«Шпаркі, лёгкі матылёк»: пяты выпускны ў Школе маладога пісьменніка

Традыцыйна для фінальнай вечарыны Школы выпускніцы і выпускнікі сумесна абіраюць пэўную адметную дэталь у адзенні. Сёлета гэта гальштук-матылёк.

Цэлы год студэнткі і студэнты Школы слухалі лекцыі па літаратуры, наведвалі майстар-класы беларускіх і замежных аўтараў, пісалі свае ўласныя тэксты і абмяркоўвалі іх з выкладчыцамі Ганнай Бутырчык, Людмілай Рублеўскай і Наталляй Паваляевай.

На выпускной вечарыне ўсе, хто цікавіцца сучаснай беларускай літаратурай, змогуць паслухаць тэксты пісьменніц і пісьменнікаў-пачаткоўцаў, створаныя падчас навучання ў Школе.

Школа маладога пісьменніка як нефармальны адукацыйны праект для дарослых працуе пяты год. Летась быў уведзены другі курс навучання, конкурсны адбор на які праводзіцца сярод выпускнікоў Школы папярэдніх гадоў.

Падрабязней пра праект чытайце ТУТ.

Абвесткі пра наступны набор у Школу з’явяцца ў жніўні. Каб не прапусціць іх, падпісвайцеся на старонку Школы ў FB і сачыце за навінамі на сайце lit-bel.org.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"