Сёння — 90 гадоў з дня нараджэння Анатоля Вялюгіна

Анатоль Вялюгін. 1970-я гады

Нарадзіўся будучы пісьменнік у вёсцы Машканы Багушэўскага раёна (цяпер Сенненскі раён) Віцебскай вобласці ў сям’і фельчара. Прапрадзед Анатоля Вялюгіна ўдзельнічаў у вайне 1812 года і меў мянушку Камандышка, відаць, паводле назвы кургана Камандышкі, што быў за рэчкай Абалянкай на Сенненшчыне. Дзеда звалі Цярэшка Вялюга. Як пісаў паэт у сваім аўтабіяграфічным нарысе, пасля дзедавай смерці, калі бацьку забрывалі ў салдаты, царскі прыстаў дадаў у канцы прозвішча яшчэ адну літару, так Вялюгі параўтварыліся ў Вялюгіных. Перад самай рэвалюцыяй бацьку мабілізавалі на Балтыйскі флот, дзе ён скончыў ваенна-фельчарскую школу. Вярнуўшыся з грамадзянскай вайны на радзіму, ён падзяліў з братамі бацькоўскую спадчыну – невялічкі надзел зямлі, араў поле і лячыў людзей. Маці Вялюгіна, Мар’я Васільеўна, ў свой час вучылася ў гімназіі, працавала настаўніцай. Калі сям’я паехала на заработкі ў Данбас, маленькага Толю пакінулі ў бабкі на хутары Кляпчэва, дзе яго гадавала цётка Анюта. Лесавічка, знаўца лекавых траў, менавіта яна вучыла хлопчыка тонка адчуваць прыгажосць роднай прыроды, захапляцца хараством родных мясцін. Мацерыкамі свайго маленства называў Анатоль Вялюгін Машканы, Івоны, Ракіты, хутар Кляпчэва.

 1933 год

Пачатковыя веды юнак набываў у Ракіцкай школе, потым вучыўся ў Машканскай сямігодцы, якую скончыў у 1938 годзе. Вельмі рана ў Анатоля Вялюгіна абудзілася жаданне выказаць свае думкі і пачуцці ў вершах, якія запісваліся ў патаемны сшытак і чакалі свайго часу. А пакуль у часопісе “Іскры Ільіча”, у газетах “Піянер Беларусі” і “Віцебскі рабочы” друкаваліся яго нататкі і замалёўкі. 

Прыехаўшы ў Мінск дэлегатам Усебеларускага з’езда дзяткораў, Анатол Вялюгін упершыню ўбачыў паэтаў, вершамі якіх захапляўся з маленства. Як успамінаў пісьменнік,“паэзія паланіла мяне, не давала спакою і на рабфаку ў Віцебску, і ў Мінску, дзе вучыўся на літаратурным факультэце педагагічнага інстытута”. Яго першая паэтычная публікацыя – верш “Матчына песня” – з’явіўся ў 1938 годзе на старонках часопіса “Полымя рэвалюцыі”.
 

 Верш “Матчына песня”. "Полымя рэвалюцыі", 1938 год, № 7–8

Але малады літаратар не абмяжоўваўся толькі напісаннем вершаў, не без поспеху праяўляў свае творчыя здольнасці і ў празаічных жанрах: пісаў нарысы, апавяданні, якія з’яўляліся ў перыёдыцы.

Апавяданне “Русак”, “Навела, забітая на паляванні”. Чарнавы аўтограф. 1939 і 1940 гады

Вучобу ў інстытуце Вялюгін спалучаў з работай у рэдакцыях газет “Звязда”, “Чырвоная змена”, “Піянер Беларусі” (1939–1941 гады).

Сустрэча з вядомымі пісьменнікамі Валянцінам Катаевым і Уладзімірам Лугаўскім падштурхнула юнака да паездкі ў Маскву, дзе на той час, як ён лічыў, існавала добрая школа паэзіі, а таксама меліся рэальныя магчымасці для больш шырокага знаёмства з тэатрам, жывапісам, кінамастацтвам. Восенню 1940-га года Анатоль Вялюгін, спазніўшыся з паступленнем у Літаратурны інстытут, стаў вольным слухачом сцэнарнага факультэта Усесаюзнага інстытута кінематаграфіі, дзе сярод іншых выкладчыкаў чытаў лекцыі Аляксандр Даўжэнка, які зрабіў вялікі ўплыў на далейшае фарміраванне светапогляду юнака. “Вялікі паэт кіно”, – так пісаў пра яго Анатоль Вялюгін.
 

