"Сіманаўскія чытанні" адбыліся ў Магілёве

Напрыканцы лістапада ў Магілёве адбыліся 9-я Міжнародныя “Сіманаўскія чытанні”. Штогадовае літаратурнае мерапрыемства прымеркавана да дня нараджэння пісьменніка Канстанціна Сіманава. У межах форума ў Беларуска-расійскім універсітэце быў праведзены круглы стол.

У абмеркаванні стану сучаснай беларускай і рускай літаратуры ўдзельнічалі кіраўнікі ідэалагічных службаў вобласці і горада, прадстаўнікі Пасольства Расіі ў Беларусі, пісьменнікі з Масквы, Бранска, Смаленска, Мінска, Гомеля, Віцебска і Магілёва, навукоўцы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

Цягам гутаркі было адзначана, што пісьменнік як прадстаўнік інтэлектуальнай эліты павінен спрыяць рознабаковаму і якаснаму развіццю літаратуры, выхоўваць у сваіх чытачах імкненне да гуманістычных каштоўнасцяў. Асобна была звернута ўвага на неабходнасць кансалідацыі творчых саюзаў і суполак Расіі і Беларусі, наладжванне міжкультурнага супрацоўніцтва.

Ганаровымі дыпломамі “Перамога” праўлення Маскоўскай гарадской арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі і Саюза пісьменнікаў баталістаў і марыністаў за ўнёсак у ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі і літаратурную спадчыну народаў Расіі і Беларусі былі ўзнагароджаны сябры магілёўскага аддзялення Грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Тамара Аўсяннікава, Сяргей Украінка і Мікола Яцкоў, а таксама літаратурны клуб “Святліца” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат”.

Ул. інф. магілёўскага аддзялення СБП

На фота: сябра Саюза пісьменнікаў Расіі Надзея Драбышэўская ўручае ўзнагароду Міколу Яцкову