Школа маладога пісьменніка пабывала ў Магілёве

У Магілёве: вецер прахалодны, настрой бадзёры!

У складзе “літаратурнага дэсанту” — сем навучэнцаў Школы з Гародні, Гомеля, Магілёўскага раёна, Мінска, а таксама адна з каардынатарак Школы Алена Казлова (Анка Упала) і паэтка Віка Трэнас. Вечарына прайшла ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” 

Сустрэлі гасцей сябры гарадскога літаратурнага клуба “Святліца” на чале з Тамарай Аўсяннікавай, Старшыня магілёўскага абласнога аддзялення СБП Мікола Яцкоў, паэтка Ала Яцкова, старэйшыя пісьменнікі Міхась Булавацкі, Эдуард Мядзведскі, малады паэт Аляксей Карпенка ды іншыя. 

Сустрэча з Тамарай Аўсяннікавай і дзяўчатамі з клуба "Святліца".

Тамара Аўсяннікава, Ала і Мікола Яцковы.

Сёлета маладыя аўтары пад кіраўніцтвам выкладчыкаў Наталкі Бабінай, Ганны Бутырчык і Людмілы Рублеўскай асвойвалі ў Школе маладога пісьменніка майстэрства прозы. Але на імпрэзе дзяўчаты і хлопцы чыталі і апавяданні, і вершы.

Вольга Агапонава (Гародня), Лілія Гусарава (Магілёўскі р-н), Артур Камароўскі (Гародня), Анастасія Кацюргіна (Гомель) выступілі і з празаічнымі, і з паэтычнымі тэкстамі.

Большасць навучэнцаў Школы пачыналі пісаць па-руску, але цяпер спрабуюць па-беларуску, ці, прынамсі, перакладаюць свае творы на родную мову. Нехта піша паралельна на дзвюх мовах, як, напрыклад, Воля Агапонава.

Воля Агапонава, Ліля Гусарава, Стася Кацюргіна.

На пытанне, наколькі складана існаваць адначасна ў дзвюх розных ментальнасцях, дзяўчына адказала, што асабіста для яе гэта спосаб бачыць свет больш разнастайным, бо ёсць тэмы, асвятляць якія можна толькі па-руску, або ў іншым выпадку — толькі па-беларуску.

Цягам імпрэзы пісьменнікі і чытачы не аднаразова абмяркоўвалі з’яву білінгвізму і яе ўплыў на творчасць і мысленне, што актуальна для нашага грамадства ўжо колькі стагоддзяў і па сённяшні дзень.

Мікіта Волкаў, Павел Якуць.

Мікіта Волкаў і Павел Якуць прачыталі свае беларускамоўныя апавяданні, а Міраслаў Шапавалаў — рускамоўнае. Зрэшты, усе — і хлопцы, і дзяўчаты аднолькава добра былі прынятыя гледачамі, іх выступленні запомніліся непадробнай шчырасцю, эмацыйнасцю, артыстызмам.

Міраслаў Шапавалаў, Артур Камароўскі, Воля Агапонава.

Пісьменніца Алена Казлова (Анка Упала) як адна з мадэратарак навучання распавяла пра арганізацыю працы Школы і адказала на пытанні сваіх землякоў. Паэтка Віка Трэнас праанансавала свежы, 70-ты нумар часопіса “Дзеяслоў” і прачытала некалькі новых вершаў. 

На заканчэнне сустрэчы свае творы прачыталі выхаванцы гарадскога літаратурнага клуба “Святліца”, а аўтары найлепшых пытанняў, зададзеных гасцям, атрымалі падарункі ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Тэкст ВТ, фота Алены Казловай для lit-bel.org

***

Школа дзейнічае як нефармальны адукацыйны праект, сертыфікат аб яе заканчэнні не замяняе дыплома афіцыйных навучальных устаноў.

Умовы для кандыдатаў:

Узрост — да 25 гадоў.

Для падачы заяўкі кандыдату на залічэнне ў Школу неабходна даслаць свой уласны празаічны мастацкі тэкст любога жанру аб’ёмам 2-5 старонак, а таксама матывацыйны ліст з адказам на пытанне, чаму вы хочаце вучыцца ў пісьменніцкай школе.

Афармленне заяўкі:

Заяўкі прымаюцца па электроннай пошце да 1 кастрычніка па адрасе sbp@lit-bel.org.

Тэму ліста пазначце як “Школа”.

Прозу і матывацыйны ліст дасылайце разам у адным файле Word фармата .doc. На першай старонцы пазначце сваё імя і прозвішча, поўны паштовы адрас, дату нараджэння, e-mail і кантактны нумар тэлефона.

Пры паспяховым залічэнні ў Школу Вам будзе паведамлена пра гэта да пачатку заняткаў па кантактах, якія Вы пакінулі. Заяўкі не рэцэнзуюцца.