Штрыхі. У вянок памяці Ігара Канановіча

Вось і цяпер словы не складаюцца ў сказы і пальцы не хочуць набіраць два прыкрых і балючых: Ігар памёр. Пасля самагубства С. Палуяна Ядвігін Ш напісаў такія радкі: “Бываюць раны большыя і меншыя. Меншыя — заўсёды крывавяцца. Большыя залечвае толькі… смерць. Гэтак на душы”. Трагічная і заўчасная смерць маладога беларускага паэта і барда Ігара Канановіча — гэта незагойная рана на душы родных, сяброў, калег-пісьменнікаў і прыхільнікаў ягонай творчасці.

Я пазнаёміўся з ім яшчэ ў 2006 годзе, калі прыйшоў на паседжанне абласнога клуба “Жывіца” пры бібліятэцы Пушкіна. Вясёлы, жыццярадасны, дасціпны і таленавіты — вось мае першыя ўражанні пра Ігара. Ужо тады адчувалася: ён ведае, што робіць, для чаго і дзеля чаго. Такіх людзей можна ахарактарызаваць адным словам — стыль, стыль ва ўсім — у манеры выказвацца, чытаць вершы, спяваць, жыць.

Ігар Канановіч. Фота Вікі Трэнас

Сустракаліся мы, як кажуць, рэдка, але ж метка. Раз на месяц на паседжанні клуба дзяліліся новымі вершамі, навінамі, уражаннямі, але сябрамі так і не сталі. Праз пэўны час Ігар перастаў прыязджаць, не ведаю, з якой прычыны, а неўзабаве і я адышоў ад жыцця клуба. Кантакты нашыя сталі радзейшымі і апошнім часам мы бачыліся пераважна на прэзентацыях, вечарынах, абменьваліся нейкімі ўражаннямі ў сацсетках. Але ж усе гэтыя дзесяць год я сачыў за ягонай творчасцю і радаваўся кожнай новай нізцы вершаў у часопісах і газетах. Адзінае, што не паспеў —  падпісаць у яго кніжку. Дасюль не верыцца, што такое здарыдася.

Калі ў калонцы “Здарэнні” я прачытаў пра маладога 33-гадовага мужчыну, які скочыў з даху, была думка: “Хоць бы не Ігар”. Але мне чамусьці здавалася, што мы аднагодкі і я быццам бы супакоіўся. Але трывожнае пачуццё не пакідала ўвесь вечар, а наступнага ўсе пачулі вусцішную навіну. Яшчэ цяпер не пакідае адчуванне, што гэта нехта іншы ляжыць пакалечаны і распластаны на бруку,  а Ігара я заўтра пабачу на чарговай імпрэзе, ён моцна пацісне руку і шчыра ўсміхнецца ў вусікі, але гэта, на вялікі жаль, не так. Цяжка звыкнуцца з думкай, што яго няма сярод нас.

Чаму так сталася — мы ўжо не дазнаемся. Але ці важна гэта цяпер? Не ўратавалі, не збераглі. Я мяркую, любы творчы чалавек хаця б аднойчы ў жыцці думаў пра самагубства. Асабліва цяпер. Хтосьці можа сказаць — з любой сітуацыі можна знайсці выйсце. Пагаджуся, але бываюць такія моманты, калі чалавеку цяжка самому зрабіць гэта. Тады патрэбны той, хто дапаможа выблытацца з гэтай павуціны скрушных думак і супярэчлівых пачуццяў. Відаць, побач з Ігарам такога чалавека не было. Ягоныя апошнія допісы і вершы ў фэйсбуку сведчаць пра гэта. Ён, можа ўпершыню ў жыцці, прасіў паратунку. Моцны духам, валявы чалавек праваліўся ў дэпрэсію і ўжо не змог выкараскацца з гэтай багны.

Што ж здарылася? Грошы скончыліся? Для Ігара яны не былі самамэтай. Звольнілі з працы? Можна знайсці іншую. Выселілі з кватэры? Адна ягоная сяброўка пісала пра тое, што за некалькі хвілінаў да смерці тэлефанавала яму і пагадзілася прытуліць у сябе. Творчы крызіс? Адкуль? Новыя вершы з’яўляліся часта, нядаўна выдаў кніжку, актыўна друкаваўся, пісаў для Радыё Свабода. Значыць, нейкая іншая прычына, вядомая адно яму. Не дарма ж паэт прызнаваўся: “Не жыццё, а марудная, здзеклівая трагедыя”. У каментары да таго дэпрэсіўнага допісу я ўсяляк спрабаваў яго падтрымаць, але гэта былі дзяжурныя словы, так бы мовіць, для прыліку. Дасюль дакараю сябе, што пры апошняй сустрэчы, за чатыры дні да ягонай смерці не пагутарыў з ім. Наўрад ці гэта штосьці змяніла, але ўсё ж. Чаму мы сталі такімі чэрствымі і глухімі да чужой бяды, да просьбаў аб дапамозе? Але што цяпер казаць. Ігара няма, засталіся вершы, кніжка. Кніжка з вельмі трапнай назвай. Астэроід. Ён праляцеў, як астэроід і згарэў у нашай атмасферы. Хочацца верыць, што калісьці якое-небудзь нябёснае цела будзе насіць ягонае імя. Зорка ці камета.

Бывай і пухам табе зямля, Ігару.

Алесь Емяльянаў