Швейк, калега Дон Кіхота

Міхась Кукабака. Бабруйская крэпасць, 23 красавіка 2014 г. Фота ўзятае з сайта "Новага часу"

Донкіхоты застаюцца ў пасіянарнай меншасці. Кожны такі безразважны, на думку філістара, рамантык – навідавоку. Кніга “Міхась Кукабака” распавядае пра аднаго з іх.

З адным толькі адрозненнем: калі Дон Кіхот змагаўся з ветракамі, уяўнымі ворагамі, дык спадару Міхасю звяртацца да фантазіі не давялося. Ягоныя “ветракі” — рэальныя людзі, вінцікі сістэмы судовай, заканадаўчай, следчай… Імя ім легіён.

Міхась Кукабака нарадзіўся ў Бабруйску ў 1936 годзе. Выхоўваўся бабуляй, якая вымушаная была аддаць любімага ўнука ў дзіцячы дом. Далей – гісторыя ў духу прозы Казько: рамантычны юнак імкнецца да прыгодаў і з радасцю з’язджае скараць цаліну. З той жа радасцю ідзе ў войска, у якім хутка расчароўваецца.

Донкіхоцтва пачынаецца з ігнаравання суботнікаў, так званых выбараў. Міхась Кукабака піша лісты пратэсту на імя Хрушчова і ў газету “Известия”. Неўзабаве прыходзіць прызнанне ― у выглядзе цікаўнасці з боку КДБ. Кропкай незвароту стала гісторыя з “Адкрытым лістом англійскаму пісьменніку Айвару Мантэгю”. Прачытаўшы ў “Камсамолцы” злосны матэрыял пра пісьменніка-эмігранта Анатоля Кузняцова за аўтарствам Мантэгю, Кукабака абурыўся і склаў адказ, які спрабаваў перадаць за мяжу. Наіўны і даверлівы донкіхот паехаў у Маскву, дзе звярнуўся па дапамогу да кіроўцы амерыканскай пасольскай машыны. Той данёс куды трэба. Калі Кукабака вярнуўся дадому, у падмаскоўны Аляксандраў, яго арыштавалі па абвінавачванні ў антысаветчыне. “Так началась моя “экскурсия” по островам ГУЛАГа”, а дакладней, вялікая адысея больш як на 16 гадоў, з невялікімі перапынкамі, па псіхіятрычных лякарнях, турмах і лагерах.

Сёння Міхасю Кукабаку 80 гадоў, жыве ён у Маскве і выглядае бадзёра й зухавата.

Кніга “Міхась Кукабака” змяшчае вялікае інтэрв’ю з героем, запісанае ў лютым 2013 года, літаратурна-публіцыстычныя творы, напісаныя ім самім за савецкім часам, нарыс і дакументы, прысвечаныя праваабарончай дзейнасці беларускай эміграцыі. Здавалася б, збор тэкстаў “па тэме”. Але насамрэч кніга больш змястоўная і глыбокая. Не проста гісторыя аднаго героя – гэта шматжанравы твор пра ўзаемадачыненне чалавека і дзяржаўнай махіны, адвечная песня дабра і зла, калі дазволіць сабе высокі пафас.

Пры гэтым гісторыю сваю Міхась Кукабака піша не чорным і белым. Так, ён даволі нацярпеўся, мае права на крыўду, але цвярозы розум і добры смех не дазваляюць яму выказваць хоць якія прэтэнзіі да свету. Без пены на вуснах, без маралізатарства ён распавядае пра сваё жыццё, пра здзекі ў псіхушках, пра абсурдныя медыцынскія заключэнні, пра крывадушша чыноўнікаў, пра слабасць і баязлівасць людзей. І гэтак жа праўдзіва ён распавядае пра маленькіх людзей, якія адчайваюцца на барацьбу з несправядлівасцю. Пра міліцыянта, які перадрукоўваў забароненыя творы Салжаніцына – прычым рабіў гэта ў пастарунку. Пра галоўнага ўрача псіхушкі, які абараняў дысідэнта ад “лячэння” як мог.

