Шведская пісьменніца – пра стварэнне «жывых» літаратурных гераінь і герояў
Адкрытая лекцыя Інгі-Ліны Ліндквіст “Новы і стары псіхалагізм у літаратуры” адбудзецца ў межах працы Школы маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
Лектарка пагаворыць пра тое, як вядомыя аўтары, напрыклад, Леў Талстой, працавалі з падсвядомым сваіх персанажаў, іх забароненымі пачуццямі і рацыянальным звыш-я. А таксама раскажа, які шанец дае нам новая псіхалогія ў канструяванні асобы ў літаратуры. Прыкладам, як працуе са сваімі персанажамі феномен у сучаснай літаратуры, італьянка Элена Ферантэ, чым яе канструкт “жанчыны” адрозніваецца ад зробленага мужчынамі-пісьменнікамі мінулага.
Лекцыя пройдзе на рускай мове ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі (вул. Карла Маркса, 30).
Пачатак у 18.30.
Уваход на лекцыю бясплатны.
Пра лектарку:
Інга-Ліна Ліндквіст (Inga-Lina Lindqvist), шведская пісьменніца, нарадзілася ў Барысаве, але ў падлеткавым узросце разам з сям’ёй пераехала ў Швецыю. Аўтарка твораў для дарослых і дзяцей. Дэбютавала ў 1994 годзе зборнікам паэзіі «Änglaspår» («По ангельским следам» — Па анёльскіх слядах). Другі зборнік паэзіі «Hjärtliga hälsningar» («С сердечным приветом» — З сардэчным прывітаннем) выйшаў у 1996 годзе. Аўтарка кніг «Klark Svensson och kärleken» («Кларк Свенссон и любовь» — Карл Свенсан і каханне), «Om du bara visste ur vilken bråte dikter växer utan att skämmas» («Когда б вы знали, из какого сора растут стихи, не ведая стыда», 2002 — Каб вы ведалі, з якога смецця растуць вершы, не ведаючы сораму), «Avdelningen för påhittade föremål» («Отдел придуманных вещей», 2004 — Аддзел прыдуманых рэчаў) і іншых.
Лаўрэатка прэміі Шведскай Акадэміі (1997) і інш.
Пра Школу маладога пісьменніка:
Школа маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” працуе з 2012 г. як нефармальны адукацыйны праект для дарослых. На практычных занятках з пастаяннымі выкладчыцамі, лекцыях і майстар-класах запрошаных навукоўцаў і аўтараў маладыя, апантаныя літаратурай людзі вучацца чытаць, пісаць і слухаць сябе ды іншых.
Больш інфармацыі ТУТ