Сёння — 100 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш

100 гадоў таму нарадзілася беларуская пісьменніца Ларыса Геніюш. Асуджаная савецкімі ўладамі ў 1949 годзе на 25 гадоў пазбаўлення волі, у 1956 годзе Геніюш была датэрмінова вызвалена, але дагэтуль не рэабілітавана.



Ларыса Геніюш (у дзявоцтве Міклашэвіч) нарадзілася 9 жніўня 1910 года ў сядзібе Жлобаўцы (цяпер Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці). У 1935 годзе выйшла замуж за студэнта Карлаўскага універсітэта Янку Геніюша і ў 1937 годзе паехала да яго на жыхарства ў Прагу. У 1947 годзе атрымала чэхаславацкае грамадзянства. У 1948 годзе па загадзе з Масквы была разам з мужам арыштавана ў чэшскім горадзе Вімперк і дэпартавана ў СССР. Ларысу Геніюш прыгаварылі да 25 гадоў пазбаўлення волі, пакаранне яна адбывала ў Комі АССР.

У 1956 году Геніюшы былі вызвалены і вярнуліся на радзіму мужа, у Зэльву, дзе паэтэса жыла да сваёй смерці ў 1983 годзе. Пры жыцці выйшлі кнігі "Невадам з Нёмана" (1967) і "На чабары настоена" (1982), пасля смерці — "Белы сон" (1990), "Споведзь" (1993), "Выбраныя творы" (2000) і "Каб вы ведалі" (2005). Паводле аповесці "Споведзь" на кінастудыі "Беларусьфільм" зняты мастацкі фільм "Птушкі без гнёздаў" (рэжысёр Віталь Дудзін).

У інтэрв'ю БелаПАН лідэр руху "Гавары праўду!" паэт Уладзімір Някляеў адзначыў: "Афіцыйнае стаўленне да Ларысы Геніюш адмоўнае, бо яна з вялікай адказнасцю падыходзіла да свайго жыцця і творчасці. Паказала сябе як чалавек, які ставіць у аснову сваёй творчасці нацыянальную мову і культуру".

Цяперашнія беларускія ўлады, паводле слоў Някляева, "не падтрымліваюць гэтыя каштоўнасці". "Яны не хочуць цікавіцца ні нацыянальнай культурай, ні нацыянальнай мовай, ні нацыянальнай літаратурай. Яны не хочуць імі авалодваць, лічаць, што проста ім гэта не патрэбна", — сказаў паэт.

З нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш 7 жніўня ў Зэльве прайшлі афіцыйныя і нефармальныя мерапрыемствы. Афіцыйныя праводзіліся ў мясцовым Доме культуры, куды прадстаўнікоў альтэрнатыўнага Саюза беларускіх пісьменнікаў на чале з Някляевым не пусцілі. У выніку прэзентаваць двухтомнік твораў Геніюш ім давялося на ступеньках Дома культуры.

Двухтомнік выйшаў накладам 400 асобнікаў у мінскім выдавецтве "Лімарыюс". У першы том увайшлі вершы і паэмы: выбранае з прыжыццёвых кніг і публікацый у маладаступнай перыёдыцы, прычым 74 вершы друкуюцца ўпершыню. У другі том уключана мемуарная проза: "Споведзь" і "Сто ранаў у сэрца". Асобны раздзел кнігі склалі лісты, большасць якіх публікуецца ўпершыню.

Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі таксама наведалі магілу пісьменніцы і дом, дзе яна жыла. Напярэдадні на сцяне будынка была ўстаноўлена памятная дошка, аднак супрацоўнікі міліцыі яе знялі, заявіўшы, што дошка знаходзіцца там незаконна.

БелаПАН