Слова Генадзя Бураўкіна пры адкрыцці XVI З’езда СБП

 

 


Паважаныя дэлегаты!

Шаноўныя госці!

Дарагія сябры!

 

Я, вядома, не буду арыгінальным, калі скажу, што наш З’езд сабраўся ў складаны і трывожны час. Сапраўды: па  роднай краіне распаўзаецца фінансава-эканамічны крызіс, брутальна звужаецца поле дзейнасці дэмакратычных сіл, у грамадстве праз шэры асфальт абыякавасці квола прабіваюцца парасткі зняверанасці і адчаю, вусцішна робіцца ад каркання змрочных замежных прарокаў і загадкавых айчынных палітычных варажбітоў.

Мы – сыны і дочкі гэтай зямлі, і нашы сэрцы таксама баляць за яе будучыню, за ўсе раны і памылкі ўчарашняга і сённяшняга дня. У няпростых умовах дзяржаўнага станаўлення, у штодзённых клопатах пра дзяцей і ўнукаў таму-сяму (асабліва чамусьці ў высокіх эшэлонах улады) не да літаратуры. Яны вельмі лёгка і проста могуць без яе абысціся (і, дарэчы, многія гады абыходзяцца). А вось мы абысціся без яе не можам, бо яна – наша пакліканне, наш лёс, справа жыцця, наша самае галоўнае апраўданне перад Усявышнім за свой прыход у гэты свет. Таму мы так востра, нават хваравіта адчуваем трагічныя наступствы масавай страты цікавасці да кніг, зніжэння маральнай “планкі” ў службовых і асабістых узаемадачыненнях, глухаты моладзі да мастацкага слова.

Паўвека таму выдатны паэт Аляксандр Твардоўскі сказаў: “Зносіны з кнігай – вышэйшая і незаменная форма інтэлектуальнага развіцця чалавека”. Гэта была формула, прадыктаваная сталым вопытам глыбокай, мудрай асобы, выведзеная з нядрэмнага роздуму над шляхамі развіцця зямной цывілізацыі, пацверджаная шматстайнай і часам горкай гісторыяй многіх краін і народаў. Так, тэхнічны прагрэс апошнім часам даў надзвычайныя, унікальныя магчымасці хуткага задавальнення людской цікаўнасці, імкнення да адчування сваёй далучанасці да самых модных і яркіх навінак сучаснай культуры. Кіно, тэлебачанне, а цяпер і інтэрнет, акрамя ўсяго іншага, укралі дарагі час у чытання кніг. І ад гэтага факта нікуды не падзенешся. Але хіба могуць замяніць крывавыя тэлесерыялы, безгалосая, крыклівая папса, наспех сплеценыя кашалі сенсацый і скандалаў духоўнага сумоўя з Шэкспірам і Пушкіным, Купалам і Шаўчэнкам, Сэрвантэсам і Чэхавым, Коласам і Хэмінгуэем, Гарэцкім і Міцкевічам і многімі іншымі непаўторнымі талентамі, названымі калісьці валадарамі дум? Ці не ад таго, што нашы сучаснікі залішне рэдка чытаюць і перачытваюць (а то і зусім не бяруць у рукі) іх геніяльныя творы, мы скаланаемся ад жаху, пачуўшы, як дзеці забіваюць бацькоў, як у алкагольным ці наркатычным полымі згараюць зусім юныя жыцці, як на шыкоўных інамарках раўнадушна праносяцца міма пакалечаных і сканалых пешаходаў распанелыя, самазадаволеныя дзялкі?

Вядома, чытаць Фёдара Дастаеўскага ці Кузьму Чорнага нялёгка. Гэта не танныя пустыя дэтэктывы, не парнаграфічныя, хай сабе і прыпудраныя палітычнай кан’юктурай, анекдоты. Тут патрабуецца засяроджаная праца душы і розуму. Але скажыце, калі тое, што даецца без працы, без напружанага пошуку і мэтанакіраванай самааддачы, прыносіла чаканы плён і заставалася ва ўдзячнай памяці?.. Перакананы, што нам усімі сіламі трэба абуджаць цікавасць суайчыннікаў, грамадства да сур’ёзнай, класічнай літаратуры, да ўдумлівага пастаяннага чытання. Як гэта зрабіць, што прадпрыняць – давайце супольна падумаем і на нашым з’ездзе. Спакойна глядзець, як непрыкметна, ціхай сапай разбураецца падмурак нашай ментальнасці, нашых гістарычных традыцый, калечыцца наш нацыянальны характар, даруйце мне гучныя словы – маральнае злачынства над нашчадкамі.

Разважаючы аб месцы літаратуры ў духоўным жыцці народа, аб ролі мастацкага слова ў станаўленні і сталенні нашай адроджанай (і ўсё яшчэ маладой) дзяржаўнасці, я хачу вярнуцца да старой і агульнапрызнанай ісціны: без валодання роднай мовай чалавек не можа спасцігнуць мудрасць і прыгажосць літаратуры, а без развітай, багатай літаратуры ён не зможа ў поўнай меры авалодаць роднай мовай. Здавалася б, гранічна ясна і дакладна. А што мы рэальна бачым у нашым тлумным і жорсткім 21 стагоддзі?

