Шпацыры па беларускай Маскве: дом Алеся Адамовіча

У гэты панядзелак, 3 верасня, споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння Алеся Адамовіча, выбітнага беларускага пісьменніка і грамадзкага дзеяча. Апошнія гады свайго жыцця Адамовіч правёў у Маскве.

Дом, у якім ён жыў, знаходзіцца ў самым цэнтры горада па адрасе Бальшой Казіхінскі завулак 17 буд. 1. Гэта ў адным з найбольш рамантычных і маляўнічых раёнаў старой Масквы — на Патрыяршых Сажалках, знакамітых па булгакаўскіх «Майстру і Маргарыце».

Шпацыры па беларускай Маскве: дом Алеся Адамовіча  

Лічыцца, што ў Маскву Адамовіч быў вымушаны з’ехаць пасля канфлікту з кіраўніцтвам БССР. Пісьменнік быў ці не першай грамадскай фігурай такога маштабу, хто падняў пытанне пра бяздзеянне савецкіх уладаў у час Чарнобыльскай катастрофы.

Адамовіч жыў у Маскве з 1987 года да сваёй смерці ў 1994 годзе. У 1989 годзе быў абраны Народным дэпутатам СССР — членам першага і апошняга адносна дэмакратычнага парламента Савецкага Саюза. У наступныя гады пісьменнік актыўна падтрымліваў як дэмакратычныя пераўтварэнні ў Расіі, так і дэмакратызацыю і нацыянальнае адраджэнне ў Беларусі.

У 1990–1992 гадох ён узначальваў маскоўскае Таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны, найстарэйшую арганізацыю беларускай дыяспары ў Маскве, якая існуе і дагэтуль.

 

Алесь Чайчыц, nn.by