Школа маладога пісьменніка адчыняе дзверы і абвяшчае пра новы набор (+УМОВЫ ПАСТУПЛЕННЯ)

Злева направа: адна з каардынатарак Школы Алена Казлова, выкладчыцы: Наталля Паваляева, Ганна Бутырчык, Людміла Рублеўская

Алена Казлова

Вядоўца сустрэчы Алена Казлова прэзентавала праект Школы маладога пісьменніка, распавёўшы пра тое, як ён уладкаваны, якім чынам адбываецца навучальны працэс і -- галоўнае -- абвясціла пра пачатак прыёму заявак на новы набор. Летась конкурс быў сур'ёзны -- 5 чалавек на месца. Заснавальнікі спадзяюцца, што сёлета цікавасць да навучання ў Школе таксама будзе вялікай.

Пасля арганізацыйнай часткі наведнікаў чакалі абяцаныя ў абвестцы тры міні-лекцыі і адпаведна тры пісьмовыя практычныя заданні. Найсмялейшыя з гледачоў агучвалі вынікі сваёй працы і атрымлівалі ацэнку выкладчыц.

Наталля Паваляева

Пра функцыі дыялогу ў мастацкім тэксце і пра спецыфіку яго стварэння распавяла пісьменніца, кандыдат філалагічных навук Наталля Паваляева. У якасці задання было прапанавана напісаць кароткі дыялог з загадзя зададзенай сітуацыяй (два чалавекі, кухня, халадзільнік) і першай фразай: "Што будзем есці?"

Людміла Рублеўская

Літаратарка, крытык, журналістка Людміла Рублеўская закцэнтавалася на псіхалогіі творчасці і выхаванні ў навучэнцах нестандартнага мыслення, а пасля прапанавала наведнікам выпадкова выцягнуць па адным слове (назоўнік, прыметнік, дзеяслоў) з кожнага з трох канвертаў, скласці з гэтых словаў назву мастацкага твора, прыдумаць яго жанр і напісаць яго кароткую анатацыю. На ўсё пра ўсё ў маладых пісьменнікаў было 5 хвілін, і многія справіліся выдатна, прадэманстраваўшы крэатыўнасць і добрае пачуццё гумару.

Ганна Бутырчык 

Літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Ганна Бутырчык прадставіла публіцы канцэпт "адзіўлення" (належыць Віктару Шклоўскаму), што фактычна азначае сыход ад банальнасці, пошукі аўтарам навізны, якая можа прывабіць чытача, але часта гэтая навізна ў творы можа праяўляцца як індывідуалізаванае апісанне рэчаў і з'яў, апісанне звычайнага прадмета ў нязвыклым, наватарскім ракурсе. Заданне наступнае: неабходна было ў некалькіх сказах апісаць якую-небудзь рэч, выкарыстоўваючы пачуцці і ўражанні ад яе: слыхавыя, тактыльныя, візуальныя, смакавыя і пад., каб чытачу стала зразумела, пра што канкрэтна вядзецца гаворка.

Напрыканцы сустрэчы выступоўцы адказалі на пытанні, датычныя працы Школы маладога пісьменніка, і запрасілі ўсіх ахвотных падаваць заяўкі і спрабаваць сябе ў літаратуры.

Тэкст і фота: Віка Трэнас, БОЛЬШ ФОТА ТУТ

ЯК ПАСТУПІЦЬ У ШКОЛУ МАЛАДОГА ПІСЬМЕННІКА? 

Школа маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” — нефармальны адукацыйны праект. Заняткі два разы на месяц па суботах. Навучанне — бясплатнае, група — 15-20 чалавек.

Умовы паступлення

* Узрост: ад 18 гадоў.

* Заяўка на адрас shkola.pismennika@gmail.com да 15 жніўня 2016 г. 

У заяўцы: 1) уласны празаічны мастацкі тэкст любога жанру на беларускай альбо рускай мове аб’ёмам 2-5 старонак, 2) матывацыйны ліст з адказам на пытанне, чаму вы хочаце вучыцца ў Школе пісьменніка.

Афармленне заяўкі

* Тэма ліста: “Школа 2016-2017”.

* Прозу і матывацыйны ліст дасылайце разам адным файлам фармата .doc. На першай старонцы пазначце сваё імя і прозвішча, адрас пражывання, дату нараджэння, e-mail і кантактны нумар тэлефона. 

* Файл назавіце лацінкай наступным чынам ― "вашае прозвішча, ніжняе падкрэсліванне, вашае імя", напрыклад: Pilshtynova_Salameja.doc ці Bahdanovich_Maksim.doc

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"