Сёння — дзень памяці Якуба Коласа

У дзень смерці Якуба Коласа на Вайсковых могілках Мінска адбудзецца памінальны мітынг і ўскладанне кветак да помніка паэту, паведамляе Радыё Свабода. Удзел у ім возьмуць пісьменнікі і паэты, грамадскія дзеячы, родныя сям’і паэта, а таксама навукоўцы і супрацоўнікі музеяў сталіцы. Пачатак а 16.00.

Будзь цвёрды

Ты не гніся, брат, ніколі
Траўкаю пахілай,
Сам пружыны своёй долі
Выкуй ўласнай сілай!

Бо хоць кажуць, што з уклону
Не баліць галоўка, -
Не зважай: з ярма-прыгону
Выйшла гэта слоўка.

Не прасі, не спадзявайся
Ты на дапамогу,
Сам з нягодамі змагайся,
Сам прабі дарогу!

Хоць памогуць табе людзі
Адшукаць дарогі,
А саб'ешся, зноў ты будзеш
Абіваць парогі.

Не лісціся к сільным, дружа,
Зеллейкам-бярозкай,
Бо не выйдзеш век з-пад гужа,
Страціш вобраз боскі,

І ў людзей ты гонар страціш -
І цябе зракуцца:
Лепш змагацца вольным, браце,
Чым цярпець ды гнуцца.

Якуб Колас

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"