Высокія чыноўнікі не без злараднасці папракаюць пісьменнікаў у мізэрных накладах кніг, у нізкай папулярнасці іх сярод чытачоў. І, як кажуць, крыць няма чым: і выданні нашыя малатыражныя, і чэргаў за імі ў кнігарнях і бібліятэках не відно. Адно толькі забываюць (ці наўмысна ўтойваюць) нашы ўсемагутныя і ўсюдыісныя афіцыйныя начальнікі – каб чытаць беларускія кнігі трэба – як мінімум – ведаць беларускую мову. А адкуль возьмуцца веды, калі ў школах матчына мова паслядоўна выганяецца ўжо з пачатковых класаў, калі беднай падчаркай пачуваецца яна ў вышэйшых навучальных установах, калі практычна не гучыць ні ў парламенце, ні ў міністэрскіх кабінетах, калі не хочуць прызнаць яе гаспадыняй у нашых хатах ні тэлебачанне, ні эстрада, калі карыстацца ёю саромеюцца тыя, хто так смела і так часта заяўляе сваё права прадстаўляць Рэспубліку Беларусь? Я не буду прыводзіць факты і статыстычныя выкладкі. Вы іх усе цудоўна ведаеце і помніце. Самае ж страшнае, самае трагічнае, што пры ўсім жаданні цяжка ўгледзець светлую перспектыву і імкненне дзяржавы выпрацаваць цывілізаваную і ўцямную палітыку ў адносінах да мовы карэннай нацыі. Дык што ж вы хочаце ад пісьменнікаў, на што спадзяецеся ў такіх абставінах? Колькі год мы крыкам крычым аб бядотным становішчы нашай мілагучнай, нашай старажытнай, нашай трывушчай і занядбанай мовы, заклікаючы ў саюзнікі і мудрацоў мінуўшчыны, і нават класікаў марксізма-ленінізма. Але заткнулі свае вушы і душы ваяўнічыя і цынічныя манкурты, якія ўзабраліся вунь як высока, і ўпарта не хочуць зразумець, што ігнараванне нацыянальнага пытання, пагардлівая абыякавасць да стану дзяржаўнай беларускай мовы ні да чаго, акрамя непатрэбных канфліктаў і крыўдаў, прывесці не можа. Нам патрэбна, гэтага патрабуе сусветны гістарычны працэс – яднанне нацыі, згуртаванасць вакол святыняў роднай зямлі, адной з галоўных сярод якіх з’яўляецца Богам дадзенае матчына слова.

Аднак, як гэта ні горка ўсведамляць, мова, на жаль, – не адзіны наш непазбыўны боль. Нядаўнія падзеі на постсавецкай прасторы, калі даволі актыўна ствараюцца не зусім зразумелыя  дзяржаўныя альянсы, дзе на першы план высоўваецца вайсковае супрацоўніцтва, калі да нашых прыродных багаццяў, да вынікаў працы многіх пакаленняў нашых землякоў хціва цягнуцца валасатыя рукі суседскіх алігархаў, калі ўсё больш хітра, усё больш настырна лезе ва ўсе дзіркі бандыцкі глабалізм, зноў востра і надзённа паўстае пытанне аб нашай незалежнасці, аб гарантыях і падвалінах суверэнітэту нашай нацыянальнай дзяржавы. Захапіць лепшыя беларускія прадпрыемствы, купіць панскімі зарплатамі і спакуслівымі дабротамі высокапрафесійных, вопытных інжынераў і майстроў, як гэта робіць ужо сумна вядомы “Газпрам”, заманіць шчодрымі і вельмі своечасовымі крэдытамі ў пастку, адкуль няма выйсця – хіба не вядзе гэта да страты эканамічнай самастойнасці і не адчыняе шырока дзверы для ціхай інкарпарацыі нашай краіны ў новую магутную, ахмялелую ад газавых і нафтавых барышоў імперыю? Многія беларусы ніяк не могуць, а то і чамусьці не хочуць зразумець катастрафічную небяспеку, якая грознаю чорнаю хмараю навісае над зямлёю пад белымі крыламі, над будучыняй нашых дзяцей і ўнукаў. Мне здаецца, надышоў час схамянуцца і яшчэ раз сабе і ўсяму свету заявіць аб непарушнасці нашага дзяржаўнага суверэнітэту, аб нашай цвёрдай волі жыць гаспадарамі ў сваім доме, на роўных сябраваць і супрацоўнічаць з суседзямі, адчуваць сябе годнаю часткаю людства, але быць – заўсёды і назаўсёды – самастойнымі, вартымі спадзяванняў продкаў і надзей нашчадкаў. Трэба, я думаю, склікаць Другі ўсебеларускі сход за незалежнасць і на ім “усім народам” акрэсліць шляхі і лёс і роднай дзяржавы, і роднай мовы, і роднай літаратуры.

Што ж датычыць канкрэтных дасягненняў і праблем сённяшняй беларускай паэзіі, прозы, драматургіі, крытыкі – я спадзяюся, на З’ездзе адбудзецца грунтоўная, вострая, шчырая зацікаўленая гаворка аб іх. Яны вартыя гэтага. Мы маем творы, за якія не сорамна ні перад строгімі чытачамі, ні перад мудрымі папярэднікамі, ні перад патрабавальнымі калегамі ў вялікім свеце.

З гэткім настроем, з гэткай упэўненасцю я і абвяшчаю XVI справаздачна-выбарчы З’езд Саюза беларускіх пісьменнікаў адкрытым.

 

Генадзь Бураўкін