Школа Чака Паланюка выдасць зборнік апавяданняў на табуяваныя тэмы
Вядзецца пра апавяданні, напісаныя ў межах творчай майстэрні, якую Паланюк арганізаваў сем гадоў таму на просьбу прыхільнікаў на сваім фан-сайце. Доўгі час ён вучыў пісьменнікаў-пачаткоўцаў навыкам мінімалістычнага пісьма і зараз найлепшыя з іх прац увойдуць у анталогію пад назвай «Burnt Tongues» (“Спаленыя языкі”). Паведамляецца, што кніга закранае тэмы, “пра якія іншыя баяцца расказваць”.
“Апавяданні на табуяваныя тэмы, унікальныя галасы, шакавальныя вобразы ― толькі небяспечнае і жывое”, ― так анансуе зборнік выдавец.
“Гэта гісторыі ў дыяпазоне ад жахлівых і фантастычных да камічных і кранальных, дзе кожная чапляе моцна. Некаторыя нават могуць пакінуць шнар.” ― гаворыцца ў апісанні кнігі. Рэдактарамі выдання акрамя Паланюка стануць таксама Рычард Томас і Дэніс Відмаер, яно выйдзе ў брытанскім выдавецтве Titan Books сёлета ўвосень.
Цяпер Чак Паланюк таксама працуе над графічным раманам, які мусіць стаць сіквелам «Байцоўскага клубу». Падзеі ў ім адбываюцца праз 10 гадоў пасля скону Тайлера Дэрдэна.
Паводле vozduh.afisha.ru і theguardian.com
На фота: Чак Паланюк, здымак Нэльсана Барнарда.