Навіны

Каб уявіць сабе, якім быў Ян Збажына, згадайце вобраз Гервасія Вылівахі з «Ладдзі роспачы» Уладзіміра Караткевіча. Гэткі ж светлавокі, рухавы, заўжды выпраменьваючы беларускі гумар, лёгкі на збор у вандроўку, у заўсёдным пошуку навізны і авантуры, ён смяяўся ў вочы жыццю і смерці ва ўласным лёсе і сваіх творах. Ян і Гервасій падобныя не толькі прагавітасцю да “славянскай забавы” і дзявок, рамантыкай натуры, але, найперш, шчырай любоўю да Бацькаўшчыны і ўсяго беларускага. 

 
У скарбонку Беларусі Ян Збажына паклаў усяго адну, падобную на сшытак, кнігу паэзіі і прозы «Пыл саркафагаў», выдадзеную ў 2004 годзе. Наракаюць, што замала. Ды не – многа, бо, па словах Яна Збажыны, нават адзін «добры афарызм варты пэўнай філасофіі».


Ян Збажына адпрыродна валодаў магнетызмам, які ўцягваў людзей у яго энергетычнае поле захапленняў. Дзякуючы яму, у сферу беларушчыны, грамадскага руху і літаратуры патрапіў і я, калі, пасля заканчэння Беларускага інстытута фізкультуры, працаваў у сваіх Баранавічах інструктарам па плаванні ў басейне сярэняй школы №6. І было ж так наканавана, што менавіта ў гэтай жа школе з 1989 года працаваў будучы Ян Збажына, а пакуль што – Іван Мікалаевіч Савіцкі – студэнт-завочнік гістарычнага факультэта Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Ён выкладаў гісторыю і стварыў школьны выхаваўча-падлеткавы клуб «Усходкі», з якога, неўзабаве, узрасла Баранавіцкая харугва Аб’яднання беларускіх скаўтаў. Менавіта Янка стаў першым, сустрэтым мною ў Баранавічах, беларускамоўным не па вясковасці, а па духу і па інтэлекце. Мы хутка пасябравалі, і пайшло нашае жыццё паралельнымі шляхамі. 


Упершыню я ўбачыў у прыватнай бібліятэцы сябра гэтулькі кніг па мастацкай літаратуры, гісторыі, культуры, філасофіі! А сам я тады захапляўся рэрыхаўскім вучэннем “Жывая этыка” і духоўнай літаратурай. Пасеяныя ў нас зярняты набрынялі парасткамі. І вось, аднойчы ў 1991 годзе, дзеля жарту, за кубкам гарбаты ў Янкі, мы дамовіліся, што кожны напіша верш па-беларуску. І – атрымалася! Шчаслівыя імгненні жыцця – быць першымі слухачамі вершаў адзін аднога, друкавацца ў адных нумарах газет і часопісаў! Першым я пачуў і яго літаратурны псеўданім – Ян Збажына. 


Шукальнік і вынаходнік навізны і разнастайнасці ў літаратуры, ён удала прадоўжыў справу Максіма Багдановіча і Алеся Разанава, часам інтуітыўна і нечакана выходзячы да новых адкрыццяў спалучэння рытму, графічнай формы, схемаў рыфмоўкі і глыбіннасці сэнсу – як у вершах “Хмары”, “Сахіра”, “Ракако”, “Снег”.


Аднак, і поўны прыгодаў лёс Яна Збажыны ёсць непарыўным працягам яго літаратурнай творчасці. Мабыць, дзякуючы гэткім гульцам у жыццё і складаліся ў народзе быліны і аўцюкоўскія показкі. Да таго ж, ён валодаў дарам іх смешна распавесці і таму быў душою кампаніі.


Разам з выхаванцамі нашай Баранавіцкай харугвы, мы з Янам у 1992-94 гадах ездзілі ў скаўцкія лагеры, дзе на вольнай волі да нас падляталі радкі вершаў, а да мяне яшчэ й мелодыі. Які то быў час веснавога абуджэння народнага духу! 


У тыя гады Ян працаваў ужо настаўнікам гісторыі ў школе №20, быў жанаты на першай Людцы (Бурмістравай) і меў сыночка Усяслава. Памятаю, калі я заходзіў да яго па вечарах дадому, на ціхі завулак Паўночны, 12, ён казаў, што знаходзіцца ўжо на “аўтапілоце” пасля праведзеных шасці-сямі ўрокаў, бо на апошнім ужо язык заплятаўся. “Расслабляўся” чаркаю. Не са мною. Са знаёмымі і выпадкоўцамі. Настаўніцкага заробка не хапала, хоць маладая сям’я і жыла пры яго бацьках у родным доме. Не дзіўна, што сямейнае жыццё распалася, і Янка застаўся адзін. Ледзь трымаўся і за школу.


