Сёння — Дзень нараджэння Максіма Багдановіча

Зімой
Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
I волен лёгкіх санак бег.
Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць,
У небе зоркі ад марозу
Пахаладзеўшыя дрыжаць.
Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, светлы стоўп спусціў
I рызай срэбнаю раздолле
Снягоў сінеючых пакрыў.
Ўзрывайце ж іх санямі, коні!
Звіні, вясёлых бомаў медзь!
Вакол лятуць бары і гоні,
Ў грудзях пачала кроў кіпець.
1910
Санет
Замёрзла ноччу шпаркая крыніца;
Твая пара, зімовая нуда!
Цяпер няма ўжо руху ні сляда,
I нават зверху слоем снег лажыцца.
Ды ўсё дармо, бо там, пад ім, струіцца
Магутная, жывучая вада.
Чакай! Яе йшчэ прыдзе чарада!
Здалее хваляў хор на вольны свет прабіцца.
Прыклаў я гэты сімвал да сябе,
Схіліўшыся ў надсільнай барацьбе,
I разгадаў прыроды роднай словы.
Як — прамаўчу, бо кожны з вас — паэт.
Рассейце ж самі лёгкі змрок прамовы,
Сваей душы туды пралліце свет!
1911
Разгарайся хутчэй, мой агонь, між імглы
Разгарайся хутчэй, мой агонь, між імглы, —
Хай цябе шум вятроў не пужае;
Пагашаюць яны аганёчак малы,
А вялікі — крапчэй раздуваюць.
Разгарайся хутчэй, зіхаці, аганёк, —
Каб, калі і замер ты без долі,
Усіх спужаў бы страшны абступіўшы іх мрок,
Хай агнёў не гасілі б ніколі.
Белым снегам укрылася вуліца,
А на ім, паміж конскага гноя,
Мерзне цёмна-зялёная хвоя,
I пушысты сняжок да ёй туліцца.
Тут вязлі ў катафалку нябожчыка;
Выступалі друзья ў задуменні;
Крыж няслі, йшоў у рызах свяшчэннік,
I цягнуліся ззаду ізвозчыкі.
1910-1913
Максім Багдановіч
Прэсавая служба СБП