Што чыталі ў мінулым годзе на сваіх электронных дэвайсах аматары беларускай літаратуры?

Глядзіце вынік – усё заснавана на рэальных лічбах. У тройцы лідараў кнігі, якія існуюць толькі ў электронным фармаце. У спісе апынуліся бестселеры трох найбольш вядомых выдавецтваў Беларусі.

1. Кухмістр Верашчака “Літвінская кухня” – Сапраўдны кулінарны нон-фікшн з уводзінамі ў гісторыю страў. Гэтая ўнікальная кніга складаецца з баек, напісаных добра вядомым Кухмістрам Верашчакам для «Нашай Нівы» і «Звязды» цягам апошняга дзесяцігоддзя. Блізкае знаёмства з «Кухаркай Літоўскай», кулінарнымі рэаліямі паэмы «Пан Тадэвуш», мемуарамі Леона Патоцкага, Яна Булгака, Мельхіёра Ваньковіча, Міхала Паўлікоўскага і многімі іншымі тэкстамі ХІХ – першай паловы ХХ ст. стварае досыць арганічную карціну кухні, якую сёння ўсё часцей называюць «літвінскай». Гэта шляхецкая і мяшчанская кухня былога ВКЛ, у нейкай ступені таксама – заможнага сялянства.

2. Макс Шчур “Завяршыць гештальт”ПЕРАМОЖЦА ПРЭМІІ ГЕДРОЙЦА 2016 ГОДА!
«Завяршыць гештальт» — дзённік падарожжа «чалавека з фотаапаратам» у прасторы і часе, з Чэхіі ва ўлюбёную краіну ягонай маладосці Галандыю. Па дарозе герой-апавядальнік сустракае людзей з розных краін Еўропы і свету, абмяркоўвае з імі надзённыя пытанні эстэтыкі, эротыкі і геапалітыкі і напружана чакае, калі з ім нарэшце здарыцца нешта, што апраўдае ягонае рашэнне выехаць за мяжу — як цяпер, так і дваццаць гадоў таму з Беларусі. Ён перакананы, што галоўная сустрэча ягонага жыцця чакае яго ў Амстэрдаме.

3. Уладзімір Садоўскі «1813» – Першы зомбі-хорар па-беларуску!

Дзеянне навэлы “1813” адбываецца ў 1813 годзе ў апошнія дні зімы. У разбуранае Вялікай вайной мястэчка на ўскрайку Мінскай губерні наведваецца госць са сталіцы. Міхал Клеафас Агінскі — дыпламат, кампазітар, а зараз сенатар Расійскай Імперыі — прыязджае пагасціць да свайго дзядзькі ў фамільны замак ля Маладэчна. З надыходам адлігі ў наваколлях мястэчка пачынаюць адбывацца незразумелыя рэчы: забітыя жаўнеры паўстаюць з поля мінулай бітвы і нападаюць на жыхароў паселішча. Хутка замак Агінскіх апынаецца ў аблозе хадзячых мерцвякоў. Міхалу Клеафасу не застаецца нічога іншага, як зноў узяць у рукі зброю і змагацца за свабоду роднага края. Толькі гэтым разам ворагам будуць не жывыя людзі, а паўсталыя пачвары.

4. Альгерд Бахарэвіч “Белая муха, забойца мужчын”ДРУГАЯ ПРЭМІЯ ГЕДРОЙЦА 2016 ГОДА!

Адна з найбольш чаканых кніг 2016 года! Раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?

5. Віктар Марціновіч “Мова” – раман разышоўся некалькімі тысячамі асобнікаў і быў пераведзены на нямецкую мову. Кніга адразу ставіць перад вамі пытанне: Ці можаце вы ўявіць Беларусь без Беларусі? Гэты раман — страшны сон пра будучыню, прадухіліць якую можна толькі ў лучнасці з тым скарбам, вакол якога і распачынаецца дзеянне гэтага лінгвістычнага баевіка.

6. Альгерд Бахарэвіч “Дзеці Аліндаркі”- Кніга – удзельнік праекта movabox.

Героі нашумелага рамана Альгерда Бахарэвіча — беларускамоўныя дзеці, пацыенты загадкавай установы пад назваю “Лагер”. Як сучасныя Гэнзэль і Грэтэль, яны трапляюць у цёмны лес, дзе іх чакаюць зусім не дзіцячыя прыгоды. Казка, сатыра, антыўтопія — кнігу можна аднесці да кожнага з гэтых жанраў, але яна ўсё роўна застаецца кнігай пра нас, тых, хто жыве тут і цяпер.