Тым часам яго “начытанасць” літаратурай і філасофіяй непазбежна вылілася ў знітаваныя агульнай ідэяй цыклы афарызмаў-развагаў “Гербарый” і “Начныя матылі”. Вось адна з тых яго аўтабіяграфічных замалёвак: “Самазабойства – заставацца асобе настаўнікам у казённай школе сярод народжаных люмпенамі». Альбо гэта: «Вучаніцы старэйшых класаў не надта ахвочыя да вывучэння гісторыі – кожны вечар у іх дастаткова ўласных гісторый». І сапраўды, мала хто з пісьменнікаў пасля заканчэння якога філ-, жур- ці гістфака здолеў адпрацаваць у школе больш за некалькі гадоў?


Ян Збажына казаў, што для творчасці яму патрэбна “хімізацыя мозгу”: гарбата, кава, тытунь, алкаголь, і – жанчыны: “Як сімвал гармоніі, ва ўласным гербарыі хочацца мець на адной сцябліне і бутон, і расквітнеўшую ружу”. Эратызм, змяшаны з пагардаю да жанчын, чырвонай ніткай віецца праз усё яго жыццё і творы. Але, за ўвесь яго нядоўгі педстаж, ні раманы са старшакласніцамі, ні лісты з выцвярэзніка не сталі прычынаю звальнення з працы, пакуль ён не “зпалітыкаваўся” ў Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі і не захацеў стаць дэпутатам...


Школа з нешчаслівым нумарам 13 стала яго апошняй прыступкай… перад выкладаннем сацыяльна-палітычных дысцыплін у ВНУ – Баранавіцкай філіі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Але й там яму нешта не спадабалася...
Спрабаваў сябе Ян і ў якасці журналіста гарадскога тэлеканала (аднойчы нават рабіў рэпартаж з майго дому пра “сябра-паэта”). Быў адным з заснавальнікаў гарадской філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў і карэспандэнтам газеты “Шаг”. Але, яго гэтак цягнула на літаратурныя фантазіі, што тыя артыкулы ды “інфармашкі” былі да смешнага далёкімі ад рэальных падзеяў. 


Вясною 1996 года я міжволі “сасватаў” Янку з другой Людкай (Сямашка), альбо, як ён яе ласкава назваў – Лю. Гэта чарговая прыгода пачалася падчас мае з Янам паездкі да дзяўчат на лецішча дзеля святкавання дня народзінаў аднае з іх. (Я тады каля сямі гадоў быў вольны). Апоўначы, пасля застолля, дзяўчына адпрэчыла Янку і той, бразнуўшы дзвярыма, пайшоў (пешкі!) за 15 кіламетраў у Баранавічы. Уначы ў прыгарадзе Баранавіч, пераходзячы праз чыгунку, Янка сустрэў дзядзьку з роварам у стане “пасля ўчорашняга”, дапамог яму дайсці да дому, дзе і пазнаёміўся з яго дачкою-дзесяцікласніцаю – Лю. У снежні 1997 года Ян і Лю пабраліся шлюбам і неўзабаве Лю падарыла яму дачушку Волечку. 


Ян Збажына заўжды “перабіваўся” выкананнем кантрольных і курсавых завочнікам. А вось “сур’ёзнай” працы з-за несур’ёзнасці так і не займеў, хаця пры яго розуме і дасціпнасці, гэтага грэх было не зрабіць. Казаў, што настаўнікам не бяруць, а іншай працы не ўяўляў. Хаця, выбар быў не малы. Яшчэ ў юнацтве ён скончыў ПТВ №61 на кранаўшчыка, а ў гады завочнага атрымання вышэйшай адукацыі працаваў і пажарнікам, і фатографам… Не стаў ён супермэнам і для маладзенькай Лю, усё часцей “заглядаў у чарку”, што, апускаючы падрабязнасці і злы збег абставінаў, і прывяло яго ў 2003 годзе да цяжкай хваробы падстраўнікавай залозы, аперацыі і разводу. 


Пра чары Збажыны на людзей найбольш сведчыць тое, што абедзьве яго жонкі размаўлялі з ім па-беларуску, вучні слухаліся, а маладыя літаратары, як Руслан Равяка, Анатоль Трафімчык і Алесь Гізун, кожны ў свой час, цягнуліся да яго асобы і творчасці, пераймаючы, не толькі лепшае... Свой бязладны лад жыцця ён нарок «збажынізм» і выдумаў жартоўны запавет: «Любі Збажыну і ўсё, што любіць Збажына – і рай табе будзе забяспечаны яшчэ пры жыцці!”


Але, вернемся да творчасці Яна Збажыны. Не спыняючыся на дасягнутым, ён паспрабаваў ствараць хоку, танка, версэты. Асэнсаванне лёсу асобы й народа адлюстравалася ў яго трох эсэ: пра Адама Міцкевіча, Янку Купалу, Уладзіміра Высоцкага, у рэфлексіях на Фрыдрыха Ніцшэ.


