Навіны

Віталь Рыжкоў – паэт, перакладчык, пераможца трох паэтычных слэмаў у Беларусі і Ўкраіне, актыўны ўдзельнік літаратурнага працэсу, аўтар кнігі паэзіі «Дзверы, замкнёныя на ключы» (2010). Пра літаратуру, музыку і праекты ў галіне культуры, да якіх ён спрычыніўся, з Віталём пагутарыла Юлія Новік.

– Як выпрацаваўся твой уласны адметны стыль чытання?

 

– Існуюць не толькі стэрэатыпы мыслення і стэрэатыпы вобраза, але і аўдыё-стэрэатыпы. Чытаючы літаратуру, часам падаецца, што ты дакладна ведаеш, з якой інтанацыяй, тэмпам і гучнасцю выконваў твор сам аўтар, альбо хаця б яго лірычны герой – асабліва, калі не меў магчымасці яго чуць. Так у мяне існаваў стэрэатып таго, як выконваў свае вершы Маякоўскі, творчасць якога мяне шмат чаму навучыла ў пэўны перыяд. (Пра тое, як усё ж выконваў сваю паэзію Маякоўскі, я даведаўся пазней, калі адшукаў аўдыёзапісы некалькіх вершаў). Намаганне наблізіцца да той самай уяўнай манеры дэкламацыі і сфармавала, відаць, тое, што цяпер называюць адметным стылем чытання, хоць, паверце, я не да канца разумею, у чым адметнасць: я проста чытаю так, як чытаў з самага першага выступа.

 

– Распавядзі пра стэрэатыпы, звязаныя са слэмам і слэмерамі. Як павінен выглядаць сапраўдны слэм?

 

– Гэтае пытанне патрабуе больш разгорнутага адказу. Абмінаючы гісторыю шэсця з’явы па планеце з мэтай эканоміі словаў, варта проста нагадаць, што нішто не ўзнікае беспрычынна. Так паэтычны слэм таксама з’яўляецца рэакцыяй на пэўны стан сучаснай (геаграфічна і на момант узнікнення — амерыканскай) паэзіі. Падставы для стварэння альтэрнатывы таму ці іншаму аспекту канона ўзнікаюць лёгка і ўва ўсе часы — так і адбываецца развіццё літаратуры.  

Спрошчана кажучы, навабранцу-выдатніку ў паэзіі, да якой ён збіраецца далучыцца, заўжды чагось у ёй бракуе: інтэлектуальнасці, інтэртэкстуальнасці, фармальнага пошуку, шчырасці, гумару, цынізму, традыцыі, сваёй уласнай персоны і г.д. Абраны недахоп (часта яго як такога не існуе, а існуе ён у асобна ўзятай галаве праз пэўную неабазнанасць) навабранец імкнецца запоўніць сваімі сіламі і метадамі; лягчэй – калі навабранцаў група.  

Верагодна, заснавальнікам літаратурных сустрэчаў з кідкім словам “SLAM” на афішы бракавала ў літаратуры элементаў шоў-спаборніцтва, кантакту з чытачом/гледачом. А паколькі слэмы сталі запатрабаванымі — хутчэй за ўсё, так і было. Так слэму стала ўласцівай не толькі форма падачы паэзіі, але і спосаб яе стварэння. Узніклі, напрыклад, паняткі “слэмаваць” – крычаць, дэкламаваць верш з асаблівым надрывам, і, што зазвычай забываецца, панятак “слэм-тэкст”, які ўжо не паэзія ў звыклым выглядзе, але яшчэ і не мона-п’еса. Абраная слэм-тактыка, канчатковая мэта якой — перамога з прыемным грашовым бонусам, патрабуе якасна адрознівацца ад канкурэнтаў (прычым не ў літаратуры, а ў канкрэтна ўзятым спаборніцтве), таму ўніверсальнай формулы тут быць не можа. Адзіная, бадай, агульная рыса для зацікаўленых удзельнікаў – згадваючы недахоп імгненнага фідбэку – гэта дасягненне максімальнага кантакту з прысутнай аўдыторыяй. Слова цяпер не верабей, а мячык у руках настаўніка, які ён шпурляе ў залю і чакае найхутчэйшай рэакцыі з яе боку.  

Нагадаю яшчэ толькі, што вынік слэму – пераможца з уласным падыходам да аўдыторыі — не ёсць паказнікам нейкіх тэндэнцый у літаратуры ці моднасці аўтара, а толькі сярэдняй арыфмітычнай густу гледачоў кожнага асобна ўзятага слэм-спаборніцтва. (Што ніяк не змяншае значэння і вартасці публікі і ўдзельнікаў). А ў кожным з нас ажывае падчас не толькі літаратар ці чытач, але і не абы-які літаратурны крытык, літаратурны журналіст, знаўца і суддзя.

