Шведска-беларускія літаратурныя чытанні прайшлі ў Мінску

Тых, хто завітаў на філфак БДУ 2 чэрвеня, чакала нямала цікавага: прэзентацыя дзіцячага зборніка "Дыктатар", іранічныя прамовы і спевы Віктара Шалкевіча, музычныя эксперыменты Філа Чмыра і, канечне ж, добрая порцыя якаснай паэзіі. Як шведскай, так і беларускай.

У вялікай і пафаснай зале філфака БДУ пасля вулічнай спёкі надзвычай прыемна, бо прахалодна. Шведскі амбасадар з заўсёднай усмешкай на вуснах сустракае гасцей, якія прыйшлі на імпрэзу, асабліва прыязна вітаючыся з Уладзімірам Някляевым. Паэт і палітык адразу скіраваўся да сцэны, пытаючыся ў кожнага: "Дзе Сцебурака?" Людзі шчыльна расселіся ў першых васьмі шэрагах, у глыбіні залы ззяла пустата. "Мы прыйшлі на паэзію", — кажа жанчына сталага веку, робячы моцны націск на склад "ПА".


Віктар Шалкевіч


Стэфан Эрыксан, амбасадар Швецыі

"Паэты — незвычайная катэгорыя людзей, яны ўпрыгожваюць жыццё сярэднестатыстычнага чалавека ад нараджэння да скону. Гэта людзі са словам у руцэ", — паўурачыста-паўіранічна прамовіў пасля 10-хвіліннай замінкі вядоўца Віктар Шалкевіч, прадстаўляючы ўдзельнікаў беларуска-шведскіх чытанняў. "А якая карысць ад сённяшняй імпрэзы — дазнаецеся гадоў праз 20", — таямніча дадаў ён і даў слова Стэфану Эрыксану. Дыпламат сарваў апладысменты пасля сказа: "Спадзяюся, што прыспее час, калі ўсе сувязі паміж нашымі краінамі будуць такімі ж, як літаратурныя", — і паведаміў, што на буйным кніжным кірмашы ў Гётэборгу ўвосень Беларусь прадставяць адразу чацвёра нашых пісьменнікаў.


Дзмітры Плакс


Філіп Чмыр


Андрэй Жукаў — гукарэжысёр


(усе разам) праект “Перашкоды і націскі”

Пачатак чытанняў выйшаў інтрыгоўным. На сцэну выйшлі двое лысых няголеных мужчынаў і адзін валасаты, барадаты і бязрукі. Імі выявіліся беларускі паэт і перакладчык са Швецыі Дзмітры Плакс, лідар гурта Drum Exctasy Філ Чмыр і вядомы саўндпрадусар Андрэй Жукаў, якія прадставілі свой праект "Перашкоды і націскі".


Уладзімір Някляеў

Мужчыны сталі ў цэнтры сцэны, напалову адвярнуўшыся ад аўдыторыі, і падчас гучання фанаграмы з праекту засяроджана глядзелі на свае гадзіннікі. "Поўную версію нашага праекту можаце паслухаць на сайце budzma.org", — заявіў Філ і расказаў пра гісторыю яго стварэння. Выявілася, што яны сустрэліся ўпершыню тут і цяпер — усё рабілі праз інтэрнэт. Плакс начытваў вершы ў Стакгольме, Чмыр выдумляў музыку ў Мінску, Жукаў тутсама яе запісваў і зводзіў. "Я не разумею па-беларуску, а Дзмітры мне вырашыў нічога не тлумачыць, таму было вельмі цікава працаваць", — агаломшыў раптам прысутных лідар беларускай групы Drum Exctasy, зусім не саромеючыся пры гэтым зірнуць у вочы шведскага амбасадара, якога адзін з наступных выступоўцаў Алесь Пашкевіч назваў "адным з найлепшых знаўцаў беларускай мовы ў Беларусі".


Катарына Фростэнсан

Музычныя эксперыментатары саступілі месца шаноўнай госці — Катарыне Фростэнсан, бялявай сур’ёзнай жанчыне, якая яўна не выглядае на свае гады. Яна — класік сучаснай шведскай літаратуры, уладальнік усіх магчымых еўрапейскіх літаратурных прэмій. Пачала паэтка сваё чытанне з верша "Ліст", з якога Зміцер Вайцюшкевіч паспеў ужо зрабіць песню. На беларускай мове яе творы перачытвалі Алена Іваннікава і Дзмітры Плакс, які толькі што выдаў кнігу перакладаў вершаў Фростэнсан пад назвай "Чыстая краіна".


Алесь Пашкевіч


Дзмітрыю Плаксу ўрачуюць білет сябры Саюза пісьменнікаў

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч прачытаў урывак са свайго новага, яшчэ нявыдадзенага твора "Сим победиши", падзеі якога адбываюцца ў двух часавых вымярэннях — у час панавання Івана Жахлівага і ў сучаснасці. Ён адмыслова абраў кавалак, дзе згадваецца шведскі пасол. "Праўда, тады прадстаўнік гэтай краіны плёў інтрыгі з Масковіяй, а цяперашні пасол пляце вянкі супрацоўніцтва", — тактоўна заўважыў Алесь і саступіў месца свайму калегу — кіраўніку Шведскага ПЭН-цэнтра Ула Лашму — паважнаму спадару ў гарнітуры, які выглядаў на банкаўскага службоўца. "Ці цяжка пільнаваць шведскіх пісьменнікаў?" — кпліва спытаў у яго вядоўца Шалкевіч. "Зусім не складана. Яны самі сябе даглядаюць", — холадна парыраваў той і прачытаў навелу пра самоту.


Ула Лашму


Ульф Старк

Весялосці імпрэзе дадала паэтка Аксана Спрынчан, якая вынесла на сцэну пляшку, тут жа яе адкаркавала і запрасіла выпіць Эрыксана і Шалкевіча разам з ёй. Тут жа з’явіўся Ульф Старк — жывы класік шведскай дзіцячай літаратуры, які прадставіў беларускай публіцы кнігу пад назвай "Дыктатар". "Я пішу кнігі пра ўсё і для ўсіх. Нават для жыватоў цяжарных жанчынаў", — зрабіў прызнанне ён і прачытаў загалоўны твор пра тых, хто толькі прыйшоў на гэты свет і дыктуе свае ўмовы. У беларускім перакладзе сэнс твора да прысутных данёс Шалкевіч, расказаўшы пад смех левай часткі залы пра дыктатара, які заказвае зоркі на небе, хоча слухаць казкі толькі пра сябе самога, а ўначы сніць бамбавікі і шпіёнаў.


Аксана Спрынчан

Смяшлівы настрой падтрымаў Усевалад Сцебурака, прачытаўшы верш пра хрэнь. Але скончыў сур’ёзным — "Калі памруць мае дзяды…" і ўласным зваротам да беларусаў.


Усевалад Сцебурака

Вялікую і тлустую кропку на просьбу арганізатараў вечарыны паставіў Віктар Шалкевіч, зайграўшы пару свежых хітоў, цяпер ужо пад агульны смех як левай, так і правай часткі залы: песню з доўгай назвай "Чарговы раз з чарговаю жанчынай чарговы пачынаецца раман", "Электрычнае танга Кастусь" і "Голуба на секвоі", напісанага якраз пад уражаннем ад паездкі ў Швецыю, дзе спявак сустрэў шмат суайчыннікаў, якія, праўда, не надта хацелі прызнавацца ў сваёй нацыянальнай прыналежнасці.

Сяргей Будкін, Аляксандар Ждановіч, budzma.org