 1940-я гады

Вайна застала Анатоля Вялюгіна ў Мінску. Разам з роднымі ён эвакуіраваўся на Урал. Там, правучыўшыся некалькі месяцаў у Свярдлоўскім педінстытуце, быў прызваны ў армію, скончыў Луганскую авіяшколу, удзельнічаў у баях на Сталінградскім фронце, атрымаў раненне.

У шпіталі ён вярнуўся да паэзіі, напісаў некалькі вершаў на рускай мове, якія былі змешчаны на старонках уральскіх газет. Цяжкія карціны ваеннага ліхалецця назаўсёды адбіліся ў яго памяці. Па ўспамінах паэта, “той час пакінуў не толькі суровыя засечкі на целе – раны зажываюць, глыбіні памяці ніколі не супакояцца”.

Навелы “Бяссмерце”, “Тры Максімы”, “Дзяўчынка ў шпіталі”. Чарнавы аўтограф. 1941 год

У канцы мая 1945 года Анатоль Вялюгін вярнуўся ў Мінск, працаваў у рэдакцыі толькі што адноўленай газеты “Літаратура і мастацтва” (1945–1946 гады), там жа друкаваў свае вершы. У 1946 годзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, а ў 1947 годзе выйшла з друку першая кніжка паэта “Салют у Мінску".

1946 год

У 1946 годзе па прапанове Пятруся Броўкі, на той час галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”, Анатоль Вялюгін стаў працаваць рэдактарам аддзела паэзіі (1946–1984 гады).

Пісьмо Анатоля Вялюгіна да рэдакцыйнай калегіі часопіса “Полымя” у сувязі з адыходам з пасады загадчыка аддзела паэзіі і верш “На адыход Анатоля Вялюгіна” неўстаноўленай асобы. 1983 год

Многім пачынаючым беларускім паэтам ён даў літаратурную пуцёўку ў жыццё, па вялюгінскім радку вучыліся маладыя паэты культуры верша.

Кніга Рыгора Барадуліна “Амплітуда смеласці” (1983 год) з дарчым надпісам аўтара Анатолю Вялюгіну


“Паэзія – гэта далёкія вятрыстыя шляхі, вечная шчаслівая дарога. Паэзія не любіць сытага жыцця і спакою. Паэзія адразу памірае ў абывацельскім катэджы і чыноўніцкім кабінеце. Яна патрабуе, каб ёй падуласны творца добра ведаў радаслоўную Яе Вялікасці, інакш ён будзе адкрываць даўно адкрытыя амерыкі. А таго творцу, які хоць і верна служыў ёй, але на нейкі час са строгага паста сышоў і здрадзіў, яна карае страшнай карай забыцця”, – пісаў Вялюгін у сваім жыццяпісу.
 

1950-я гады

Анатоль Вялюгін – аўтар кніг паэзіі “Негарэльская арка” (1949 год), “На подступах”, “На зоры займае” (1958 год), “Насцеж” (1960 год), “Адрас любві” (1964 год), “Вершы і балады” (1969 год), “Верасовы ўзятак” (1974 год) і іншых. Па сцвярджэнні даследчыкаў, творчасці пісьменніка ўласцівы “яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова”.

Кнігі паэзіі “Негарэльская арка”, “На зоры займае”, “Насцеж” , “Адрас любві”. 1949 – 1969 гады

У 1964 годзе за паэму “Вецер з Волгі” паэту была прысуджана Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы. 

Паэма “Вецер з Волгі” і дыплом лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы. 1963, 1964 гады

Шмат паэтычных падарункаў зрабіў Анатоль Вялюгін і маленькім чытачам. Яго пяру належаць зборнікі і паэмы “Галубы” (1949 год), “Тры гудкі” (1951 год), “Дзіцячы сад” (1954 год), “Вада і вуда” (1967 год).

Зборнікі вершаў “Галубы”, “Тры гудкі”. 1949, 1951 гады

 1950-я гады

За зборнік вершаў “Голуб на вежы” (1957 год) паэт атрымаў званне лаўрэата першай ступені Усебеларускага фестывалю моладзі.

