Школа маладога пісьменніка пры СБП пачала сваю працу

3 кастрычніка адбылася арганізацыйная сустрэча выкладчыкаў і навучэнцаў Школы маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Як расказалі старшыня СБП Барыс Пятровіч і яго намеснік Эдуард Акулін,  Школа будзе працаваць цягам васьмі месяцаў. Навучэнцы змогуць наведваць лекцыі спецыялістаў па тэорыі літаратуры, паэтыцы, прозе, драматургіі, кіно ды інш. У групах пройдуць асобныя семінарскія заняткі, на якіх маладыя аўтары будуць разбіраць і ацэньваць свае і чужыя творы  разам з куратарамі.

Весці практычныя семінары па прозе і эсэістыцы будуць Алесь Пашкевіч і Валянцін Акудовіч, паэтаў і перакладчыкаў паэзіі будуць курыраваць Уладзімір Някляеў і Андрэй Хадановіч.

Першыя заняткі ў Школе маладога пісьменніка пройдуць 10-га кастрычніка. Пятро Васючэнка прачытае лекцыю па тэорыі прозы, майстар-клас правядзе Алесь Разанаў.

Прэсавая служба СБП