Сымон-музыка, Лабановіч і Ядвіся з'явяцца ў музеі Якуба Коласа

Скульптуры будуць размешчаны на тэрыторыі Літаратурна-мемарыяльнага музея Я. Коласа ў канцы кастрычніка. Карэспандэнт tut.by паразмаўляў з дырэктарам музея і самім скульптарам, а таксама наведаў майстэрню стваральніка. 

Фінансаваннем плошчы са скульптурамі займаецца Міністэрства культуры. 

Зінаіда Камароўская
, дырэктар музея: "Уяўляеце, як выдатна, калі чалавек прыйдзе ў музей, будзе хадзіць па тэрыторыі і сустрэнецца з "драўлянымі" героямі твораў. Побач будуць стаяць інфармацыйныя стэнды ў выглядзе кнігі. Хочацца, каб на тэрыторыі музея таксама размяшчаліся розныя выказванні Коласа. Але на ўсё гэта патрэбныя грошы, усё з часам. Хочам зрабіць рабінавую алею на бацькаўшчыне пісьменніка Мікалаеўшчыне, прысвечаную паэтам-землякам, якія пайшлі з жыцця. У далейшым мы створым скульптуры для дзяцей, бо Колас і казкі пісаў". 
 
Сяргей Кляшчук"Колас – гэта вечная і цікавая тэма. Я некалькі начэй перачытваў “Сымона-музыку” і плакаў: для мяне настолькі ўсе пачуцці былі моцнымі. Таму мне вельмі падабаецца праект. Скульптуры раблю з дуба. Але дрэвы ахоўваюцца, проста так не зваліш дуб і не панясеш да сябе. Я праязджаў па ўскраінах Мінска і бачыў, што дрэваў у нас дастаткова, толькі вось як дастаць? Звярнуўся да галоўнага ляснічага Мінскай лесапаркавай гаспадаркі, вырашыў з ім пытанне па тэлефоне. Праз тыдзень ён патэлефанаваў і параіў звярнуцца да ляснічага, які пакажа дрэва". 

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY
 
Нас завялі ў кабінет, дзе стаіць працоўны стол пісьменніка, з тым барометрам, пра які ён аднойчы напісаў верш.
 
Майстэрня Сяргея Клешчука размяшчаецца за горадам. Там чакаюць сваёй чаргі будучыя скульптуры: Лабановіч, Ядвіся, Сымон-музыка. Працы будзе шмат, бо трэба паспець да канца кастрычніка. Абывацелю складана ўявіць, як са звычайнага бруска дрэва высякаецца скульптура. 

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY
 
На тэрыторыі майстэрні размяшчаецца нібы жывая скульптура бабулі, якую ён зрабіў па партрэце мамы цешчы. "Памятаю, калі мы прыязджалі да бабулі ў вёску, яна давала ўнукам 5 рублёў на прысмакі, хоць у самой пенсія была каля 35 рублёў. А я тады працаваў у Доме друку, атрымліваў 200 рублёў, і мне было так сорамна, калі яна давала гэтыя грошы ўнукам..." 

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

3 лістапада правядуць "Каласавіны" – мерапрыемства, прысвечанае Дню народзінаў пісьменніка. Да гэтай даты скульптуры павінны з'явіцца на тэрыторыі музея.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY
 
Вікторыя Рассейкіна, фота аўтара

tut.by