Сільвія Плат: Узыход сонца на поўдні.

Мюнхенскія манекены

Дасканаласць палохае, бяздзетная,
Халодная бы зімовы подых, яна ўтрамбоўвае чэрава

Дзе нібы гідры квітнеюць цісы, 
Дрэва жыцця і дрэва жыцця

Вызваляюць поўні свае, месяц за месяцам, дарма.
Плынь крыві гэта плынь кахання,

Сапраўдная ахвяра. 
Значыць: адзіны ідал гэта я,

Я і ты.
У сваім серным харастве, ва ўсмешках

Стаяць нахіленымі манекены ў Мюнхене
Начным, трупярні паміж Рымам і Парыжам,

Аголеныя, без парыкоў у футрах,
На срэбных палках памаранчавыя ледзяшы,

Без розуму і без шкадавання.
Снег кідае свае кавалкі цемры,

Нікога побач. У гатэлях 
Адчыняюць дзверы і выстаўляюць

На чыстку боты 
Заўтра ў іх пакрочаць нечыя ногі.

Ах сямейная ўтульнасць гэтых вокнаў, 
дзіцячыя карункі, цукеркі ў форме лісця,

Тоўстыя немцы ахутаныя дрымотай у бяздонным Stolz. 
І чорныя тэлефонныя слухаўкі на круках

Блішчаць
Блішчаць і пераварваюць

Безгалоснасць. У снегу няма голасу.

28 студзеня 1963

Авечкі ў тумане

Узгоркі сыходзяць у белую бездань. 
Што людзі, што зоркі
З сумам глядзяць на мяне, іх расчароўваю.

Цягнік выдыхае белую стужку.
Гэй, цішэй
Конь колеру іржы,

Капыты, званочкі панурыя – 
Ўсю раніцу
Ранак чарнее,

Забытая кветка.
Цела маё нерухомае, а сэрца
Неабсяжныя растапляюць палі.

Яны прадказваюць, 
Што прымуць мяне да неба,
дзе ні айца, ні зорак, толькі возера цемры.

2 снежня 1962, 28 студзеня 1963



Узыход сонца на поўдні

Казачныя вілы
Колеру цытрыны, манга, марэлі,
Усё яшчэ спяць за
Аканіцамі, узоры на балконах
Разныя нібы 
карункі ці вытанчаны малюнак кветак.

Хістаючыся з ветрам, 
На ствалах спічастых, 
Падобных да лупіны ананаса.
Зялёны месяц пальмаў 
Выстрэльвае 
Фейерверкам лісця.

Крыштальна чысты досвітак
Па сантыметры
Залоціць наш праспект,
І з блакітнага кісялю
Анёльскае Затокі, 
Узыходзіць круглы і чырвоны кавун сонца.
1956


Зімовыя дрэвы

Атрамант дажджлівага золку распушчае блакіт. 
На прамакатцы тумана дрэвы
Здаюцца краслюнкамі з падручніка па батаніцы.
Успамінаў усё болей, кальцуецца час,
Чарада вяселляў.

Не вядомыя ім ані спароны, ані істэрыкі,
Яны дораць насенне жыцця без высілак!
Як ніводнай жанчыне няможна.
Спазнаючы вятры, што не кранаюць зямлі,
Стаяць яны па пояс у гісторыі.

Абрастаючы крыламі, бы з іншага свету.
У гэтым, ім лёс Леды наканаваны.
Але скажы, маці лісця і асалоды, 
Каму стогн гэтых тужліўцаў адданы?
Цені лясных галубоў песняй звіняць, але не прыносяць спакою.

1962

Макі ў кастрычніку

Нават аблокам, асветленым сонцам, далёка да гэтых спадніц.
Як і жанчыне ў хуткай дапамозе
Чыё сэрца так адчайна квітнее праз 
паліто –

Дарунак, дарунак кахання
Нікім не чаканы
Ні небам

Што блякла і зырка
Запальвае свой чадны газ, ні вачыма
Што безжыццёва застылі пад палямі капелюшоў.

Божухна, хто я такая 
Што крык раздзірае іх чырвоныя горлы 
Сярод лесу сцюжы, на валошкавым золку. 
1962

Балонікі

Ад калядаў яны жылі з намі,
Простыя і наіўныя,
Авальныя душы-звяркі,
Захапіўшы палову прасторы,
Плылі бы па ядвабе

Нябачнае дрэйфаванне ў паветры,
Віскат і лопанне
У час атакі, і ўцёкі ў схованку з ціхім трымценнем. 
Жоўтая каціная галава, блакітная рыба – 
Такія дзіўныя спадарожнікі жылі разам з намі

Заместа мёртвай мэблі!
Саламяныя посцілкі, белыя сцены
І гэтыя шары-вандроўнікі
Усе з паветра, чырвоныя, зялёныя
Што цешылі

Сэрца як пажаданні ці вольныя
Паўліны што асвячаюць
Старую зямлю пяром 
Адкаваным у блішчастай жалезцы. 
Твой малы

Брат сціскае
Балонік і той віскоча як кот.
Скрозь яго 
Дзіўны ружовы свет які можна паспрабаваць праглынуць,
Ён разяўляе рот,

І падае
Назад, няўклюдны жбан
Здзіўляючыся аглядае празрысты як вада свет.
З заціснутым у кулачку
Шматком чырвоным

1963

Пераклад з ангельскай Вольгі Гапеевай, Дзеяслоў № 49