“Снежнага чалавека” можна было пабачыць у Мінску

“Снежны чалавек” — простая і мілая гісторыя сяброўства двух братоў Уна і Макса са снежным чалавекам, аздоблена мастаком Бэнджамэнам Шо — адным з самых папулярных ілюстратараў дзіцячых кніг у Францыі. Эва Суса ў супрацы з Бэнджамэнам выдала 5 кніг.

13 кастрычніка ў мінскай дзіцячай бібліятэцы № 6 імя Васіля Віткі прайшла прэзентацыя кнігі шведскай пісьменніцы Эвы Суса “Снежны чалавек”. Гэтае выданне выйшла ў новай серыі “Каляровы ровар”, заснаванай ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і адрасаванай дзецям. У сустрэчы акрамя аўтаркі ўзяла ўдзел Алеся Башарымава, якая пераклала гэтую кнігу на беларускую мову.

Лялечны тэатр "Пацешка"

Эва Суса і Снежны чалавек

Эва Суса, аўтар некалькіх шырока вядомых у Швецыі серый кніг для дзяцей і падлеткаў, наведала Мінск ужо ў другі раз. Спадарыня Эва піша кнігі 18 гадоў, за гэты час было выдадзена 28 яе кніг.

Маленькія гледачы — чацверакласнікі адной з мінскіх гімназій — падрыхтаваліся да сустрэчы, прачыталі кнігу і прынялі ўдзел у конкурсе — кожны мог намаляваць снежнага чалавека такім, якім яго сабе ўяўляе. Малюнкі склалі выставу, з якой цікава было пазнаёміцца і дзецям, і іх бацькам, і канечне, самой пісьменніцы. А юныя мастакі атрымалі прызы ад бібліятэкі.

На сустрэчы можна было пабачыць снежнага чалавека на свае вочы — дзякуючы пастаноўцы лялечнага тэатра “Пацешка”, які працуе пры бібліятэцы. Лялькі для спектакляў супрацоўнікі робяць сваімі рукамі. Спадарыня Эва прызналася, што так душэўна яе нідзе не прымалі, хаця пісьменніца выступае па ўсім свеце, а дырэктар бібліятэкі Тамара Патук адзначыла, што пастаўлены эпізод з кнігі “Снежны чалавек” — гэта прэм’ера, падрыхтаваная адмыслова да гэтай прэзентацыі.

Цягам сустрэчы Эва Суса распавяла гісторыю напісання кнігі, а таксама адказала на пытанні чытачоў. “Ці любіце вы спяваць? Якую песню вы ведаеце?” — спытала Эва ў школьнікаў. Дзеці задумаліся, і першым іх адказам было: “Мы ведаем гімн”. Праўда, крыху разважыўшы, маленькія гледачы выканалі “Купалінку”. Прэзентацыя завяршылася аўтограф-сесіяй і здымкам на памяць.

Тэкст: ВТ

Фота: Алена Казлова

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"