Сёння — 110 гадоў з дня нараджэння Наталлі Арсенневай

Наталля Аляксееўна Арсеннева нарадзілася 20 верасня 1903 года ў Баку. Вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі, у Віленскім універсітэце. Пасля верасня 1939-га Наталля Арсеннева жыла ў Вілейцы, працавала ў абласной "Сялянскай газеце". Як жонка польскага афіцэра Францішка Кушаля была высланая ў 1940 г. у Казахстан, але вызвалена ў маі 1941 г. па хадайніцтве Максіма Танка ад Саюза пісьменнікаў. У акупіраваным Мінску супрацоўнічала з "Беларускай газетай". У 1944 эмігравала ў Германію, актыўна ўдзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці ў лагерах ДП, была выкладчыцай у Беларускай гімназіі ім. Я. Купалы, з 1949 жыла ў ЗША. Працавала ў эмігранцкай беларускай газеце "Беларус", на радыё "Свабода", у Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Памерла 25 ліпеня 1997 года.
Напісала кнігі вершаў «Пад сінім небам» (1927, Вільня), «Сягоння» (1944), «Між берагамі» (1979, Нью-Ёрк). Напісала некалькі лібрэта да опер, займалася перакладамі.
Восень у Вільні
Клёны апалі, і золата й фарбы
крыюць зямлю дарагім дываном.
Поўныя жмені лістоў тых узяў бы,
восеньскім сплёў бы іх пышным вянком.
Таюць аблокі у небе высокім,
хвалі туману над Вільняй стаяць.
Места мярэсьціцца ўнізе, далёка,
вежы касьцёлаў у неба глядзяць,
цэркваў блішчаць залатыя галовы,
цёмнымі плямамі дрэвы ляглі,
сіняй палоскаю бор нат хваёвы
ледзьве відаць за істужкай Вяльлі...
Чуюцца, чуюцца восені чары
ў фарбах, у тонах лісьця і нябёс,
лёгкім дрыжэньні кляноў у пагары,
сьвежасьці йльдзістай, што вецер прынёс...
1921
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"