Шведская пісьменніца Сара Лундберг сустрэлася з дзецьмі ў Мінску
Сара Лундберг, прыехаўшы ў Мінск у другі раз, зачытала сваім прыхільнікам некаторыя ўрыўкі з уласнай кнігі «Віта Белая Крэска», якая перакладзеная на беларускую мову Надзеяй Кандрусевіч.
Уверсе: Сара Лундберг, унізе справа: перакладчыца Надзея Кандрусевіч
Для дзяцей Сара правяла і практычны занятак. Яна падрыхтавала аркушы, на якія нібыта выпадкова разлілася кава. У выніку на іх атрымаліся вялікія карычневыя плямы. На якую жывёлу падобная кожная з іх?
На гэтае пытанне адказвалі ўсе ўдзельнікі сустрэчы, дамалёўваючы патрэбныя часткі цела свайго новага сябра. У выніку з плямы ад кавы атрымаліся трусік, птушка, НЛА, сабака і нават беларускамоўны Змей Гарыныч.
Сара Лундберг, Надзея Кандрусевіч і слухачы
Пасля таго, як малюнкі былі прадстаўлены сваімі аўтарамі, дзеці распытвалі пісьменніцу пра яе ўласнае жыццё, цікавіліся, у колькіх краінах свету яна пабывала. З сустрэчы кожны сышоў з кнігай, падпісанай Сарай Лундберг.
Аўтограф ад Сары Лундберг
У мерапрыемстве бралі ўдзел дзеці, якія знаходзяцца пад апекай грамадскай арганізацыі «Беларускі дзіцячы хоспіс», а таксама клуба бацькоўскай ініцыятывы «Содея».
Сустрэча праводзілася на офісе “Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”, арганізаваная ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" пры ўдзеле Амбасады Швецыі ў Беларусі.
Тэкст і фота: Вікторыя Чаплева, для lit-bel.org