«Сіманаўскія чытанні» прайшлі ў Магілёве

Адбыўся круглы стол з удзелам ветэранаў, літаратуразнаўцаў, пісьменнікаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, а таксама  ўскладанне кветак да каменя Канстанціна Сіманава на Буйніцкім полі.

Васіль Быкаў і Рыма Казакова на вечары памяці К. Сіманава, лістапад 1979 г.

У межах чытанняў у бібліятэках, школах і іншых установах горада прайшлі літаратурна-музычныя вечарыны, выставы і іншыя мерапрыемствы.

Святкаванне 70-годдзя К. Сіманава. Выступае Роберт Раждзественскі. Васіль Быкаў. 1985 г.

Канстанцін Сіманаў праславіў подзвіг абаронцаў Магілёва ў ліпені 1941 года. Ён пабываў у абложаным фашыстамі горадзе, наведаў пярэдні край абароны на Буйніцкім полі, дзе былі падбіты 39 фашысцкіх танкаў і бронемашын. Тут ён сустрэўся з абаронцамі, у ліку якіх — палкоўнік Сямён Куцепаў, які стаў правобразам генерала Сярпіліна. Пазней пісьменнік не раз вяртаўся да абароны Магілёва, часта прыязджаў у абласны цэнтр, бываў на месцах былых баёў, сустракаўся з іх удзельнікамі. Характары і лёсы многіх з іх у той ці іншай ступені атрымалі адлюстраванне ў раманах «Жывыя і мёртвыя», «Салдатамі не нараджаюцца».  Паводле завяшчання прах Канстанціна Сіманава развеяны над Буйніцкім полем пад Магілёвам. У памяць пра пісьменніка-франтавіка яго імем названа адна з вуліц абласнога цэнтра.

 

Сіманаўскія чытанні. Выступае Ігар Шклярэўскі. Злева Рыма Казакова і Андрэй Вазнясенскі

Першыя «Сіманаўскія чытанні» адбыліся ў 1980 годзе, праз год пасля смерці пісьменніка. Штогадовым падзеяй яны сталі з 2005 года, а з часам пашырылі свой фармат і выйшлі за межы правядзення аднаго-двух мерапрыемстваў.

Сайт МДУ імя А. А. Куляшова апублікаваў унікальныя архіўныя фатаграфіі магілёўскага фотамайстра Васіля Цітова, на якіх адлюстраваны першыя Сіманаўскія чытанні ў Магілёве, у якіх удзельнічалі  як маскоўскія пісьменнікі і паэты, так і беларускія.

 

Фотаздымкі Васіля Цітова (www.msu.mogilev.by)