Школа празаікаў на фестывалі паэзіі
Мадэравалі імпрэзу пісьменніцы і перакладчыцы Юля Цімафеева і Алена Казлова, куратаркі Школы маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” — так гучыць афіцыйная назва нефармальнага адукацыйнага праекта, які дзейнічае трэці год. У прывітальнай прамове літаратаркі расказалі пра тое, як у 2012 годзе пачыналася незвычайная пісьменніцкая навучальная ініцыятыва, і перадалі слова адной з выкладчыц Школы Людміле Рублеўскай.
Людміла Рублеўская
Людміла Іванаўна адзначыла, што не толькі выкладае, але і сама шмат чаму вучыцца на гэтых літаратурных занятках і папрасіла сваіх навучэнцаў не крыўдаваць на крытыку і заўвагі, бо на яе думку, "ніякая важная справа не абыходзіцца без болю".
Першай у антыпаэтычным марафоне выступіла Ксенія Шталянкова, якая прачытала сваё апавяданне пра Папялушку і загадала некалькі загадак паводле першай часткі сваёй трылогіі "Адваротны бок люстра". За правільныя адказы Алена Казлова і Антон Рудак атрымалі ў падарунак ад Ксені аўтарскія закладкі.
Ксенія Шталянкова
Другім выступіў Аляксандр Дамброўскі – навучэнец сёлетняй Школы маладога пісьменніка. Малады празаік зачытаў некалькі сваіх твораў на вострасацыяльную тэматыку. Дыялогі з невялічкіх апавяданняў Аляксандру дапамагала чытаць ягоная калега Крысціна Бандурына, таксама навучэнка сёлетняга набору Школы.
Крысціна Бандурына і Аляксандр Дамброўскі
Мікіта Волкаў вучыўся ў Школе маладога пісьменніка летась, але ўжо знаёмы чытачу па публікацыях у "Нашай ніве" і іншых выданнях. Мікіта сканчвае медыцынскі ўніверсітэт, таму ў ягоных творах адлюстроўваюцца будні шэраговых паліклінік і лякарняў, часам трагічныя і шакавальныя для звычайнага чытача.
Мікіта Волкаў і Юля Цімафеева
Крысціна Бандурына прачытала лірычнае апавяданне пра свой досвед прадавачкі марозіва ў спякотны летні дзень, а адказваючы на пытанне з залі, сказала, што амаль ніколі не прыдумляе сюжэтаў для сваіх твораў, і ўсё, пра што яна піша, – гэта рэальныя гісторыі з асабістага вопыту, бо калі ты гэтага не пражыў сам, то чытач проста табе не паверыць.
Крысціна Бандурына
Завяршаў вечар антыпаэзіі аўтар нашумелай кнігі "Полигон" – Андрэй Лазуткін, які пажартаваў, што пасля заканчэння Школы і выхаду дэбютнай кнігі зрабіўся вядомым пісьменнікам. Нечакана для ўсіх сваё аўтабіяграфічнае апавяданне Андрэй прачытаў па-беларуску, выклікаўшы апладысменты публікі.
Юля Цімафеева і Андрэй Лазуткін
Альгерд Бахарэвіч і Юля Цімафеева
У зале - гомельскі пісьменнік Сяргей Балахонаў
Напрыканцы іпрэзы Юля Цімафеева і Алена Казлова расказалі, як можна трапіць у Школу маладога пісьменніка (падрабязна пра ўмовы набору чытайце ТУТ), і саступілі пляцоўку Дзмітрыю Плаксу, Ігару Корзуну і гурту Drum Ecstasy, якія працягнулі апошні фестывальны вечар паэтычна-музычным пэрформансам "Навязванне".
Дар'я Латышава для lit-bel.org
Фота Алены Казловай