Што сказаў Дзмітры Плакс на трох мовах

Як расказаў спадар Плакс, над гэтым праектам ён працаваў дзесяць год. Яго паэтычныя тэксты пачалі з’яўляцца дзякуючы апантанай перакладчыцкай дзейнасці. Дзмітры перакладае беларускую літаратуру на шведскую і наадварот.

У пэўны момант я вырашыў для сябе, што больш не магу рабіць пераклады. Я выпрацую для сябе такі спосаб пісьма, які дазваляе мне дасягаць тых самых мастацкіх мэтаў, якія я перад сабою стаўлю, на тых мовах, на якіх я працую, без пасярэдніцтва пераклада”, - адзначыў творца на пачатку імпрэзы.

Дзмітры Плакс

На працягу вечара аматары творчасці Плакса мелі магчымасць праслухаць выбраныя тэксты з цяпер ужо амаль рарытэтных выданняў “Трыццаць тэкстаў”, “Жара”, “re cicat iver”. Больш за ўсё пашчасціла тым з прысутных, хто меў магчымасць параўнаць гучанне тэкстаў на ўсіх трох мовах - беларускай, рускай і шведскай.  Так праз дзесяць год выпрацоўкі ўласнай тэорыі Дзмітры Плакс змог паўнавартасна прэзентаваць яе вынікі шырокай аўдыторыі ў Мінску.

Атмасферу медытатыўнасці і іррэальнага гучання ствараў музычны аккампанемент “Беларускага клімату” ў выкананні Філіпа Чмыра, які пры дапамозе розных інструментаў надаваў кожнаму тэксту Дзмітрыя Плакса свой асобны голас, сваю мелодыю. 

Дзмітры Плакс і Філіп Чмыр

Пасля заканчэння асноўнай часткі вечара Дзмітры Плакс распавёў пра свой уласны досвед нонкарфармізму і пра жыццё творчага асяроддзя Мінска 80-90-х гадоў, зараджэнне розных згуртаванняў, суполак, ідэй, аб непрыняцці  мастакамі і творцамі савецкай рэчаіснасці і спосабах пазбягаць сутыкнення з ёю. “Я ўласна заўжды спрабаваў рабіць сваё ціхенька, асабліва нікому не паказваючы. Адзіным такім выбухам крэатыўнасці на публіку быў “Беларускі клімат”. Ён пачынаўся ў кватэры Філіпа Чмыра ў сярэдзіне 80-х. Мой першы незалежны мастацкі праект, які мы рабілі з Філіпам і яшчэ з іншымі сябрамі, быў радыётэатр, гукавая пастаноўка, якую мы называлі рок-операй і якую мы рабілі пры дапамозе двух магнітафонаў “Юпіцер”, чатырох дарожкавых і падручных сродкаў. У нашай рок-оперы ўдзельнічалі “Led Zeppelin”, “Slade” і г.д. Самі прыязджалі, вядома, цэлым саставам”, - жартуе Плакс.

Напрыканцы вечарыны чытачы і слухачы Дзмітрыя Плакса і “Беларускага клімату” маглі набыць “Трыццаць тэкстаў” з аўтографам аўтара і дыск арт-групы ў падарунак.

Сяргей Вераціла, Дзмітры Плакс

Адам Глобус, Барыс Пятровіч

Госці са шведскага саюза пісьменнікаў: Ульрыка Шэрнборг, Луіз Хедберг, Гунар Ардэліюс, Ан Вікстрэм.

Барыс Пятровіч, Дзмітры Плакс, Артур Клінаў, Таццяна Арцімовіч

Крысціна Бандурына для lit-bel.org

Болей фота гл. ТУТ