Сёння назавуць Нобель па літаратуры. Нечаканая фаварытка — Софі Оксанен

Софі Оксанен
Брытанская букмекерская кантора Ladbrokes найбольш ацэньвае шанцы кенійскага пісьменніка Нгугі Ва Тхіёнга, на яго пастаўлены каэфіцыент — 4,50, на другім месцы ідзе традыцыйны фаварыт апошніх гадоў Харукі Муракамі (5,0), а вось Святлана Алексіевіч — ужо на трэцім месцы, на яе даюць каэфіцыент (7,0).

Алексіевіч вылучалася ў мінулым годзе, але акурат пасля вылучэння выйшла яе кніга «Час сэканд-хэнд», у якой, сярод іншага, апісаны рэваншысцкія настроі ў новай Расіі — незадаволенне рознымі слаямі грамадства стратай «вялікай краіны» 1991 года і мары пра вяртанне імперыі.

4—6-я месцы, паводле Ladbrokes, трымаюць адразу трое: сірыец Адоніс, албанец Ісмаіл Кадарэ і француз Патрык Мадыяно з каэфіцыентам 11,0.

Рэзка выраслі і каціроўкі 37-гадовай фінскай пісьменніцы і актывісткі ЛГБТ-руху Софі Оксанен, якая раней ніколі не трапляла ў спіс фаварытаў. Раманістка яна сапраўды вельмі моцная. Такія маладыя аўтары яшчэ ніколі не атрымлівалі прэміі.

А заўтра, у пятніцу, а 12-й будзе названы лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру.

nn.by