Школу маладога пісьменніка сустракалі ў Берасці

Свае дэбютныя творы чыталі Мікіта Волкаў, Зося Іванюціна, Артур Камароўскі, Аляксей Карпека, Дар'я Латышава, Юлія Мароз, Мілана Пасанен і Павел Якуць.

На філалагічным факультэце БрДУ імя Пушкіна мінскіх гасцей сустрэў загадчык кафедры беларускай літаратуры Уладзімір Сенкавец. Сустрэча са студэнтамі філфака праходзіла ў цэнтры Калесніка. У аўдыторыі быў аншлаг. Уладзімір Адамавіч пасля кароткага прывітання перадаў слова Людміле Рублеўскай. Пісьменніца расказала пра сябе, сваю творчасць, апошнія выдадзеныя кнігі, распавяла пра Школу маладога пісьменніка і прадставіла яе навучэнцаў. Пасля чытання сваіх твораў маладыя празаікі і Людміла Рублеўская адказалі на пытанні аўдыторыі. Па заканчэнні сустрэчы выступоўцам правялі экскурсію па зімовым садзе ў старажытным будынку ўніверсітэта.

 

Дар'я Латышава, Людміла Рублеўская, Мікіта Волкаў, Павел Якуць. 

 

Людміла Рублеўская расказвае пра Школу.

У першым шэрагу аўтары ШМП Юля Мароз, Мілана Пасанен са сваёй бабуляй Зосяй Іванюцінай.

Чытае Юля Мароз.

Перад тым, як адправіцца на сустрэчу са студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, маладыя літаратары наведалі Брэсцкую крэпасць і археалагічны музей "Бярэсце".

Тэхнічны ўніверсітэт здзівіў неверагоднай творчай атмасферай. Пасля выступаў навучэнцаў Школы ім далі паэтычны адказ берасцейскія студэнты. Аказалася, што і "тэхнары" могуць пісаць пранізлівыя і душэўныя вершы. Магчыма, хтосьці з іх будзе навучэнцам новага набора ў Школу маладога пісьменніка. А выкладчыца кафедры рускай і беларускіх моў Таццяна Мхаян расказала пра сваіх таленавітых вучняў і падаравала гасцям літаратурны зборнік "Физики и Лирики", які ствараецца дзякуючы ініцыятыве і намаганням выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта.

 

У першым шэрагу - Павел Якуць, Дар'я Латышава, Артур Камароўскі, Мікіта Волкаў.

Зося Іванюціна і Мілана Пасанен.

Чытае Мікіта Волкаў.

Дэбютны выступ навучэнцаў Школы маладога пісьменніка атрымаўся. Задаволенымі засталіся і публіка, і выступоўцы. У Мінск літаратары вярталіся поўныя ўражанняў, натхнення і жадання прыехаць у Берасце яшчэ.

 

Дар’я Латышава,

Фота Аляксея Карпекі.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"