Сёння — 100 гадоў з дня нараджэння Сяргея Грахоўскага

26 верасня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбудзецца вечар памяці пісьменніка, а таксама адкрыццё выстаўкі, прысвечанай яго творчасці.

З біяграфіяй пісьменніка, з артыкуламі пра яго жыццё і дзейнасць, з вершамі, паэмамі, перакладамі, прозай і іншымі матэрыяламі можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Сяргея Грахоўскага.

Сяргей Грахоўскі

* * *

Як я жыў без цябе?
I не ведаў, што недзе на свеце,
За глухімі лясамі,
За сотнямі ўзгоркаў і меж,
Не на дальнім сузор’і,
А у нас на планеце
Ты ў зялёным і ціхім
Завулку жывеш.

Як я жыў без цябе?
А маглі ж не сустрэцца ніколі,
За паўкроку
Адно аднаго абмінуць,
Разысціся,
Як сцежкі расходзяцца ў полі,
I не знаў бы,
За страту каго папракнуць.

Мабыць, трэба было
Праваліцца у пекла,
Траціць блізкіх,
Пакутаваць, мерзнуць, гарэць,
Ратавацца,
Каб лютая сцюжа не ссекла,
Каб цябе пад Палярнаю зоркай
Сустрэць і пазнаць
I адразу забыцца аб крыўдзе,
Каб убачыць праменьчыкі
Ў зрэнках тваіх,
Нарадзіцца ізноў
I паверыць, што прыйдзе
I збавенне, і шчасце
Адно на дваіх;
Падабрэць, памякчэць,
Назаўсёды скарыцца
Непадкупнай
Суровай тваёй чысціні,
Каб істоты тваёй
Адкрываць таямніцы,
Каб душу гартаваць
На высокім агні.

Час ляціць і ляціць,
Завіруха завеяла скроні,
Пакідаюць насечкі
Гады на ілбе.
Я гляджу на цябе,
Я дзіўлюся і сёння,
Чым я жыў без цябе,
Як я жыў без цябе?..

1965

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"