Ненаўмысна аўтар ператварыў самога сябе ў літаратурнага персанажа, прычым – архетыповага. Бязглузды час, абсурд і смех скрозь слёзы – усё гэта моцна нагадвае прыгоды несмяротнага Швейка, які для адных выглядае блазнам, для іншых –вынаходлівым балагурам.

Вельмі важна пры гэтым, што барацьба Міхася Кукабакі пазбаўленая хоць якіх палітычных матываў. Размова выходзіць за межы часу, адной краіны – гутарка ідзе пра годнасць і сумленне чалавека, права людзьмі звацца, не быць скотам. Магчыма, таму ён і не ўпісаўся ў беларускую тусовачку змагароў, бо клапаціўся не выключна пра інтарэсы беларусаў (і ўжо тым больш пра свой страўнік), але ― пра чалавечнасць. Гэта збліжае яго з манахамі, гатовымі да самаспалення ў імя незалежнасці, са старадаўнімі стоўпнікамі і паломнікамі, адно што ў іх выпадку кантэкст рэлігійны, а тут – грамадскі. Пытанне беларускай мовы і суверэнітэту для Кукабакі ― частка агульнай праблемы правоў чалавека. Такі погляд варта было б пераняць многім грамадскім дзеячам.

Для Кукабакі няма выключных герояў ці злодзеяў: шматкроць ён выказвае разуменне слабасцяў чалавек, а вечнае “можа так і трэба?” не прымае, але й не асуджае. У той жа час, людзі, чые імёны выступаюць сінонімамі сумленнасці, раскрываюцца на старонках кнігі з малапрыемнага боку. Размова ідзе пра Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Алеся Адамовіча. Ставіцца да выказванняў Кукабакі можна па-рознаму, але азнаёміцца з імі, безумоўна, карысна.

Кніга чытаецца як сатырычны раман. Але варта ўсвядоміць, што ўсё гэта – рэальнасць, без ані кроплі выдумкі, і рэальнасць гэтая працягваецца сёння, ― смех змяняецца жудасным зняменнем. Свет наш настолькі абсурдны, што калі ты ў ім захоўваеш цвярозы розум і чалавечую неабыякавасць, цябе абвяшчаюць вар’ятам. Ты небяспечны дысідэнт проста таму, што чалавек. “Мыльников считает меня психически нездоровым по причине, цитирую: «У Кукобаки отсутствовал инстинкт самомохранения, необходимый для того времени». Забавно, не правда ли?”.

Багаты досвед дазваляе аўтару зрабіць выснову наколькі справядлівую, настолькі ж і сумную: “Человек постепенно привыкает жить в рамках двойной морали. Усваивает это состояние как естественное и безопасное в первую очередь». Адсюль – наступнае: «Это один из мотивов прихода к диссидентству: стремлению сопротивляться любой фальши».

Калі казаць пра літаратурныя якасці тэкстаў, Міхась Кукабака выдатны стыліст, які валодае непараўнальным гумарам. У якасці пацверджання прывяду “Гісторыю ненапісанага аповеда”. Відаць, якраз гумар дапамог Кукабаку прайсці праз выпрабаванні без маральных стратаў, псіхічнага ўрону. А як іначай, акром як са смехам, успрымаць такое медзаключэнне: “…занятие спортом, увлечение иностранным языком, а также интерес к философии – результат болезненных изменений личности…».

Частка з афіцыйнымі дакументамі адрасуецца найперш спецыялістам, юрыстам і праваабаронцам, бо тыя ж звесткі шараговы чытач атрымае з папярэдняга аповеду, да ўсяго, у займальнай мастацкай форме.

...Нягледзячы на сваю гісторыю, адначасова тыповую і ўнікальную, Міхась Кукабака аказаўся паўсюль чужым. “Я не фанатик, а обычный человек, которому за 50 лет, не имевший никакого имущества, ни денег и выгодной профессии в том числе” (з ліста за 1993 г.). Класічная трагедыя маленькага чалавека, які змагаўся за ўсеагульную справядлівасць. Перамог? Наўрад: пакуль існуе чалавецтва, існуюць і ягоныя заганы. І ўсё ж, узброіўшыся смехам і верай у свае сілы, верай у бліжняга, зрабіць можна не так і мала.

Наста Грышчук, для lit-bel.org