Школа пісьменніка запрашае на дзень адчыненых дзвярэй — 9 верасня
Калі вы спрабуеце пісаць прозу і дагэтуль вагаецеся, ці варта вам удзельнічаць у конкурсе на навучанне ў Школе, прыходзьце!
Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч апавядзе пра перспектывы навучання ў Школе.
Выкладчыцы практычных заняткаў прапануюць невялікае заданне, якое нескладана будзе зрабіць проста падчас імпрэзы. З літаратуразнаўцай Ганнай Бутырчык вы пазнаёміцеся з прыёмам “адзіўлення”, з пісьменніцай Наталляй Паваляевай паспрабуеце будаваць дыялогі, празаік Людміла Рублеўская раскажа, як развіваць уяўленне і ўжываць мастацкія тропы.
Каардынатаркі Школы Алена Казлова і Юлія Цімафеева падрабязней раскажуць пра Школу пісьменніка і падачу заяўкі.
Школа маладога пісьменнікапры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” — нефармальны адукацыйны праект для дарослых ад 18 гадоў. Яна працуе для тых, хто апантаны літаратурай, хто чытае і піша прозу. Яна для тых, хто хоча глыбей разумець класічныя творы айчыннай і сусветнай літаратуры, адкрываць для сябе новых аўтараў і аўтарак, атрымліваць кампетэнтнае меркаванне пра ўласную творчасць, намацваць уласны пісьменніцкі стыль, камунікаваць з такімі ж захопленымі літаратурай калегамі і каляжанкамі.
Заняткі два разы на месяц па суботах.
Навучанне — бясплатнае, група — 15-20 чалавек.
Уваход на імпрэзу – вольны.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"