Сёння – 110 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Труса

Нарадзіўся 6 траўня 1904 года ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1923 г. скончыў Уздзенскую сямігодку, у 1927 г. – Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум.
Працаваў у рэдакцыі гомельскай газеты «Палеская праўда» (1927-1928), вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1928-1929). Быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк».
З першымі творамі выступіў у друку ў 1923 г. У той час друкаваў свае вершы ў газетах “Беларуская вёска”, “Звязда”, “Савецкая Беларусь” і ў часопісе “Маладняк”. Пры жыцці паэта выйшлі з друку два зборнікі: “Вершы” (1925) і “Ветры буйныя”(1927).
Пазней выйшлі зборнікі паэзіі Збор твораў (1934), «Творы» (1935), кнігі Выбраных твораў (1931, 1940, 1941, 1946, 1949, 1953, 1958, 1967, 1977, 1979), «Новай квадры настаў маладзік» (вершы і паэмы, 1984). Для дзяцей выдадзена кніга паэзіі «Падаюць сняжынкі» (1983).
30 жніўня 1929 года ў поўным творчым росквіце Паўлюк Трус, захварэўшы на брушны тыф, памёр.
Даследчык беларускай літаратуры пачатку XX ст., архівіст Віктар Жыбуль зусім нядаўна знайшоў унікальны ліст, датаваны 1925 годам і адрасаваны Паўлюку Трусу адной вясковай дзяўчынай, прыхільніцай паэта. Прачытаць ліст можна тут. Ён публікуецца ўпершыню.
Паўлюк Трус
У Купальскую ноч
У купальскую ноч
над прасторамi вод
цалавалiся явар з калiнаю.
Як драмалi палi,
засынаў небасвод, -
я спаткаўся з чароўнай дзяўчынаю...
Як драмалі палі,
а ў палях ды туман,
ой, туман-малачай серабрысты
жыта рунь паліваў
і кудзеліў твой стан, -
мы ступалі далінай імглістай.
А ў даліне ў цішы
чырвань-кветкі цвілі,
ты вяночкі пляла прамяністыя.
Залаціўся агнём
золак ранні ўдалі,
як мінулі даліну імглістую.
І пайшлі,
і пайшлі
мы на вольны прасцяг,
у прасторы палёў сінявокія.
Толькі спевы дзяўчат,
ой, ды спевы жыцця
усплывалі
далёка,
далёка…
Не развесісты гай
гаманіў пад гарой,
не зязюля ў гаі кукавала, -
у купальскую ноч
пры спатканні з табой
ты аб шчасці з запалам спявала.
1925
Па матэрыялах інтэрнэту