Штамп у пасведчанне аб нараджэнні

фота з фэйсбука Школы маладога пісьменніка

Пра тое, што выпускны дзень надышоў, мне нагадала аб'ява ў падземным пераходзе: «У сувязі з – продаж алкаголю прыпыняецца з 8.00 да 8.00». Каля вакенца кіёску штосьці ўдакладняючы стаяла кампанія мужчын, і я падумаў, што творчыя людзі – выпускніцы і выпускнікі Школы маладога пісьменніка – мусілі парупіцца пра свой “апошні званок” загадзя, бо іначай якое гэта будзе святкаванне? Адна ілюзія.

Падыходзячы да Літаратурнага музею Петруся Броўкі, дакладней да месца дыслакацыі ягонай шыкоўнай мемарыяльнай кватэры, рыхтаваўся да багемнай атмасферы і хаатычнай арганізацыі – дзе дваццаць маладых пісьменнікаў збяруцца, там звычайна разброд і гамон і звон, тытунёвыя фіміямы з тонкіх чорных муштукоў, размовы пра сябе і пра літаратуру ў сабе, лексіка-сінтаксічная экзекуцыя старэйшага пакалення і поўнае супадзенне ў поглядах на стан сучаснага палітычнага поля. На справе ў кватэру Броўкі ўвайшло нешта кардынальна іншае, штосьці сапраўды школьнае – прыгожыя людзі ўсміхаліся на ўсе свае магчымасці, і было бачна, што яны напраўду хвалююцца, напоўніцу адчуваюць урачыстасць моманту і якоесь замілаванне да каляжанак і калегаў. Бо дзень апошні. Уведзены ў стан квазіфрустрацыі, я, разам са сваім заваленым гарызонтам чаканняў, уцёк у калідор, уссеўся на дзве сінія падушкі і заплюшчыў вочы і пачаў слухаць, што гаворыцца “там, за дзвярыма”.

Гаварылася там шмат, але коратка і па сабжы, бо самых выступоўцаў было больш за два дзясяткі, то рэгламент абавязваў да лаканічнасці. Куратаркі школы Юлія Цімафеева і Алена Казлова адзначылі, зазначылі і падкрэслілі ўсю важнасць існавання Школы пісьменніка і тое, як добра на гэты раз былі матываваныя навучэнкі і навучэнцы. Старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў, рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч павіншаваў “школьнікаў” з выпускам і папрасіў паболей твораў, якія выклікалі б здзіўленне, бо з гэтага здзіўлення якраз і жывіцца літаратура. Далей па альфабэтным парадку выступалі і спрабавалі здзівіць, уласна кажучы, самі выпускніцы, два выпускнікі і трое выкладчыц: Ганна Бутырчык, Наталля Паваляева і Людміла Рублеўская; усіх іх па чарзе выклікалі з бітма запоўненай кватэры Броўкі двое суіскальнікаў сэртыфікатаў Школы: Канстанцін Касяк і Дар’я Кулік.

На сцэну кожны ішоў, як на дзяржаўны іспыт, трымаючы ў руках шпоры – свае літаратурныя творы. І калі атмасфера літаратурных чытанняў прозы не патрабуе асаблівай дэталізацыі, то рэплікі, якія папярэднічалі агучванню твораў ці ўрыўкаў, былі даволі паказальныя: у паветры насілася параўнанне з радзільнай залай: што праўда, яго ніхто не паспеў агучыць, але амаль кожная аўтарка так ці інакш падыходзіла да тэмы. “Ці ёсць жыццё пасля школы? Хіба ёсць!”; “Школа – гэта сховішча, я б засталася тут яшчэ і на другі год”; “Вера Філенка параўнала восем месяцаў навучання з цяжарнасцю. Дык вось, сёння мы нарадзіліся!”

Мне намроіліся два дзясяткі мокрых немаўлят у небеспадстаўнай трывозе і крыку, і я падняўся з калідорных падушак і зазірнуў у залу: на зэдліках усё гэтак жа сядзелі выпускніцы школы, а замест плацэнтаў трымалі ў руках раздрукаваныя аркушы А4 з літаратурнымі творамі.

“На апошнім занятку ў мяне спыталі: “Як далей жыць?”. Хачу сказаць: не бойцеся і не здавайцеся” – выступ Людмілы Рублеўскай меў выразнае падабенства з энцыклікамі Караля Вайтылы. Нованароджаныя ўсхвалявана ўслухоўваліся ў словы і думалі пра будучыню. Прагрэс быў навідавоку для кожнага – Канстанцін Касяк пахваліўся, маўляў, “Віталь Рыжкоў казаў раней, што я пішу факультатыў, а цяпер кажа, што я пішу не факультатыў”. Але што рабіць далей з гэтым нефакультатывам? Ці хопіць моцы на кнігу? Ці хопіць цярплівасці “далей жыць” – пры тым, што палова агучаных тэкстаў была на рускай мове, для якіх у Мінску наагул няма фактычна літаратурных выданняў, за выключэннем “Нёмана”, куды мала хто даходзіць.

Пакуль жа сапраўды добра, як сказала выкладчыца Наталля Паваляева, што ёсць месца, дзе ўсе гэтыя тонкія натуры могуць сабрацца разам, павыпаўзаць са сваіх зацішных кутоў, раскіданых па абшарах краіны, пачытаць адно аднаму творы, урэшце проста пазнаёміцца – мяркуючы па кпінах і жартах, “унутрысямейных цытатах”, якія шточас усплывалі ў прамовах дыпламантаў і ўсімі тут жа падхопліваліся, на курсе ўсталявалася нязмушаная атмасфера.

Напрыканцы ўсіх чакала “раздача сланоў”, а менавіта сертыфікатаў пра заканчэнне Школы, якія, з увагі на вышэйсказанае, можна было назваць і пасведчаннямі аб нараджэнні. Па выхадзе з радзільнага дому дыпламанткі і дыпламанткі ўліліся ў кантэкст агульнагарадскіх святкаванняў выпускнога, умца-умцалі сумнеўнай музыкай кавярні на праспекце, калі я вяртаўся дадому, але ў якой з іх растварыліся літаратаркі і літаратары, цяжка было зразумець. Горад удаваў, што нічога асаблівага не адбылося. Як быццам бы і не ўзнікла новай генерацыі беларускай прозы, лічыцца з якой неўзабаве давядзецца ўсім.

Куратаркі Школы маладога пісьменніка Юлія Цімафеева і Алена Казлова

Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч

Марыя Бадзей

Юлія Арцёмава

Наталля Бінкевіч

Уручэнне сертыфікатаў

Выпуск Школы маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” – 2016.

 

  1. Арцёмава Юля
  2. Бадзей Марыя
  3. Бінкевіч Наталля
  4. Булатоўская Марына
  5. Галуза Святлана
  6. Голубева Наталля
  7. Гузіно Віялета
  8. Длатоўская Аліна
  9. Жылінская Алена
  10. Камінская Зараслава
  11. Касяк Канстанцін
  12. Кулік Дар’я
  13. Лістота Ніна
  14. Маляўка Марыя
  15. Русецкая Дар’я
  16. Сямашка Юлія
  17. Ушкевіч Рыма
  18. Федчанка Аляксандра
  19. Філенка Вера
  20. Шаматульскі Сяргей

 

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org