Сёння — Дзень нараджэння Ніны Мацяш

Ніна Мацяш.

Ніна Мацяш нарадзілася 20 верасня 1943 г. у вёсцы Нівы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. Лаўрэат фестывалю «Берасцейская зорка-98», Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, Заслужаная дзеячка мастацтваў Беларусі. Аўтар зборнікаў паэзіі «Агонь» (1970), «Удзячнасць» (1973), «Ралля суровая» (1976), «Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Шчаслівай долю назаві» (1990), «Богава дрэва» (2004) і інш. Перакладала з нямецкай, французскай, польскай, украінскай моў. Найбольш значныя пераклады: «Свет, варты вяртання» (1991г.) і «Хвіля» (2005г.) Віславы Шымборскай (польская Нобелеўская лаўрэатка 1996г.), «Маленькі прынц» і «Планета людзей» А. дэ С.-Экзюперы, раман у вершах «Маруся Чурай» Ліны Кастэнка і інш.

Балада руху


Біты шлях пад нагамі

                                    ці ні следу няма?

To імгла,

               то прызыўна далягляд замаячыць,

Быццам змрок расхінае

                                       святлістая доля сама

Рукою гарачай.

 

Пагражальна правіслі над зямлёй правады —

Чалавека хітае

                         ад смяртэльнай напругі

Шчасцятворнай пакутнай,

                                             самаахвярнай хады

За другі.

 

Быць не можа ў братэрства нічыйных палос,

Між людзей

                      быць не можа старонняга болю!

Даўжынёй у стагоддзі дарога;

                                                   толькі днець пачало

Над доляй.


Ніна Мацяш

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"