Творы Яна Збажыны падобныя на зіхоткія гронкі крышталяў кварца ў скальнай пародзе. Пры заўважнай «недапрацаванасці» яны не падлягаюць рэдагаванню. Бо, адбіваючы лінгвістычны баласт і браваду, патрушчыш і крышталі. Пакінем разабрацца ў гэтым навукоўцам. Нам важней першабытны дух паэзіі, непрадказальны палёт стралы думкі з гушчара падсвядомасці, важней настраёвасць і мелодыка ўдалых фрагментаў яго літаратурнага калейдаскопа.


Але, нездарма сказана, што веды памнажаюць сум. Няпростае выпрабаванне для любой псіхікі: Ніцшэ, Шпенглер, Шапенгаўэр, Фрэйд, Фром, Блавацкая, Розанаў, Лосеў, ды добры тузін падобнага чытва. А ўрэшце Ян прыйшоў да простай тупіковай высновы Эклізіяста: “Усё – марнасць марнасці”. Як у ягоным афарызме: “Цынізм – рэалізм без пачуццяў”. Прачытанае ён імкнуўся у мастацкай форме перавыказаць па-свойму. Яго філасофскае крэда, з дамешкам напускнога эгаізму і цынізму, увасобілася ў прыпавесцях “Меч гладыятара” і “Піраміда Хеопса”.


Ян Збажына быў “сам па сабе” і не ўступіў у створаную мною ў 1996 годзе грамадскую арганізацыю “Творчае згуртаванне “Святліца”. Але часта ўпрыгожваў яе сходы сваёй эпатажнай прысутнасцю. Надта дапамог ён мне і ў зборы вершаў для кнігі выбранай беларускай паэзіі “Агледзіны”, падказваючы імёны аўтараў і даючы чытаць кнігі са свае бібліятэкі. Я ўдзячны Яну, што напачатку нашага сяброўства, ён пазнаёміў мяне з баранавіцкімі паэтамі Аляксеем Белым, Валерыем Ігнаценкам, з мастаком Міколам Коласам, са слыннай гарадзенскай паэткай Данутай Бічэль і шэрагам іншых Асобаў.


У апошняе Янава дзесяцігоддзе адзіноты, хваробы й нястачы, памёр ягоны бацька і Ян застаўся з нямоглаю маці ў сваім немалым пустуючым доме. Жывучы пад дамоклавым мечам аліментаў, ён працаваў вартаўніком, грузчыкам, качагарам. Але, да яго гонару, ніколі не прадаў ніводнай кнігі...


Было ясна, што вершаў Ян больш ніколі не напіша. Адчувалася і тое, што ён ужо сказаў усё, што мог. Яго апошнім творам стала проза чорнага гумару “Пляванне ў столь”, дзе ў гратэскнай форме ім вымаляваныя вартыя смеху і жалю цьмяныя тыпажы нашага соцыюму. Нават і выдумляць не спатрэбілася: аднойчы сын-школьнік, завітаўшы да таты-пісьменніка, запытаў: “Папа, а когда ты умрёшь, мне достанется твой мобильник?..”


Колькі разоў я казаў Яну: “Ты патрэбен Беларусі!”. Сусед-пяцідзясятнік спрабаваў навярнуць яго да хрысціянства. Ды марна. На амаль шэкспіраўскае пытанне: “Жыць альбо піць?”, Збажына адказаў: “Піць!” 


Наведаўшы Яна ў баранавіцкай бальніцы ў снежаньскую нядзелю 2010 года, я апошні раз прачытаў яму свой новы верш, а ён, як і неаднойчы раней, “на выпадак чаго”, тлумачыў, як распарадзіцца яго бібліятэкай і рукапісамі. А 10 лютага 2011 года ў Брэсцкай абласной бальніцы знясіленага і змізарнелага пасля аперацыі Яна Збажыны не стала... 


Пры жыцці Яна Збажыны многія сябры ў душы звысок пасміхаліся з яго, а то й грэбавалі ім – філосафам-жартаўніком, гатовым папрасіць пазыку. Яго і пры жыцці і пасля шкадавалі і шкадуюць ілжывым чалавечым шкадаваннем, бо, насамрэч, людзі неўсвядомлена шкадуюць толькі сябе, уяўляючы сябе каханага на месцы шкадуемай ахвяры. Яна Збажыны няма, бо побач не было анікога народжанага звыш, чыя, нават большая за матчыну, божая любоў магла яго ўратаваць. 

P.S. Кніга Яна Збажыны “Пыл саркафагаў” ёсць на сайце www.tvory.byhost.org
У 2004 і 2008 гадах на відэа мною запісаны расповед Яна Збажыны пра сябе, а таксама яго творы ў аўтарскім чытанні.

 

Алесь Бакач, dziejaslou.by

[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------