Сёння — 65 гадоў з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц

Яўгенія Янішчыц

Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ў простай сялянскай сям'i . У 1955 годзе Жэня пайшла ў першы клас Рудкаўскай пачатковай школы. У чацвёртым класе Жэня напісала свой першы верш і прысвяціла яго маці. Пасля заканчэння Рудкаўскай пачатковай школы Жэня вучылася ў Мерчыцкай васьмігодцы. У снежні 1962 года ў раённай газеце «Палеская праўда» з'явіліся першыя друкаваныя творы Яўгеніі.

1 верасня 1963 Жэня прыйшла ў 9 клас Парэцкай сярэдняй школы. У гэтым жа годзе яна напісала свой першы рукапісны зборнік вершаў «Першыя россыпы». Яе вершы друкуюцца ў раённай газеце і рэспубліканскіх выданнях. Жэня становіцца гонарам школы і сваёй “малой радзімы”.

У 1966 Яўгенія закончыла 11 класаў Парэцкай сярэдняй школы і ў жніўні паступіла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры БДУ. З 21 кастрычніка 1969 Жэня пачала друкаваць свае вершы амаль што ў кожнай газеце «Беларускі універсітэт».

У 1969 годзе Жэня прымала ўдзел ва Усесаюзнай нарадзе маладых паэтаў і пісьменнікаў у Маскве. У 1970 годзе выйшаў першы зборнік «Снежныя грамніцы».

У 1971 годзе Яўгенію Янішчыц прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У гэтым годзе яна закончыла ўніверсітэт і працавала загадчыцай бібліятэкі ЦКЛКСМБ. Выходзіць замуж за беларускага паэта Сяргея Панізніка, тады вайскоўца, і маладыя едуць у Чэхаславакію. Сяргей працуе ваенным карэспандэнтам, а Жэня ўладкоўваецца на працу ў бібліятэку адной з воінскіх часцей. Праз год Яўгенія вяртаецца на радзіму. 14 лістапада 1972 года яна стала маці — нарадзіла сына Андрэя. З 1974 —1976 на творчай працы.

У 1974 годзе выходзіць кніга «Дзень вечаровы», за якую атрымала прэмію Ленінскага камсамола Беларусі ў 1978 годзе.

3 1976 літкансультант у рэдакцыі «Сельской газеты». З 1983 года — загадчык аддзела паэзіі часопіса «Маладосць».

Вершы Я. Янішчыц перакладзены на англійскую, балгарскую, іспанскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую мовы. На словы паэтэсы кампазітары Р. Давыдаў, Ю. Семяняка, М. Юрко і інш. напісалі песні.

У апошнія гады жыла адна, выхоўвала сына. Друкавалася ў вядучых літаратурных выданнях не толькі сваёй краіны, а і за яе межамі.

25 лістапада 1988 года трагічна загінула і пахавана на Усходніх могілках у Мінску.

Біяграфія, бібліяграфія, вершы, успаміны — многае пра Яўгенію Янішчыц можна знайсці на сайце http://yaugeniya.ru/, прысвечаным яе творчасці.  

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё зь любві,
Нават самая простая ява.
І тады душой не крыві
На дарозе жыцьця шырокай.
Пачынаецца ўсё зь любві —
Першы посьпех і першыя крокі.
Прыручаюцца салаўі,
І зьмяняюцца краявіды
Пачынаецца ўсё зь любві —
Нават ненавісьць і агіда...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё зь любві.
А інакш і жыць немагчыма.

I прыйдуць іншыя...

I прыйдуць іншыя, другія,
I нібы вясновы — хлыне хор.
Ды ў час глыбокай настальгіі
Ёсць сэрцу спеўнаму дакор:

Там, у палоне шчаснай мукі,
Дзе шлях паэта не відзён,
Я ноч растрачвала на гукі
І на радкі — праменні дзён.

Але — ізноў! — ратункам рання
Любоў і песня на зямлі.
Ва ўсе часы — ад запытання
Да апраўдання мы жылі.

I прыйдуць іншыя... Ўзаемна
Уславім дзён сэрцабіццё.
Пара мне знаць, што недарэмна
Па кроплі траціцца жыццё!

Яўгенія Янішчыц

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"