Дыплом лаўрэата першай ступені Усебеларускага фестывалю моладзі за зборнік вершаў “Голуб на вежы”. 1957 год

Анатоль Вялюгін пакінуў свой яскравы след і ў кінематаграфіі. З 1969 года пісьменнік уваходзіў у склад сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага Тэлефільма (Дзяржаўны камітэт па тэлебачанні і радыёвяшчанні пры Савеце Міністраў БССР.

 1960-я гады

Сцэнарый тэлевізійнага фільма “Супраць неба – на зямлі”. Чарнавы аўтограф. 1971 год

Па яго сцэнарыях былі зняты двухсерыйны мастацкі фільм “Рэха ў пушчы” (1977 год), мастацкі фільм “Глядзіце на траву” (па матывах апавяданняў Янкі Брыля, 1983 год), звыш 40 дакументальных стужак, з іх больш за дзесяць – паўнаметражных.

 Творчая картка члена Саюза кінематаграфістаў СССР. 1974 год

Народны паэт Беларусі Пімен Панчанка лічыў Анатоля Вялюгіна стваральнікам беларускага паэтычнага дакументальнага фільма. Як адзначала крытыка, у фільмах, знятых па яго сцэнарыях, “шчодра адчуваецца дыханне паэзіі, почырк сталасці паэта”. І як пацвярджэнне таму гучаць словы самога Вялюгіна: “Я ніколі не адчуваў і не адчуваю, што “кіно адбірае ў паэзіі душу”. Наадварот – вучыць трапнасці зроку і думкі, маштабнасці і ашчаднасці ў слове адзіна патрэбным”.

Кніга паэзіі Пімена Панчанкі “Крык сойкі” (1976 год) з дарчым надпісам аўтара Анатолю Вялюгіну

У 1968 годзе за сцэнарый хранікальна-дакументальнага фільма “Генерал Пушча” Анатоль Вялюгін быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.

 1960-я гады

 Дыплом лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі. 1968 год


У 1969 годзе яму далі званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.
 

 Пасведчанне заслужанага дзеяча культуры Беларусі. 1969 год

 1980-я гады


Анатоль Вялюгін быў складальнікам і рэдактарам “Анталогіі беларускай паэзіі” (1961 год), “Анталогіі ўкраінскай савецкай паэзіі” (1975 год), шматлікіх зборнікаў, сярод якіх “Мы іх не забудзем” (1949 год), “Крывёю сэрца” (1967 год).

Многія творы паэта перакладзены на рускую, украінскую, балгарскую мовы. Асобныя яго вершы (“Бярозка”, “Закасі мае вёсны”, “Сын зямлі на віхурнай арбіце”), дзякуючы Ігару Лучанку, ператварыліся ў песні.
 

  1970-я гады

Сярод дзяржаўных узнагарод Анатоля Вялюгіна – ордэны Айчыннай вайны 2-й ступені, “Знак пашаны”, медалі, Ганаровыя граматы Прэзідыума Вярхоўнага Савета Украінскай ССР, Літоўскай ССР, Латвійскай ССР.

У Анатоля Вялюгіна, як у сапраўднага, таленавітага літаратара, было шмат творчых задумак, якія ён спадзяваўся здзейсніць: “Я думаю аб дрэве жыцця. Думаю пра скарочаныя адлегласці апошніх гадоў. Мяне непакояць страты і пралікі ў перабытым часе. … Як мала зроблена, і часам не так, як належыць, і колькі планаў наперадзе!... Трэба спяшацца”.

Апошняя кніга паэзіі “Заклён на скрутны вір” была падрыхтавана Вялюгіным яшчэ пры жыцці, але, на жаль, ён так і не ўбачыў яе надрукаванай – кніга выйшла ў свет у 1995 годзе ўжо пасля смерці паэта.
 

Кніга паэзіі “Заклён на скрутны вір”. 1995 год


Анатоль Вялюгін пайшоў з жыцця 24 кастрычніка 1994 года.
 

 1980-я гады

 

Матэрыял падрыхтавалі Таццяна Жук і Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі зберагаецца асабісты архіў і частка бібліятэкі пісьменніка.

tut.by