Следчы камітэт адмовіў у завядзенні крымінальнай справы па факце смерці Юрыя Гуменюка

Нагадаем, што гарадзенскі паэт Юрый Гумянюк загінуў 19 студзеня 2013 года. Як расказвалі відавочцы трагедыі, ён выпаў з дзявятага паверха інтэрната па вул. Сухамбаева, які знаходзіцца побач з яго домам. Суседзі і сябры да сённяшняга дня кажуць, што ён не змог бы сам кінуцца з 9-га паверха і што яму нехта дапамог.

Аднак у следчага камітэта сваё меркаванне.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, высветлілася, што Гумянюк «доўгі час знаходзіўся на дыспансерным уліку ў псіхіятра, а ў апошні час — у нарколага. На глебе злоўжывання алкаголем ён паводзіў сябе неадэкватна, упадаў у дэпрэсію. За некалькі гадзін да смерці спрабаваў нанесці сабе цялесныя пашкоджанні нажом, рабіў некантраляваныя дзеянні, у інтэрнаце бязмэтна перамяшчаўся па памяшканнях агульнага карыстання, у тым ліку па балконе, выкінуўшыся з якога, ён здзейсніў самагубства».

Гібель Юрыя Гуменюка ставіць перад многімі жыхарамі горада шэраг пытанняў.

«У апошні час Юра вельмі змяніўся, — кажуць суседзі Гуменюкоў. — Было ўражанне, што ў лепшы бок, і тут раптам такое…»

Суседзі кажуць, што яны дагэтуль не могуць прызвычаіцца да смерці паэта: «У яго ў апошні час было шмат зацікаўленняў, напрыклад, акварыумістыка, да таго ж ён, як вядома, рыхтаваў новую кнігу. На жаль, не паспеў».

Юрый жыў з маці ў прыватным сектары ў раёне, які носіць назву Пярэселка. Апошнім часам працаваў журналістам беларускай службы Польскага радыё пад псеўданімам Вацлаў Галімскі, быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Сябры паэта збіраюцца выдаць зборнік вершаў, які Юрый планаваў выпусціць у 2013 годзе. На пахаванне, што адбылося 23 студзеня 2013 года, прыехалі галоўны рэдактар часопіса «Абажур» Уладзімір Дзюба і прэс-сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі, а таксама сябры з Беластока і іншых гарадоў.

Андрэй Мялешка, budzma.org
Фота Андрэя Мялешкі