наадварот, часцей прыніжае культуру, а часам і спрычыняецца да яе няўхільнага “спрашчэння” – хаця дзеля справядлівасці адзначым, што ў гісторыі сусветнага мастацтва былі і сапраўды вельмі яркія, самабытныя творцы (Блэйк, Гёльдэрлін, Ніцшэ, Хлебнікаў і інш.), якія пакутавалі ад розных псіхічных хваробаў, і ў выніку некаторыя з іх часам траплялі ў вар’ятню. Але ж гэта было ў мінулыя стагоддзі, а сёння, у пачатку 21 ст., калі ў свеце практычна цалкам “перавяліся” сапраўдныя геніі (у тым ліку і геніі-вар’яты), тытаны духу, уласна шызафрэнічная творчасць хаця зрэдку і можа быць больш-менш таленавітай, самабытнай, але ж найчасцей выглядае другаснай, аднастайнай, нецікавай і неглыбокай.

Тады як натуральны шлях высокага мастацтва палягае ў адваротным накірунку – да яго “паглыблення”, пашырэння тэматычнага дыяпазону, пошукаў новых сродкаў мастацкай выразнасці. Дзеля пацвярджэння гэтай думкі можна прывесці хаця б той факт, што ў пачатку 20 ст. узнікла і набыло шырокую вядомасць столькі новых і незвычайных мастацкіх кірункаў, школаў і суполак (сімвалізм, футурызм, сюрэалізм, экспрэсіянізм, кубізм, дадаізм, акмеізм і да т. п.), не кажучы ўжо пра безліч разнастайных мастацкіх аб’яднанняў і суполак. А цяпер паспрабуем параўнаць тую бліскучую культурную эпоху (з вялікай колькасцю геніяльных творцаў) з сённяшнім часам, які ў плане культурных здабыткаў вызначаецца відавочна меншай разнастайнасцю, большай аднатыпнасцю і другаснасцю, а ў плане творцаў – адсутнасцю харызматычных універсальных геніяў і адначасова з гэтым – безліччу графаманаў, эпігонаў і малаадораных творцаў. Сумна, канечне, а часам і скрушна, але што ж тут зробіш. Як казалі старажытныя: “O tempora! O mores!”...

 

Эдуард Дубянецкі

 

Чытаць артыкул цалкам на dziejaslou.by