Шведская акадэмія ўзнагародзіла беларуса Дзмітрыя Плакса

Беларускі пісьменнік і перакладчык Дзмітры Плакс, сябра СБП, атрымаў узнагароду ад Шведскай акадэміі за падтрымку шведскай культуры за мяжой.

Памер прэміі склаў 40000 шведскіх крон. Дзмітры Плакс неаднаразова перакладаў вядомых шведскіх аўтараў на беларускую і наадварот. У ягоным перакладзе выйшла, напрыклад, кніга "Піпі Доўгаяпанчоха" Астрыд Ліндгрэн, а зборнік паэзіі "Чыстая краіна" Катарыны Фростэнсан па-беларуску быў адзначаны ў спісе намінантаў на прэмію часопіса "ПрайдзіСвет" за лепшую перакладную кнігу 2011 года.

Сярод кніг, якія прадстаўляюць беларускую літаратуру за мяжой і пабачылі свет летась у шведскім перакладзе дзякуючы працы Дзмітрыя Плакса, варта адзначыць:

Barys Pjatrovitj, "Torget" (Malmö, 2011);
"Sptråket som svalan...", анталогія перакладаў беларускай літаратуры (STHLM, 2011);
Andrej Chadanovitj, "Fria verser", (STHLM, 2011).

Дзмітры не толькі перакладчык, але і аўтар уласных тэкстаў. Нядаўна выйшлі ягоныя кнігі "Если бы я был..." (e-book, Мінск, 2011) і "re citat iver" (STHLM, 2012).

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" віншуе спадара Плакса з заслужанай узнагародай, дзякуе Дзмітрыю за плённую супрацу і жадае творцу далейшых яскравых здзяйсненняў. 

Прэсавая служба СБП, фота АУ