Шведская калядная каша па-беларуску

Стары Пэтсан, коцік Фіндус, а таксама ўсе героі “Каляднай кашы” загаварылі па-беларуску дзякуючы перакладчыцы са шведскай мовы Надзі Кандрусевіч.

Як і на мінулыя прэзентацыі беларускіх перакладаў вядомага шведскага мастака і дзіцячага пісьменніка, па “Калядную кашу” прыйшло шмат дзяцей з дарослымі — вольных месцаў у зале не было. Прэзентацыю мадэравала Надзя Кандрусевіч. Яна расказала, што нездарма пераклала менавіта гэты твор Свэна Нурдквіста: ёй хацелася, каб маленькі беларускія чытачкі і чытачы мелі добрую кнігу перад Калядамі.

Надзя Кандрусевіч

З дапамогай невялічкай прэзентацыі Надзя Кандрусевіч распавяла пра працу перакладчыцы. Дзеці (дый і дарослыя) даведаліся, што калядная каша — па-шведску julgröten, і ў яе склад уваходзяць рыс, малако, вяршкі, а яшчэ розныя смачнасці-ўпрыгожванні: карыца, мандарыны, маліна ці арэхі.

Таксама перакладчыца зрабіла невялічкія ўводзіны ў аўтарскае права і зазначыла, што нельга ўзяць кнігу шведскага пісьменніка, каб перакласці яе без дазволу аўатара і шведскага выдавецтва.

“Каза, анёлы, святы Мікалай”, — так зрэагавалі дзеці на пытанне, хто да іх прыходзіць на Каляды. І даведаліся, што ў Швецыі да дзяцей прыходзіць Калядны Гном, які ведае, як яны паводзіліся цягам года. І так — гномы жывуць у кожнымі доме, а на Каляды да іх трэба ставіцца з асаблівай пашанай — частаваць каляднай кашай.

Удзел у прэзентацыі ўзяў бард Зміцер Вайцюшкевіч, які прачытаў урыўкі з кнігі, а таксама праспяваў колькі песен — пра галоднага ваўка, Каляды, матулю і іншыя.

Зміцер Вайцюшкевіч

Пры канцы сустрэчы ўсе мелі магчымасць пачаставацца каляднай кашай: рысам з малінавым варэннем.

Пасля прэзентацыі перакладчыца Надзя Кандрусевіч, якая ініцыявала і прадзюсавала выданне аўдыёдыскаў па творах Свэна Нурдквіста “Пэтсан і Фіндус”, а таксама курыравала праект агулам, крыху распавяла пра зборнік:

“Падчас мінулых прэзентацый кніг пра Пэтсана і Фіндуса Аня Хітрык і Паша Харланчук чыталі гісторыі па-беларуску. Яны цудоўныя выканаўцы, я слухала і разумела: будзе вельмі добра, калі запісаць дыскі. І яшчэ думала, што Аня зможа аздобіць гісторыі класнай музыкай. Так і атрымалася”.

Перакладчыца ўпэўненая: дзеці з задавальненнем прымуць спалучэнне кніг і дыскаў. Бацькі не заўсёды маюць час на чытанне кніг разам з імі, але цяпер можна проста паставіць дыскі: дзеці будуць разглядаць кнігу і паралельна слухаць запіс. Ці слухаць гісторыі ў машыне па дарозе ў школу, у самой школе — падчас урокаў беларускай мовы, у бібліятэках, дзіцячых садках — дыскі можна выкарыстоўваць паўсюль.

“Думаю, у сучасным свеце інфармацыйных тэхналогій дыскі не адцягнуць увагу ад папяровай кнігі. Кнігі — гэта кнігі, яны самі па сабе. І ніякі гук, ніякая аўдыёказка не заменіць ілюстрацый, напрыклад, Свэна Нурдквіста. Калі толькі гэта не будзе свядомы выбар бацькоў. Але ж мала хто адмовіцца ад таго, каб паказаць сваім дзецям ілюстрацыі. Хутчэй дыскі — гэта дадатак да кнігі”, — адказала Надзя Кандрусевіч на пытанне пра магчымае суперніцтва кніг і аўдыёвыданняў.

Прэзентацыя прайшла пры падтрымцы ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, КГК “Будзьма беларусамі!”, некамерцыйнай арганізацыі “Арт Сядзіба” і крамы symbal.by.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Аляксандра Дварэцкая, фота – Аляксандр Кісялёў, budzma.by