Паводле гэтага ёсць нагода задаць пытанне – ці праводзіўся хоць адзін сапраўдны слэм не толькі ў Беларусі, але і ў Украіне (адкуль прывезены быў да нас), у Расіі? Калі ацаніць праведзеныя мерапрыемствы знешне: так, гледачы ставілі адзнакі, галасавалі, чаго раней не было (?), паэты праходзілі ў паўфіналы-фіналы. (Тыя, хто не праходзіў, бывала, абвінавачвалі астатніх у папсовасці паэзіі). Але, аглядзеўшыся ўнутры, з упэўненасцю можна сказаць: ніводзін з пераможцаў слэмаў не ствараў адмыслова для слэмаў новыя тэксты не-зусім-паэзіі, слэм-тэксты (бо для гэтага не было патрэбы: падставаў для слэм-руху не было), ніводзін з пераможцаў адмыслова не змяняў спосаб дэкламацыі сваёй паэзіі. Вынікае, што слэмы ў нас былі, але без слэмераў.  

Відавочны плюс слэмаў у Беларусі – гэта магчымасць прыцягнуць публіку ў небывалай колькасці на вечарыны маладой паэзіі, скарыстаўшы адно чароўнае і моднае слова на афішы. “Slam, bam, thank you ma'am!” – гавораць амерыканцы пра хуткі сэкс. У беларусаў атрымалася скарыстаць па-хуткаму само слова. Можа быць, яно і да лепшага, бо, як на мяне, літаратура, у якой творцы пакуль і без слэмаў не забываюць пра элементы шоў падчас выступаў, пакуль не мае патрэбы ў такой форме.

 

– Ты, як адзін з аўтараў відэапраекта "Чорна-белыя вершы", ці задаволены тым, што ўдалося зрабіць?

 

– Не, бо заўсёды праз нейкія моманты ўзнікае шмат недахопаў у канчатковага прадукта. Гук дакладна мог бы быць лепшы. Мантаж таксама. Ну, і болей аўтараў. У працягу праекта мы і пастараемся пазбавіцца хібаў. Мэтай праекта было павелічэнне прыстунасці добрых беларускіх паэтаў у відэа-прасторы інтэрнета. (Гэта адначасова і бібліятэка кароткіх фільмаў накшталт калекцыі братоў Люмьер, і спосаб паказаць колькі вершаў тым, хто з пэўных прычынаў не можа трапіць на літаратурныя імпрэзы, а з арганізацыяй імпрэзаў вельмі і вельмі часта ў Беларусі праблемы). На дадзены момант адзнята 25 аўтараў. Плануецца як мінімум падвоіць колькасць аўтараў, перарэдагаваць ролікі і выдаць усё на мультымедыя дыску.

 

– Якія ты бачыш плюсы і мінусы таго, што творца можа быць адначасова і арганізатарам імпрэзаў?

 

– Відавочны плюс у тым, што творцу прасцей паразумецца з іншым творцам падчас дамовы пра выступ, намацаць дыпламатычную лінію перамоваў, калі арганізатар-творца ставіцца да іншага творцы так, як хацеў бы, каб ставіліся да яго самога.

Самы распаўсюджаны мінус арганізатара-творцы, які я заўжды заўважаў, – гэта часам празмернае выпячванне сваёй уласнай асобы падчас самой імпрэзы.

 

– Ты працуеш у сферы культуры – з якімі складанымі пытаннямі, тэндэнцыямі і з’явамі давялося сутыкнуцца?

 

– Складанасці ўзнікаюць тады, калі калега, альбо часовы калега, не разумее базавых законаў Мерфі і вынікаў з іх.

 

– Якая форма сустрэчы аўтара з аўдыторыяй табе імпануе больш за ўсё?

 

– Калі аўтар добра піша, а аўдыторыя гэта разумее, чытаючы.

 

– Раскажы пра свае стасункі з музычнай сферай.

 

– Гэта паралельны занятак у іншай сферы, дзе не павінныя быць улічаныя мае заняткі літаратурай. І пад псеўданімам. Стасункі пакуль прыязныя.

 

– Чым узбагаціў тваю творчасць вопыт перакладаў?

 

– Героі і лірычныя героі вершаў сталі зрэдку спрабаваць жартаваць, дзякуючы перакладам.  

 

– Якіх аўтараў ты перакладаў? У выніку ствараеш больш у сваёй манеры ці імкнешся максімальна перадаць стыль аўтара?

 

– Удала ці няўдала перакладаліся аўтары з ЗША, Грузіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі; але наўрад ці можна ўніфікаваць працу над перакладам паэзіі – іначай і перакладаць было б нецікава – нават пры напісанні ўласнага верша варта памятаць пра баланс: што, дзе і чаму. Пераклады у ідэале павінны быць любой цаной добрымі і любой цаной павінны заставацца менавіта перакладамі – іначай уся гэтая дзейнасць іначай называецца.

 

Гутарыла Юлія Новік.

Аўтар фотаздымка – Вольга Палубенка.

rv-blr.com

[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------