7. Тадэвуш Далэнга-Мастовіч «Знахар» – Меладраматычны бестселер вядомага польскага пісьменніка апавядае пра выбітнага варшаўскага хірурга, прафесара Рафала Вільчура, які пасля страты памяці і шматгадовых бадзянняў пад іменем Антонія Касібы трапляе парабкам на млын у мястэчку на Браслаўшчыне, дзе нечакана выяўляе ў сябе невытлумачальную здольнасць лячыць людзей. На беларускую мову перакладаецца ўпершыню.

8. Сяргей Балахонаў “Інфанта і аднарог”- раман, які адразу стаў сапраўдным хітом у беларускіх чытачоў!

У адной са школаў, здавалася б, тыповага беларускага горада пачатку ХХІ ст. пяты год працуе малады настаўнік і літаратар Эрнест Скіргайлавіч Баластоўскі. За пару дзён да новага навучальнага года яго раптоўна прызначаюць класным кіраўніком у зусім няпросты выпускны клас. Настаўнік з неахвотай бярэцца за гэтую справу, паралельна адзначаючы цікавасць да сваёй асобы як з боку каляжанак ды старшакласніц, так і з боку загадкавай КНАКС – Камісіі па надзвычайнай ахове культурнай спадчыны, супрацоўнік якой папярэджвае яго пра верагоднасць сутыкнення са з’явамі звышнатуральнага парадку. Навучальны год робіцца для Баластоўскага сапраўдным выпрабаваннем, у якім вычварна пераплятаюцца педагагічныя нягоды, несупадзенні каханняў і нават цэлыя сусветы, куды фантастычным чынам рэгулярна «засмоктвае» настаўніка. Што страшней – настаўніцкая руціна ці ноч пры калінавым мосце? Што больш складана – выхоўваць праблемных выпускнікоў ці змагацца за каханне пад свінцовым дажджом Сталінграда? Ці здолее галоўны герой развязаць клубок праблем, каб знайсці галоўнае – разуменне і ўзаемнасць пачуцця? Адказы на гэтыя пытанні можна атрымаць, прачытаўшы новы раман Сяргея Балахонава «Інфанта і аднарог».

10. Андрэй Адамовіч «Таўсціла і лешч» – Гэтая дэбютная кніга аўтара – адна з галоўных сенсацый 2016 года!
Тры сябры выпраўляюцца ў рыбу. Максім мусіць злавіць ляшча. Ён добра ведае стратэгію і тактыку лоўлі вялікай рыбы, шматлікія хітрыкі. Але вось ужо два гады яму не шанцуе. Ці дасьць ён рады гэтым разам? Ці выцягне ляшча? Ці могуць вячоркі з алкаголем ля вогнішча скончыцца панажоўшчынай? Можа быць, мясцовыя скрадуць вуды? А калі сяброў разарве мядзведзь? Нельга выключаць і пытання “А ці ня ўтопіцца хто з іх?” Як завуць двух астатніх сяброў і чым будуць займацца яны? Адказы на гэтыя загадкі – у кнізе. Таксама вы можаце выкарыстоўваць яе як кароткі даведнік па фідарнай лоўлі і галактычных падарожжах.

11. Віктар Марціновіч “Сфагнум” – Гэта трэці раман Вітара Марціновіча. Трое маладых злачынцаў забіваюць падзельніка і губляюць чужыя грошы, якія цяпер давядзецца вяртаць любой цаной. Яны вырашаюць залегчы на дно ў маленькай вёсцы, ратуючыся адначасова ад крэдытораў і крымінальнага вышуку. І ўсё пайшло б паводле задумы, калі б не знешне паўмёртвая беларуская вёска з яе неўміручай паганскай містыкай, якая падказвае нечаканае развязанне праблемы. Героі за паўкроку ад шчаслівага фіналу, але ці не зарана глядзець у неба, калі пад нагамі — багна?

Матэрыял падрыхтаваны kniharnia.by

Глядзіце таксама:

Топ-5 самых прадаваных кніг за 2016 год ад выдавецтва “Кнігазбор”

Лепшыя дзіцячыя кнігі ад выдавецтва “Кнігазбор”

budzma.by