Сёння — Дзень нараджэння Ніла Гілевіча

Глыбокашаноўны Ніл Сымонавіч! Віншуем Вас са святам і зычым моцнага здароўя, аптымізму, бадзёрасці, плённых справаў! Сто лят!
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці 30 верасня 1931 года. Там прайшлі яго дзіцячыя і падлеткавыя гады, тры з якіх выпалі на час нямецкай акупацыі. З 1947-га жыве ў Мінску.
Закончыў Мінскае педагагічнае вучылішча, а затым філалагічны факультэт БДУ. Пасля вучыўся ў аспірантуры, з 1960 па 1986 гады працаваў на кафедры беларускай літаратуры (у 1963 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі беларускай паэзіі ХХ ст., у 1978 годзе атрымаў вучонае званне прафесара). У 1980 годзе яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі.
Творчасць Ніла Гілевіча добра вядомая шырокай грамадскасці рэспублікі і далёка за межамі краіны. Прырода шчодра надзяліла яго шматгранным талентам: паэт-лірык, сатырык і публіцыст, драматург, прамоўца, трыбун, грамадскі дзеяч, асветнік, вучоны, фалькларыст, перакладчык.
Запрашаем вас наведаць сайт, прысвечаны асобе і творчасці Ніла Сымонавіча.
Ніл Гілевіч
***
Ісцiна, адвечная, як свет:
Шчасце ходзiць толькi ў пары з горам.
За надзеяй — боль зняверу ўслед.
За пашанай — прынiжэння сорам.
За святлом знаходкi — горыч страты,
За агнём любвi — разлукi снег.
За абдымкамi — падножка здрады...
Iсцiна, адвечная, як свет.
1970
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"